Жыгімонт Караль Радзівіл
![]() Жыгімонт Караль Радзівіл | |
![]() Герб «Трубы» | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | 4 сьнежня 1591 Нясьвіж |
Памёр | 5 лістапада 1642 Асызі |
Род | Радзівілы |
Бацькі | Мікалай Радзівіл «Сіротка» Альжбета Яўхімія зь Вішнявецкіх |
Дзейнасьць | палітык |
Жыгімо́нт Ка́раль Радзіві́л (4 сьнежня 1591, Нясьвіж — 5 лістапада 1642, Асызі) — дзяржаўны і вайсковы дзяяч Вялікага Княства Літоўскага, мэцэнат. Крайчы (1633—1638) і падчашы вялікі літоўскі (1638—1642), ваявода наваградзкі (1642).
Валодаў Дзераўной, Хотавам, Крашынам, Калдычэвам і Бярозаўцам у Наваградзкім ваяводзтве, Шыдлоўцам у Польшчы. IV ардынат на Нясьвіжы (з 1636).
Імя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Асноўны артыкул: Жыгімонт
Жыгімонт — літоўская (беларуская) форма старажытнага пашыранага германскага (гоцкага) імя Sigimunt, якое трапіла ў хрысьціянскі іменаслоў[1].
Фармант -монт- празь імёны Альгімонт, Монтгерд і Гердзімонт зьвязвае Жыгімонта зь імём Альгерд, якое таксама мае поўныя германскія адпаведнікі (герцаг Альгерд з Гогенштайну[2]), той жа фармант празь імя Скаламонт зьвязвае Жыгімонта з германскім (гоцкім) імём Гудэскалк (Готшалк)[3]. Увогуле, гэты фармант даволі часта сустракаецца ў імёнах літоўскіх князёў і баяраў: Валімонт, Відзімонт, Гаўдымунда, Даўмонт, Мінімонт, Нарымонт, Скірмант, Судзімонт, Эйсмонт, Ямонт, Монтвід, Монтвіл, Монтгайла, Монтрым, Монтаўт ды іншыя[4].
Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Зь нясьвіскай лініі роду Радзівілаў гербу «Трубы», сын Мікалая «Сіроткі», ваяводы віленскага, і Альжбеты Яўхіміі зь Вішнявецкіх. Меў братоў Альбрэхта Ўладзіслава, Аляксандра Людвіка, Крыштапа Мікалая, Мікалая і Яна Юрыя.
Навучаўся ў Нясьвіскім езуіцкім калегіюме, унівэрсытэце Балёньні. У 1612 року ўступіў у рыцарскі Мальтыйскі ордэн і ваяваў з туркамі ў Міжземнамор’і. У 1614 року ўзначаліў заснаваную для яго бацькам Сталовіцкую камандорыю ордэну ў складзе маёнткаў Сталовічаў і Пацейкаў у Наваградзкім ваяводзтве.
Браў удзел у бітве з туркамі пад Хоцінам 1621 року. У час Трыццацігадовай вайны 1618—1648 рокаў з 1622 року ў арміі Габсбургаў ваяваў супраць пратэстанцкіх нямецкіх князёў, з 1623 року камандуючы лісоўчыкаў у імпэрскім войску. У 1625 року ўзначаліў таксама Познанскую камандорыю Мальтыйскага ордэну.
На вайну Рэчы Паспалітай з Швэцыяй 1600—1629 рокаў у 1628 року выставіў уласны полк. Браў удзел у баёх пад Смаленскам у час вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай 1632—1634 рокаў.
У 1614 року атрымаў урад падкаморага сталовіцкага, у 1617 року — крайчага кароннага, у 1633 року — крайчага вялікага літоўскага, у 1638 року — падчашага вялікага літоўскага, у 1642 року — ваяводы наваградзкага. Абіраўся паслом на соймы 1625, 1626, 1632, 1633, 1635, 1637 і 1639 рокаў.
Збудаваў у Сталовічах касьцёл Яна Хрысьціцеля з мураваным «ларэтанскім домікам» Панны Марыі, у іншых сваіх уладаньнях — 4 уніяцкія царквы, касьцёл у Дзераўной, шпіталі ў Сталовічах і Крошыне. У канцы жыцьця падтрымліваў каралеўскі плян арганізацыі ў Рэчы Паспалітай асобнага прыярату Мальтыйскага ордэну, які меўся ўзначаліць.
Памёр 5 лістапада 1642 року ў Асызі (Італія).
Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Іканаграфія Жыгімонта Караля Радзівіла
-
Gortzius Geldorp, 1619 р.
-
Невядомы мастак, 1646—1653 рр.
-
З альбома «Выявы роду Радзівілаў». Г. Ляйбовіч, 1758 р.
-
М. Старкман, 1857 р.
Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- ^ Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі / Рэц. С. Тарасаў. — Менск, 2019. С. 14.
- ^ Урбан П. Старажытныя ліцьвіны: мова, паходжаньне, этнічная прыналежнасьць. — Менск: 2001. С. 47.
- ^ Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі / Рэц. С. Тарасаў. — Менск, 2019. С. 18.
- ^ Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі / Рэц. С. Тарасаў. — Менск, 2019. С. 16—26.
Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0
- Шышыгіна-Патоцкая К. Нясвіж і Радзівілы. — Мн.: Беларусь, 2007.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2001. — Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая. — 591 с. — ISBN 985-11-0214-8
Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
|
- Нарадзіліся 4 сьнежня
- Нарадзіліся ў 1591 годзе
- Памерлі 5 лістапада
- Памерлі ў 1642 годзе
- Ваяводы наваградзкія (ВКЛ)
- Ардынаты на Нясьвіжы
- Радзівілы
- Нарадзіліся ў Нясьвіжы
- Памерлі ў Італіі
- Крайчыя вялікія каронныя
- Крайчыя вялікія літоўскія
- Падчашыі вялікія літоўскія
- Сьвецкія сэнатары Рэчы Паспалітай
- Князі Сьвятой Рымскай імпэрыі (Рэч Паспалітая)
- Мальтыйскія рыцары