Крыштап Мікалай Дарагастайскі
К. М. Дарагастайскі. Гравюра І. Садэляра, 1605 год | |
Герб «Ляліва» | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | 2 сакавіка 1562 |
Памёр | 3 жніўня 1615 (53 гады) |
Род | Дарагастайскія |
Бацькі | Мікалай Дарагастайскі Ганна з Войнаў |
Жонка | Соф’я з Хадкевічаў Соф’я з Радзівілаў Аляксандра зь Верашчакаў |
Дзеці | ад Соф’і з Радзівілаў: Дарота, Уладзіслаў |
Дзейнасьць | паэт |
Крыштап Мікалай Дарагастайскі[1] (2 сакавіка 1562 — 3 жніўня 1615) — дзяржаўны дзяяч Вялікага Княства Літоўскага. Стольнік (1588—1590), крайчы (1590—1592), падчашы (1592—1597) і маршалак вялікі літоўскі (з 1597 году)[2].
Доктар мэдыцыны. За баявыя заслугі атрымаў тытул барона Сьвятой Рымскай імпэрыі. Валодаў Дарагастаямі на Валыні, Мураванай Ашмянкай у Віленскім ваяводзтве. Трымаў Ваўкавыскае, Шарашоўскае, Вялёнскае, Мсьцібаўскае, Навамлынскае, Дынемундзкае староствы, арандатар ялаўскі і курылаўскі.
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]З шляхецкага роду Дарагастайскіх гербу «Ляліва», сын Мікалая, ваяводы полацкага, і Ганны з Войнаў.
Выхоўваўся ў кальвінізьме. Атрымаў хатнюю адукацыю, потым навучаўся ў гімназіі Яна Штурма ў Страсбургу і Фрыбурга-Брызгоўскай акадэміі, дзе атрымаў ступень докатара мэдыцыны.
Падарожнічаў па Эўропе, найбольш упадабаў Італію, зрабіўся ганаровым грамадзянінам Вэнэцыі. У Нідэрляндах удзельнічаў у ваенных дзеяньнях. Пасябраваў зь некаторымі слыннымі прадстаўнікамі палітычнай эліты эўрапейскіх краінаў. Дапамагаў прынцу Г. Аранскаму асабістым удзелам у вайсковых справах.
Удзельнічаў у Інфлянцкай вайне (1558—1582) з Масковіяй. Па сьмерці караля і вялікага князя Стэфана Баторыя некаторы час уваходзіў у прамаскоўскую палітычную групоўку, 9 жніўня 1587 году ў мястэчку Акунёва пад Варшавай разам з сэнатарамі Вялікага Княства Літоўскага вёў перамовы з маскоўскімі амбасадарамі пра абраньне на сталец Рэчы Паспалітай маскоўскага цара Фёдара I Іванавіча і ўтварэньня уніі трох дзяржаваў: Вялікага Княства, Кароны і Масковіі. Падтрымліваў габсбурскую палітыку Жыгімонта Вазы, спрыяў ягонаму шлюбу з Ганнай Габсбург.
У вайне супраць Швэцыі (1600—1629) адыграў галоўную ролю ў перамогах пад Какенгаўзэнам (Кукенойс) і Дыямэнтам (1601). Кіраваў абаронай Рыгі (1601)[3].
На сойме 1605 году выступаў супраць падтрымкі Дзьмітрыя Самазванца I, аднак у 1609 годзе далучыўся да падрыхтоўкі маскоўскай выправы Жыгімонта Вазы. Перад генэральным штурмам Смаленску (1611) камандаваў часткай паўночнай аблогавай арміі, адзін зь першых уварваўся ў фартэцыю, быў паранены.
Бараніў інтарэсы шляхты Вялікага Княства Літоўскага, у тым ліку правы і свабоды пратэстантаў, патрабаваў выгнаньня езуітаў з каралеўскага двара. Як адзін з пратэктараў беларускай Рэфармацыі, К. М. Дарагастайскі шчодра фундаваў кальвінісцкія зборы на Віленшчыне і Валыні. У 1615 годзе ў маёнтку Мураваная Ашмянка фінансаваў выданьне «Цэнзуры…», палемічнага твору ў 6 частках мясцовага кальвінісцкага прапаведніка В. Салінарыюса, скіраванага супраць арыянаў.
Тройчы быў жанаты:
- Соф’я з Хадкевічаў (1588, памерла ў 1596)
- Соф’я з Радзівілаў (1597, памерла ў 1613), зь якой меў дачку Дароту і сына Уладзіслава
- Аляксандра зь Верашчакаў
У 1614 годзе памерла 3-я жонка К. М. Дарагастайскага, сам ён накіраваўся на лячэньне ў Вэрону (Італія) і ў часе гэтай выправы памёр па дарозе ўва Уроцлаў у заезным двары «Пад Залатым Дрэвам» 3 ліпеня 1615 году.
Паводле тэстамэнту, цела К. М. Дарагастайскага пахавалі ў Мураванай Ашмянцы ў радавым склепе, а сэрца — ува ўроцлаўскім храме. Дасьледнікі мяркуюць, што радавы склеп знаходзіўся ў крыпце кальвінскага збору, які стаяў на месцы драўлянага касьцёла Панны Марыі, збудаванага ў канцы XVIII — пачатку XIX стагодзьдзяў[4].
Творчасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]«Гіпіка, альбо Кніга пра коней»
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Найбольшую вядомасьць К. М. Дарагастайскаму прынесла «Гіпіка, альбо Кніга пра коней» (Кракаў, 1603) — першы ў Рэчы Паспалітай дапаможнік па конегадоўлі і коннай язьдзе (неаднаразова перавыдаваўся).
«Гіпіку» ілюстравалі гравюры Т. Макоўскага, яна складалася з 4 кніжак (частак): 1-я распавядала пра міталягізаваную гісторыю коннай язды, конскія масьці і прыкметы, пра расплоджваньне коней, 2-я прысьвячалася пачатковай падрыхтоўцы баявых, рыцарскіх коней, а таксама зьмяшчала апісаньне стайні і патрабаваньні да слугаў, у 3-й паказваліся ўзоры муштукоўі цугляў, 4-я — вэтэрынарны лячэбнік.
К. М. Дарагастайскі выкарыстаў працы антычных аўтараў і сваіх сучасьнікаў, а таксама багаты ўласны досьвед, упрыгожыў тэкст цытатамі з рымскіх паэтаў Вэргіліюса і Марцэля.
У перакладзе на беларускую мову «Гіпіка» выйшла ў 2007 годзе. Аўтар перакладу са старапольскай мовы — Сьвятлана Ішчанка, рэдактар гістарычна-краязнаўчага аддзелу газэты «Культура». Пераклады архіўных дакумэнтаў выконваліся супольна з галоўным палеографам аддзелу старажытных актаў Нацыянальнага гістарычнага архіву Беларусі Германам Брэгерам. У падрыхтоўцы кнігі да друку, складаньні камэнтароў удзельнічала вялікая творчая група: навукоўцы НАН Беларусі, супрацоўнікі Рэспубліканскага цэнтру алімпійскай падрыхтоўкі коннага спорту і конегадоўлі, гісторыкі, мовазнаўцы і пісьменьнікі[5].
Іншае
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Апрача «Гіпікі», К. М. Дарагастайскі напісаў яшчэ некалькі літаратурных твораў, якія ў большасьці засталіся ў рукапісах[6].
У Нацыянальнай бібліятэцы імя Асалінскіх ува Ўроцлаве захоўваюцца рукапісныя юнацкія ўкладаньні К. М. Дарагастайскага на лацінскай, польскай і старажытнагрэцкай мовах, ягоныя асобныя дакумэнты. Лісты К. М. Дарагастайскага таксама захоўваюцца ў Нацыянальнай бібліятэцы ў Варшаве, Галоўным архіве старажытных актаў, Бібліятэцы Польскай АН і інш.[7]
Крыніцы і заўвагі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Іншыя варыянты імя: Хрыстафор, Крыштоф, Крыштаф
- ^ Святлана Ішчанка. Дарагастайскі (Монвід-Дарагастайскі) Крыштоф Мікалай // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 711.
- ^ Андрэй Нарбут. Дарагастайскія // ЭГБ. — Мн.: 1996 Т. 3. С. 208.
- ^ Ірына Клімковіч. «Гіпіка», альбо Кніга для тых, хто рыцарскі дух мае і «любасць да коней прыроджаную, а не прымусовую» // «Маладосць» № 2 (651), люты 2008. С. 134.
- ^ Андрэй Каштанаў. У гонар Дарагастайскага і ягонай «Гіпікі» // «Культура» № 36 (802), 8—14 верасьня 2007.
- ^ Святлана Ішчанка. Жыццё і літаратурная творчасць Крыштафа Мікалая Дарагастайскага, вялікага маршалка літоўскага // Рэфармацыя і грамадства: XVІ стагоддзе / Матэрыялы Міжнароднай навуковай канферэнцыі. — Мн.: Беларускі кнігазбор, 2005. С. 45—54.
- ^ Святлана Ішчанка. Дарагастайскі (Монвід-Дарагастайскі) Крыштоф Мікалай // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 712.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — 684 с. — ISBN 985-11-0314-4
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1996. — Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя. — 527 с. — ISBN 985-11-0041-2
- Святлана Ішчанка. Жыццё і літаратурная творчасць Крыштафа Мікалая Дарагастайскага, вялікага маршалка літоўскага // Рэфармацыя і грамадства: XVІ стагоддзе / Матэрыялы Міжнароднай навуковай канферэнцыі. — Мн.: Беларускі кнігазбор, 2005. С. 45—54.
- Ірына Клімковіч. «Гіпіка», альбо Кніга для тых, хто рыцарскі дух мае і «любасць да коней прыроджаную, а не прымусовую» // «Маладосць» № 2 (651), люты 2008. С. 132—135.
- Сьвятлана Ішчанка. Аўтар «Гіпікі» Крыштап Мікалай Дарагастайскі // «Культура», 26 жніўня — 1 верасьня 2000.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Hippika o koniach (пол.). Polska Biblioteka Internetowa. Праверана 22 студзеня 2011 г.
- Нарадзіліся 2 сакавіка
- Нарадзіліся ў 1562 годзе
- Памерлі 3 жніўня
- Памерлі ў 1615 годзе
- Памерлі ва Ўроцлаве
- Маршалкі вялікія літоўскія
- Маршалкі надворныя літоўскія
- Дарагастайскія
- Удзельнікі Інфлянцкай вайны (бок Вялікага Княства Літоўскага і Каралеўства Польскага)
- Удзельнікі вайны Рэчы Паспалітай са Швэцыяй 1600—1611 гадоў (бок Рэчы Паспалітай)
- Крайчыя вялікія літоўскія
- Падчашыі вялікія літоўскія
- Стольнікі вялікія літоўскія
- Старосты ваўкавыскія
- Старосты шарашоўскія