Ян Гаштольд
![]() Герб «Габданк» | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | 1383 |
Памёр | 1458 |
Род | Гаштольды |
Бацькі | Андрэй Гаштольд NN Бучацкая[d] |
Жонка | Дарота з Завішаў Альжбета з Друцкіх-Трабскіх |
Дзеці | Войцех, Марцін, Юры, Марыя, Аляксандра, Марына |
Ян Гаштольд (Івашка; да 1383, Геранёны — 1458, Вільня) — дзяржаўны дзяяч Вялікага Княства Літоўскага. Намесьнік смаленскі (1436—1440), ваявода троцкі (1440—1443) і віленскі (з 1443).
Апрача Геранёнаў у Ашмянскім павеце, валодаў атрыманымі ад вялікіх князёў Меднікамі і Дзевянішкамі ў Віленскім павеце, Тракелямі ў Лідзкім павеце, Тыкоцінам на Падляшшы, Дарагабужам у Смаленскай зямлі, Палоннай на Валыні. Трымаў Дарсунішкаўскае староства (1422).
Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Прадстаўнік шляхецкага роду Гаштольдаў, сын Андрэя, старосты крэўскага. Пры складаньні Гарадзельскай уніі (1413) прыняў герб «Габданк».
Удзельнічаў у складаньні Мельскага міру (1422), у пасольстве да крыжакоў (1430), а таксама ў падпісаньні Хрыстмэмэльскай дамовы (1431) з Інфлянцкім ордэнам. Быў маршалкам надворным Вітаўта і Сьвідрыгайлы ў 1426—1435.
Падтрымаў Сьвідрыгайлу ў ягонай барацьбе супраць Ягайлы, а ў 1432 — Жыгімонта Кейстутавіча ў барацьбе супраць Сьвідрыгайлы. У 1433 атрымаў ад апошняга прывілей на 26 вёсак і мястэчка Тыкоцін.
У 1440 узначаліў групоўку магнатаў, якая дамагалася абраньня вялікім князем сына Ягайлы Казімера, зрабіўся ягоным выхавальнікам і фактычна кіраваў дзяржавай. У 1444 дамогся вяртаньня да ВКЛ Падляшша. Быў актыўным прыхільнік незалежнасьці Літвы і далучэньня да яе Валыні і Падольля.
Па абраньні Казімера каралём польскім (1446) перайшоў у апазыцыю да яго. Рыхтаваў пляны да дзяржаўнага перавароту[1].
Першы раз ажаніўся з Даротай Завішанкай, другі — з Альжбетай Друцкай-Трабскай. Меў сыноў Войцеха, Марціна і Юрыя, а таксама дачок Марыю, Аляксандру і Марыну.
Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- ^ Пазднякоў В. Гаштольды // ВКЛ. Энцыкл. — Менск: 2005 Т. 1. С. 518.
Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Менск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — 684 с. — ISBN 985-11-0314-4