Васіль Жуковіч
- Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Жуковіч.
Васіль Жуковіч | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Імя пры нараджэньні | Васіль Аляксеевіч Жуковіч |
Нарадзіўся | 21 верасьня 1939 (85 гадоў) хутар Забалацьце каля в. Дзьмітравічы, Берасьцейскі павет, Палескае ваяводзтва, Польская Рэспубліка (пад кантролем Нямеччыны) |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | паэт, празаік, перакладнік, журналіст |
Гады творчасьці | З 1956 г. |
Жанр | Паэзія, проза |
Мова | Беларуская |
Значныя творы | Аповесьць «Як адна вясна», зборнікі вершаў «Паклон», «Мэлёдыя сьвятла», «У храме хараства і смутку», «Каханьня радасьці й пакуты», «Мой Міцкевіч» [1] |
Узнагароды | |
Творы на сайце Knihi.com |
Васі́ль Жуко́віч (нарадзіўся 21 верасьня 1939, хутар Забалацьце каля в. Дзьмітравічы Берасьцейскага павету, Палескае ваяводзтва) — беларускі паэт, празаік, эсэіст, перакладчык і журналіст.
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Васіль Аляксеевіч Жуковіч нарадзіўся 21 верасьня 1939 году на хутары Забалацьце непадалёку ад вёскі Дзьмітравічы (цяпер — Камянецкі раён Берасьцейскай вобласьці) ў сялянскай сям’і. Рана страціў родных. Бацька і брат былі рэпрэсаваныя, заўчасна памерла і маці.[2]
У 1957—1959 гадох прыехаў у Берасьце і працаваў рабочым на будоўлях гораду. У 1959 годзе паступіў на філялягічны факультэт Берасьцейскага дзяржаўнага пэдагагічнага інстытуту імя А. С. Пушкіна. З трэцяга курсу перавёўся на завочнае аддзяленьне. Скончыў навучаньне ў 1964 годзе.
У 1962—1971 гадох — літаратурны супрацоўнік, загадчык сельскагаспадарчага аддзелу рэдакцыі берасьцейскай раённай газеты «Заря над Бугом». З 1971 году — старшы рэдактар Берасьцейскага абласнога тэлебачаньня, з 1972 году — літаратурны супрацоўнік газэты «Знамя юности», з 1973 году — рэдактар выдавецтва «Мастацкая літаратура». У 1977 годзе скончыў Вышэйшую партыйную школу пры ЦК КПБ. З 1981 году па чэрвень 1982 году — намесьнік галоўнага рэдактара выдавецтва «Юнацтва».
Сябра Саюзу пісьменьнікаў СССР з 1977 году. Працаваў у «Рэспубліканскім цэнтры эстэтычнага выхаваньня дзяцей». З 2002 году — на творчай працы. Намесьнік старшыні таварыства «Беларусь — Украіна».
Васіль Жуковіч — шахматыст са шматгадовым стажам. Ён ня толькі гуляе ў шахматы, але і складае задачы і эцюды, не адзін верш прысьвяціў старажытнай гульні і яе аматарам. Не аднойчы быў чэмпіёнам Саюзу беларускіх пісьменьнікаў па шахматах.[3]
Творчасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Першыя літаратурныя творы ў пэрыядычным друку зьявіліся ў 1956 годзе.
Васіль Жуковіч — аўтар шматлікіх літаратурна-мастацкіх выданьняў, сярод якіх зборнікі вершаў:[4]
- «Паклон» (1974),
- «Мэлёдыя сьвятла» (1976),
- «Суседзтва» (1982),
- «Цана цішыні» (1985),
- «Твая місія» (1988),
- «Разьняволеньне» (1990),
- «У храме хараства і смутку» (2003),
- «Каханьня радасьці й пакуты» (2004),
- «Не завіце радзіму малой» (2009),
- «Няўжо?..» (2011),
- «Золата лістападу» (2012).
Выдаў зборнік сатыры і гумару «Цудадзейны вітамін» (2011). Напісаў кнігу прозы «Арабінавая ноч» (2015). На рахунку творцы таксама шэраг розных кніжак для дзяцей:
- аповесьць «Як адна вясна…» (1980),
- зборнікі вершаў «Гуканьне вясны» (1992),
- «Цудоўная краіна» (1997),
- «Сьвет — дзівосны» (2000),
- «Пра што гаманілі рамонкі» (2012),
- «Хто хацеў бы пакатацца?»(2014),
- кніга для дзяцей «Тараскаў самакат» (1988), шэраг кніжачак-раскладанак ды іншыя. Яго творы зьмешчаныя ў школьных падручніках.
Васіль Жуковіч шмат займаецца перакладамі з украінскай, расейскай, польскай, грузінскай ды іншых моваў. Пераклаў зборнік К. Цвіркі для дзяцей «Салавейка» (1974), паасобныя вершы І. Якштаса, П. Грабоўскага, І. Няходы, Махтумкулі, У. Мэя, апавяданьні А. Ананьева, С. Барузьдзіна. Выходзілі і кнігі выбраных перакладаў Васіля Жуковіча:
- «Алішэр Наваі, лірыка» (1992),
- «Мой Міцкевіч» (2004),
- «Энэргія запаветаў» — з паэзіі Тараса Шаўчэнкі, Івана Франка, Лэсі Ўкраінкі. З украінскай паэзіі перакладаў таксама творы Ўладзімера Сасюры.
На вершы Васіля Жуковіча пішуць песьні такія вядомыя айчынныя кампазытары, як Эдуард Зарыцкі, Леанід Захлеўны, Уладзімер Буднік.[5] васіль Жуковіч — аўтар лібрэта оперы-казкі «Пра тое, што было» (1991, муз. Э. Казачкова).
З ініцыятывы ксяндза Ўладзіслава Завальнюка на словы Васіля Жуковіча ў супрацоўніцтве з кампазытарам Алена Атрашкевіч паўстаў арыгінальны музычна-рэлігійны праект «Сакрамэнтальная паэма».[6] Алена Атрашкевіч напісала музыку для яго твору Васіля Жуковіча, дзе паэт пераклаў на мову паэзіі сутнасьць і значэньне сямі сьвятых Сакрамантаў Каталіцкай Царквы: Хросту, Алеепамазаньня, Эўхарыстыі, Пакаяньня, Намашчэньня хворых, Сьвятарства і Шлюбу. Гэты арыгінальны музычны праект быў прэзэнтаваны ў менскім касьцёле Сьвятога Роха ў 2003 годзе. Выканаў яго хор «Голас душы» пад кіраўніцтвам дырыжора Тацяны Гажэўскай.
Сярод зборнікаў песьняў Васіля Жуковіча найбольш прыкметныя — «Дарога ля жыта» (1997), музыка беларускіх кампазытараў, «Сьпяваем разам» (2008), «Дарогамі вайны і перамогі» (2010).
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Паэт Васіль Жуковіч: Калі Ўсявышні дазволіць, то я яшчэ многае скажу чытачам і нашай Бацькаўшчыне
- ^ Васіль Жуковіч — бліжэйшы госць «Дыяблогу»
- ^ Вадзім Жылко. У Васіля Жуковіча — юбілей / Информ-прогулка, 22 верасьня 2014
- ^ Асабістыя старонкі сяброў СБП. Жуковіч Васіль Аляксеевіч
- ^ Паэт Васіль Жуковіч: Калі Ўсявышні дазволіць, то я яшчэ многае скажу чытачам і нашай Бацькаўшчыне(недаступная спасылка)
- ^ Яўген Лецка. Прамоўленае «Голасам душы» / Часопіс «Ave Maria», №3(94) 2003
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Кантэкст — Васiль Жуковiч пра заходніцкі менталітэт, Ніну Мацяш і шахматы «Саюз беларускіх пісьменьнікаў» — Усевалад Сцебурака гутарыць з паэтам, перакладчыкам, шахматыстам Васілём Жуковічам. Праверана 11 лістапада 2020 г.
- Дыяблог P.S." (22.11) Госць — Васіль Жуковіч
- Паэт Васіль Жуковіч: Калі Ўсявышні дазволіць, то я яшчэ многае скажу чытачам і нашай Бацькаўшчыне(недаступная спасылка)
- Нарадзіліся 21 верасьня
- Нарадзіліся ў 1939 годзе
- Ляўрэаты літаратурнай прэміі імя Янкі Маўра
- Беларускія літаратары
- Выпускнікі Берасьцейскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту
- Беларускія перакладчыкі
- Беларускія дзіцячыя літаратары
- Беларускія паэты і паэткі
- Беларускія паэты-песеньнікі
- Беларускія эсэісты
- Сябры Саюзу пісьменьнікаў СССР
- Перакладчыкі з польскай мовы
- Перакладчыкі з украінскай мовы
- Перакладчыкі з расейскай мовы
- Перакладчыкі з грузінскай мовы