Перайсьці да зьместу

Леапольд Родзевіч

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Леапольд Радзевіч»)
Леапольд Родзевіч
лац. Leapold Rodzievič
Асабістыя зьвесткі
Псэўданімы Анатоль; Антон; Антось; Васіль; Грымот; М.Грымот; Мікула Грымот; Лявон Жыцень; Антось Замежны; Саўка Змагар; Ігнат; Васіль Касагар; Абарыген Крайскі; Крыкун; Лявон; Лукаш Нехлямяжы; Антось Сталевіч; Сучасны; Юргілевіч
Нарадзіўся 10 (22) чэрвеня 1893
Памёр 1938[1]
Бацькі Алойз Ян Родзевіч
Алена Яноўшчанка
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці драматург, празаік, публіцыст, паэт, дзяяч рэвалюцыйнага руху Заходняй Беларусі
Мова беларуская мова[2]
Творы на сайце Knihi.com
Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Родзевіч.

Леапольд Аляізіевіч[3] Родзевіч (10 (22) чэрвеня 1893[3], фальварак Кур’янаўшчына, Вялейскі павет, Віленская губэрня (цяпер — Лагойскі раён, Менская вобласьць) — 1938) — драматург, празаік, публіцыст, паэт, дзяяч рэвалюцыйнага руху Заходняй Беларусі.

Нарадзіўся 12 чэрвеня 1895 году ў фальварку Кур’янаўшчына Вялейска павету Віленскай губэрні (цяпер — Лагойскі раён Менскай вобласьці. Паходзіў з дробнашляхецкай сям’і. Меў брата Чэслава і сясьцёр Ядзьвігу, Яніну і Марыю. Скончыў пачатковую школу ў мястэчку Крайск[4]. У 1909 скончыў Вілейскае гарадзкое вучылішча. У 1914 годзе пераехаў у Вільню, жыў у сястры. Каля трох месяцаў працаваў на цукеркавай фабрыцы «Вікторыя», затым — тэхнічным чарцёжнікам пры зямельнай Сялянскага банка[5]. Экстэрнам здаў іспыты на хіміка-тэхніка.

У гэты час далучыўся да беларускага грамадзка-асьветніцкага руху. Як адзначае Паўліна Мядзёлка, Л. Родзевіча ў кампаніі Максіма Гарэцкага і Зьмітрака Бядулі можна было часта бачыць у цукерні «Зялёны Штраль», якая была адным зь месцаў сустрэч і гутарак беларускай інтэлігенцыі[6]. Удзельнічаў у Беларускім музычна-драматычным гуртку, разам з Чэславам і Ядзьвігай у складзе трупы Ігната Буйніцкага выступаў у тэатральных пастаноўках.

Леапольд Родзевіч

Не прымаў ўдзелу ў Першай сусьветнай вайне з прычыны хваробы: быў праапэраваны на стрававод. У 1915 пакінуў акупаваны горад і выехаў у Георгіеўск на Паўночны Каўказ, дзе жыла сястра Яніна. Пэўны час працаваў у кандытарскім каапэратыве. Пасьля Лютаўскай рэвалюцыі мабілізаваны ў расейскае войска, адкуль неўзабаве ўцёк і накіраваўся ў акупаваны немцамі Менск. Пасьля ўцёкаў з арміі працаваў пісарам у Беларускай вайсковай камісіі і службоўцам у беларускім міністэрстве сельскай гаспадаркі[5]. Пасьля ўсталяваньня савецкай улады ў Менску вяртаецца ў родныя мясьціны і некаторы час настаўнічае ў мясцовай сямігодцы. У часе нашэсьця польскіх войск знаходзіўся там жа, але празь некалькі тыдняў перабіраецца ў Вільню. У 1921 рэдагаваў матэрыялы ў газэце «Беларускія ведамасьці», потым супрацоўнічаў зь «Беларуским звонам». З 1921 разам з М. Красінскім заснаваў Беларускую драматычную майстроўню, якой кіраваў і для якой пісаў да 1923.

Л. Родзевіч на старых фатаздымках

Рэдактар газэтаў «Наша будучыня» (1922—1923), «Беларускі звон» (з 1922). Сваёй дзейнасьцю актыўна спрыяў перамозе дэпутатаў ад Заходняй Беларусі ў выбарах у польскім сойм (1922). Выдаваў творы беларускіх пісьменьнікаў: дзякуючы яго клопатам у 1923 выйшлі «Строма» Ўладзімера Дубоўкі, «Уяўленьне» і «На Ростані» Ўладзімера Жылкі[7]. У 1922 увайшоў у Беларускую рэвалюцыйную арганізацыю (БРА), быў чальцом яе ЦК, супрацоўнічаў у яе газэце «Вольны сьцяг» (1923). У пачатку 1922 за газэтны матэрыял адседзеў некалькі тыдняў на Лукішках[8]. Быў адным з ініцыятараў уступленьня БРА ў КПЗБ (1923). Сябра Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі (КПЗБ) з 1923 году. Сёлета ж адпраўляецца на вучобу ў Камуністычны ўнівэрсытэт нацыянальных меншасьцяў Захаду ў Маскве. Друкуецца ў альманахах і зборніках. Сустракаецца зь беларускімі літаратарамі, асабліва з Уладзімерам Дубоўкам.

Улетку 1924 году вяртаецца ў Менск, адкуль яго накіроўваюць на падпольную работу ў Заходнюю Беларусь. Неўзабаве абіраецца сакратаром Гарадзенскага падпольнага акруговага камітэту Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі. Пасьля накіроўваецца на працу ў Цэнтральную рэдакцыю КПЗБ у Вільні. У 1925—1934 гадох — рэдактар газэты «Чырвоны сьцяг» і часопісу «Бальшавік», прадстаўнік ЦК КПЗБ пры Камінтэрне, член камісіі па вывучэньні Заходняй Беларусі пры АН БССР, ад якой быў адхілены ў пачатку 1933. 18 ліпеня 1933 арыштаваны і высланы за межы Беларусі. Знаходзіўся ў Саратаве, жыў у сям’і старэйшага брата. На жыцьцё зарабляў працай у лясьніцтве. У 1938 годзе арыштаваны паўторна.

Дакладная дата гібелі невядомая, верагодна ў 1938 годзе. Пасьмяротна рэабілітаваны ў 1956 годзе.

Друкавацца пачаў у 1912 годзе на старонках «Нашай Нівы» (карэспандэнцыя «М. Крайск Вілейскага пав.») і часопіса «Крапіва» (гумарыстычны верш «Гарадавы і яго сын»). У 1914 годзе апублікаваў драматычны абразок «Марцовы сьнег», у якім выразна адчуваецца ўплыў імпрэсіянізму. У 1922 выдаў у Вільні паэтычны зборнік «Беларусь», за які У. Жылка аднёс аўтара да ліку «выдатных песьняроў і ідэолягаў».

В. Анішчук падзяляе творчасьць Л. Родзевіча на тры пэрыяды: «Нашай Нівы» (1910—1915), віленскі (1926—1933) і савецкі (1926—1933), прычым творчасьць савецкага пэрыяду адносіць да параўнальна горшай у мастацкіх адносінах ад усёй папярэдняй[9].

На думку М. Варвашэвіча, у вершах, апавяданьнях, драматычны абразках, фантазіях-імпрэсіях, напісаных у рамантыка-мадэрнісцкай манеры, агульны элегічна-мэлянхалічны настрой Л. Родзевіча спалучаецца з дынамікай футурызму.

Пераехаўшы ў СССР, апублікаваў дэклярацыю «Слова аб літаратуры», дзе эстэтычны прынцып у мастацтве падмяніў вузкаклясавым, абвінаваціў у кансэрватызьме мысьленьня Я. Коласа як аўтара «Новай зямлі».

Аўтар п’ес: «Блуднікі» (1912, апублікавана ў 1960), «Пакрыўджаныя» (1916, апублікавна ў 1921), «Зьбянтэжаны Саўка», «Пасланец», «Багаты і бедны», «Досьвіткі», «Кавалі», «Конскі партрэт»; зборнікаў вершаў: «Беларусь» (1922), «На паняволеных гонях» (1928), зборнікаў апавяданьняў: «Рэвалюцыйным шляхам» (1928), «Вогнішча барацьбы» (1930). За аднаактоўку «П. С.Х» атрымаў прэмію Беларускага грамадзянскага сходу ў Вільні[7].

Як адзначае Я. Саламевіч, некаторыя вершы Л. Родзевіча сталі народнымі, прынамсі, друкаваліся як ананімныя: «Вайна вайне», «Песьня паўстанца», «Я салдат малады», «Гне галіны вецер» і песьня палітзьняволеных «У дэфінзыве»[10]. Лепшыя п’есы Л. Родзевіча ставіліся прафэсійнымі і аматарскімі калектывамі ў Вільні, Краслаўцы (Латвія), мяст. Рудаміна на Віленшчыне і інш. У 1922 БДТ-1 паказаў спэктакль па яго п’есе «Пасланец».

  1. ^ Leopold Rodziewicz // MAK (пол.)
  2. ^ Нацыянальная служба Чэскай рэспублікі
  3. ^ а б Трус, М. Архіўныя знаходкі літаратуразнаўцаў: 130-годдзе з нараджэння Леапольда Родзевіча  (бел.) // Зьвязда. — 25.06.2023 11:41.
  4. ^ Родзевіч, Л. І. Творы: Драматургія, проза, паэзія, публіцыстыка, лісты / Леапольд Родзевіч; уклад., прадм., камент. В. Яцухны. — Мінск: Маст. літ., 2008. — С. 5. — 343 с.
  5. ^ а б Яновіч, С. Тайніцы лёсу Родзевіча // Ніва. — Беласток: 1985. — № 25. — С. 3—5.
  6. ^ Мядзёлка, П. Сцежкамі жыцця. — Мінск: 1974. — С. 74.
  7. ^ а б Родзевіч, Л. І. Творы: Драматургія, проза, паэзія, публіцыстыка, лісты / Леапольд Родзевіч; уклад., прадм., камент. В. Яцухны. — Мінск: Маст. літ., 2008. — С. 9. — 343 с.
  8. ^ Родзевіч, Л. І. Творы: Драматургія, проза, паэзія, публіцыстыка, лісты / Леапольд Родзевіч; уклад., прадм., камент. В. Яцухны. — Мінск: Маст. літ., 2008. — С. 8. — 343 с.
  9. ^ Анішчук, В. Леапольд родзевіч: Да 85-й гадавіны з дня нараджэння // Ніва. — 1980. — № 17. — С. 4—5.
  10. ^ Саламевіч Я. У суровыя гады змагання: Да 90-годдзя з дня нараджэння драматурга Л. І. Родзевіча // Звязда. — 1985. — № 134. — С. 3.
  • Ларчанка, У. М.. Родзевіч Леапольд // Беларускія пісьменнікі: Біябібліягр. слоўн. У 6 т. Т. 5. Пестрак — Сяўрук / Б 43 Ін-т літ. імя Я. Купалы АН Беларусі; Беларус. Энцыкл.; Нацыянальны навукова-асветны цэнтр імя Ф. Скарыны. Пад рэд. А. В. Мальдзіса; Рэдкал.: І. Э. Багдановіч і інш. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 153—156. — 480 с ISBN 5-85700-168-4
  • Родзевіч Леапольд Іванавіч // Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 2. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]