Альбэрт Гаштольд
![]() Альбэрт Гаштольд | |
![]() Герб «Габданк» | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | Вільня, Вялікае Княства Літоўскае |
Памёр | сьнежань 1539 Вільня, Вялікае Княства Літоўскае |
Пахаваны | Касьцёл Сьвятых Станіслава й Уладыслава |
Род | Гаштольды |
Бацькі | Марцін Гаштольд Марына з Трабскіх |
Жонка | Соф’я зь Вярэйскіх |
Дзеці | Станіслаў |
Дзейнасьць | вайсковец |
Альбэрт Гаштольд[1] (? — сьнежань 1539) — дзяржаўны дзяяч Вялікага Княства Літоўскага. Намесьнік наваградзкі (1503—1506), падчашы вялікі літоўскі (1505—1509), ваявода наваградзкі (1508—1513), полацкі (1513—1519), троцкі (1519—1522) і віленскі (з 1522), канцлер вялікі літоўскі (з 1522)[2].
Альбэрт Гаштольд — найбагацейшы магнат свайго часу: паводле попісу 1528 году ставіў у войска Вялікага Княства 466 вершнікаў, г. зн. меў больш за 7 тыс. радзінаў падданых. У 1522 кароль і вялікі князь Жыгімонт Стары надаў яму прывілей прыпячатаць дакумэнты не зялёным, а чырвоным воскам, на што мелі права толькі асобы каралеўскага роду[3] У 1529 атрымаў графскі тытул ад Папы Рымскага Клімэнта VII, а ў 1530 — тытул графа на Мураваных Геранёнах ад імпэратара Карла V.
Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Прадстаўнік шляхецкага роду Гаштольдаў гербу «Габданк», сын Марціна, маршалка вялікага літоўскага, і Марыны з Трабскіх[3]. Страціў бацькоў у маленстве, апекаваўся мачахай Ганнай з Гальшанскіх і бабкай княгіняй Трабскай.
З 1501 пры двары вялікага князя Аляксандра. Каля 1492, відаць, навучаўся ў Кракаўскім унівэрсытэце.
Браў удзел у вайне Маскоўскай дзяржавы зь Вялікім Княствам Літоўскім (1507—1508). Не падтрымаў бунт М. Глінскага, але ў 1509—1510 быў зьняволены, напэўна, праз інтрыгі свайго супраціўніка М. Радзівіла.
У часе чарговай агрэсіі Маскоўскай дзяржавы (1512—1522) удзельнічаў у абароне Полацку (1514). Патрабаваў выселіць зь Вялікага Княства польскіх каталіцкіх манахаў за няведаньне мовы народу і амаральныя паводзіны[4].
Спрыяў абвяшчэньню ў 1529 Жыгімонта Аўгуста вялікім князем літоўскім, што было спробай адасобіць Вялікае Княства ад Кароны. Усталяваў добрыя адносіны з прускім герцагам Альбрэхтам, перапісваўся зь ім наконт Ф. Скарыны[2].
Удзельнічаў у падрыхтоўцы першага Статуту Вялікага Княства Літоўскага (1529), зь ягонай ініцыятывы ў Статут ўлучылі прававыя нормы, паводле якіх чужынцы, што не зьяўляліся ўраджэнцамі Вялікага Княства, ня мелі права займаць тут урады і набываць нерухомую маёмасьць[4].
Сабраў вялікую бібліятэку, дзе акрамя кірылычных славянскіх рукапісаў былі кнігі на лацінскай, польскай і чэскай мовах. Імаверна, быў ініцыятарам першай разгорнутай рэдакцыі беларуска-літоўскіх летапісаў, якая ўлучала паданьне пра паходжаньне літоўскай знаці ад рымскіх патрыцыяў, а таксама пра Пятра Гаштольда, які нібыта ў часы Альгерда спрыяў пашырэньню каталіцтва на Літве.
Уладаньні[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Напярэдадні 1495 атрымаў ад бабулі па маці княгіні Марыны, удавы князя Сямёна Гальшанскага-Трабскага і дачкі князя Дзьмітрыя «Сякіры» Друцкага-Зубравіцкага, вялізную спадчыну апошняга: Быхаў і Тайманаў на Дняпры, Дабосьню ў Бабруйскай воласьці, вялікія маёнткі на Кіеўшчыне, імаверна таксама Шклоў[4].
Шлюб з адзінай дачкой і спадкаемніцай князя Васіля Вярэйскага Соф’яй на пачатку XVI ст. прынёс яму замак Любеч, Валожын у Ашмянскім павеце, Койданаў, Радашкавічы і Ўсу ў Менскім павеце. Купіў, вымяняў і атрымаў у спадчыну шмат іншых маёнткаў. Трымаў Бельскае (з 1513), Мазырскае (з 1514), Барысаўскае (з 1525)[4] і Гарадзенскае (з 1533) староствы[2].
Крыніцы і заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- ^ Іншыя формы імя: Альбрэхт, Альбрыхт
- ^ а б в Валерый Пазднякоў. Гаштольд Альбрэхт Марцінавіч // ВКЛ. Энцыкл. Т. 1. — Менск, 2005. С. 517.
- ^ а б Аляксандр Ярашэвіч. Гаштольды // «Спадчына» № 6, 1992.
- ^ а б в г А. М. Нарбут. Гаштольды // ЭГБ. Т. 2. — Менск, 1994. С. 500.
Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — Менск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — 684 с.: іл. ISBN 985-11-0314-4.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2: Беліцк — Гімн / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Менск: БелЭн, 1994. — 537 с., [8] к.: іл. ISBN 5-85700-142-0.
Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Альбэрт Гаштольд — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
|
|
- Нарадзіліся ў Вільні
- Памерлі ў Вільні
- Пахаваныя ў катэдральным касьцёле Сьвятых Станіслава і Ўладзіслава (Вільня)
- Канцлеры вялікія літоўскія
- Ваяводы віленскія
- Ваяводы наваградзкія (ВКЛ)
- Гаштольды
- Падчашыі вялікія літоўскія
- Ваяводы полацкія
- Старосты барысаўскія
- Старосты гарадзенскія
- Старосты мазырскія
- Памерлі ў 1539 годзе