Мікалай Радзівіл «Руды»

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Мікалай Радзівіл
Партрэт Мікалая Радзівіла «Рудога», XVII ст.
Партрэт Мікалая Радзівіла «Рудога», XVII ст.
POL COA Radziwiłł Książę Ia.svg
Герб «Трубы»
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 1512
Нясьвіж
Памёр 27 красавіка 1584
Вільня
Пахаваны Дубінкі
Род Радзівілы
Бацькі Юры Радзівіл
Барбара з Колаў
Жонка Кацярына з Івінскіх
Дзеці Мікалай, Крыштап
Дзейнасьць дыплямат і палітык

Мікалай Радзівіл (мянушка «Руды»; 1512, Нясьвіж — 27 красавіка 1584, Вільня) — дзяржаўны і вайсковы дзяяч Вялікага Княства Літоўскага. Падчашы вялікі літоўскі (1544—1551), лоўчы вялікі літоўскі (1546—1554), ваявода троцкі (1550—1566) і віленскі (1566—1579), гетман (1553—1566 і з 1577) і канцлер вялікі літоўскі (1566—1579).

Па сьмерці бацькі (1541) атрымаў вялікую спадчыну, у тым ліку Біржы, Жупраны, Дубінкі і дзясяткі іншых маёнткаў. За заслугі перад радзімай быў узнагароджаны местамі Барысавам, Лідай, Мазыром, Ашмянамі, Койданавам і іншымі тэрыторыямі. Князь Сьвятой Рымскай Імпэрыі на Біржах і Дубінках (1574).

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Зь біржанска-дубінкаўскай лініі роду Радзівілаў, сын Юрыя «Геркулеса», гетмана вялікага літоўскага, і Барбары з Колаў. Меў сястру Барбару і стрыечнага брата Мікалая «Чорнага».

Атрымаў хатнюю адукацыю, ведаў беларускую[1], польскую і лацінскую мовы.

М. Радзівіл. Фрагмэнт карціны Яна Матэйкі «Люблінская унія», 1869

Браў удзел у вайне з Маскоўскай дзяржавай (1534—1537), у тым ліку ў аблозе Старадуба (1535).

Значна павялічыў свой уплыў у дзяржаве ў выніку шлюбу сястры Барбары зь вялікім князем Жыгімонтам Аўгустам (1547). У 1549 атрымаў правы вялікакняскага намесьніка з рэзыдэнцыяй у Вільні. Дзейнічаў разам з стрыечным братам Мікалаем «Чорным».

З 1561 удзельнічаў у Інфлянцкай вайне. Камандаваў войскам Вялікага Княства ў пераможнай бітве на рацэ Уле (1564).

Быў супраціўнікам Люблінскай уніі і прыхільнікам захаваньня самастойнасьці Вялікага Княства Літоўскага ў складзе саюзнай дзяржавы Рэчы Паспалітай. Даводзіў каралю: «Якая ж гэта будзе унія Літвы з Польшчай, калі ад Літвы адарвалі шмат рэгіёнаў дэкрэтамі. Пасьля гэтага можна сказаць, што Літвы больш не існуе, а разам з гэтым і нейкай уніі». Ад’язджаючы з Кракава пасьля таго, як скончыліся перамовы, з болем і горыччу сказаў: «Нават вораг падчас перамір’я не парушае ўласнасьці, а нас, жывучых у вечным міры і братэрстве з вамі, вы, палякі, пазбавілі гэтага права. Справядлівасьці на зямлі мала! Але Бог такой няпраўды з намі не прапусціць: рана альбо позна, але расплата будзе!»[2]. У далейшым на Люблінскі сойм не паехаў і не падпісаў акту ўніі[1].

У часе кампаніі Стэфана Баторыя падтрымаў новага гаспадара. Узяў Вэндэн і Вялікія Лукі, удзельнічаў у аблозе Пскова.

Адным зь першых сярод уплывовых магнатаў прыняў кальвінізм, істотна паўплываў на распаўсюджваньне і прапаганду рэфармацыйных ідэяў. Заснаваў найвышэйшую школу для кальвінісцкай моладзі. Шмат вядомых палітычных і рэлігійных дзеячоў прысьвяцілі яму свае творы. Нават пісьменьнікі-каталікі славілі яго за перамогу пад Вулай.

У шлюбе з Кацярынай Івінскай меў сыноў Мікалая і Крыштапа.

Памёр у Вільні ў 1584 годзе. Пазьней князя пахавалі ў Дубінках у кальвінскім зборы.

Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б Грыцкевіч А. Радзівіл Мікалай // ВКЛ. Энцыкл. Т. 2. — Менск, 2005. С. 493.
  2. ^ Шышыгіна-Патоцкая К. Нясвіж і Радзівілы. Мн.: «Беларусь», 2007. [1]

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg Мікалай Радзівіл «Руды»сховішча мультымэдыйных матэрыялаў