Перайсьці да зьместу

Юлі Таўбін

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Юлі Таўбін
лац. Juli Taŭbin
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 15 верасьня 1911
Астрагоск, Варонеская губэрня, Расея
Памёр 30 кастрычніка 1937
Менск, турма НКВД
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці паэт, перакладчык
Мовы беларуская, расейская
Дэбют 1926, «Маладняк Калініншчыны»
Творы на сайце Knihi.com

Юлі Таўбін (сапр. — Юдаль Абрамавіч Таўбін; 15 верасьня [ст. ст. 2] 1911, Астрагоск, Варонеская губэрня — 30 кастрычніка 1937, Менск, турма НКВД) — беларускі паэт, перакладчык.

Нарадзіўся ў Астрагоску ў сям’і аптэкара. У 1921 пераехаў з бацькамі ў Амсьціслаў, дзе да 1928 навучаўся ў мясцовай сямігодцы. У 1928—1931 навучаўся ў Амсьці­слаўскім пэдагагічным тэхнікуме. Адначасова стаў сябрам аршанскай філіі «Маладняка», друкаваўся ў часопісе філіі. Навучаўся разам з Аркадзем Куляшовым і Зьмітром Астапенкам (пазьней вядомыя як «тройца амсьціслаўцаў»). У 1931—1933 навучаўся ў Менскім пэдагагічным інстытуце. Стаў сябрам Беларускай асацыяцыі пралетарскіх пісьменьнікаў. Уваходзіў у нефармальнае літаратурнае аб’яднаньне ТАВІЗ[1].

Арыштаваны 25 лютага 1933. 10 жніўня 1933 асуджаны да двух гадоў высылкі на Ўрал (паводле зьвестак В. Куляшовай, «повадам для першага арышту Юлія Таўбіна стаў ліст з-за мяжы ад цёткі, якая нібыта пераехала з Польшчы ў Амэрыку»[2]). Жыў у Цюмені. 4 лістапада 1936 паўторна арыштаваны і этапаваны ў Менск. 3 чэрвеня 1937 году Галоўная ўправа ў справах літаратуры і выдавецтваў Беларускай ССР (Галоўліт БССР) выдала Загад № 33 «Сьпіс літаратуры, якая падлягае канфіскацыі зь бібліятэк грамадзкага карыстаньня, навучальных установаў і кнігагандлю». Паводле Загаду № 33, які «не падлягае абвяшчэньню», «усе кнігі» Юлія Таўбіна прадугледжвалася «спальваць»[3]. 29 кастрычніка 1937 году выязная сэсія ваеннай калегіі Вярхоўнага суда СССР прысудзіла Юлія Таўбіна да найвышэйшай меры пакараньня. У ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 у ліку 26 беларускіх літаратараў быў расстраляны ў двары турмы НКВД. Рэабілітаваны па першай справе 24 жніўня 1956, па другой — 29 ліпеня 1957.

Зьлева направа: Аркадзь Мардвілка, Зьмітрок Астапенка, Віктар Казлоўскі, Юлі Таўбін, Валеры Маракоў, Станіслаў Шушкевіч, 1928
Фота з высылкі. Зьлева направа: Аляксандар Кучынскі, Зьмітрок Паваротны, Юлі Таўбін

Юлі Таўбін — прадстаўнік урбаністычнай плыні ў беларускай паэзіі 1920—1930 гг[4]. Паэтычная праграма Ю. Таўбіна па засвойваньні клясычнай паэзіі Эўропы зьяўлялася актыўным насьледаваньнем традыцый Максіма Багдановіча і раньняга, ліцэйска-«арзамаскага»[5] Аляксандра Пушкіна[6][7]. На думку Р. Бярозкіна, гэта выяўлялася ў повязі паэта «з традыцыяй культуры, як тэмы, як аб’екта творчасьці» [8].

Друкавацца пачаў у 1926 (часопіс «Маладняк Калініншчыны», газэта «Чырвоная змена»). З таго часу ўваходзіў у Амсьціслаўскую літаратурную студыю, актыўна публікаваўся ў розных пэрыядычных выданьнях («Беларускі піянэр», «Чырвоны сейбіт», «Сьвітаньне»[7]). У асабліва плённы пэрыяд 1930—1932 гг. у паэта выходзяць пяць кніг. У першую зь іх — «Агні» (1930) — увайшлі вершы 1926—1929 гг. Крытыка ўспрыняла гэты зборнік неадназначна (адна з рэцэнзіяў мела назву «Агні, якія ня грэюць»). Астатнія зборнікі: «Каб жыць, спяваць і не старэць...» (1931), «Тры паэмы» (1931), «Мая другая кніга» (1932) выйшлі неўзабаве. Паэма «Таўрыда» (1932) друкавалася асобным выданьнем. Па сьмерці паэта выйшлі дзьве ягоныя анталёгіі: «Выбраныя вершы» (1957) і «Вершы» (1969). Няскончанай засталася вершаваная аповесьць «Доктар Батурын». Падрыхтаваная кніга «Лірыка. Эпас» не пасьпела выйсьці ў сьвет, яе рукапісы захоўваюцца ў архіве крытыка Л. Бэндэ.

Апынуўшыся ў цюменскай высылцы, пісаў на расейскай мове. У 1934—1935 стварыў дзьве паэмы: «Михайло» (рукапіс паэмы захаваў украінскі пісьменьнік Нічыпар Белаконь і ў 1960-я перадаў Станіславу Шушкевічу) і «Осада» (машынапіс захаваўся ў архіве Максіма Лужаніна). Таксама ў друк трапілі два яго расейскамоўныя вершы — «Друзьям» (Знамя, 1936, № 5) і «Тедди» (Огонёк, 1936, № 22)[4].

Мастацкім перакладам займаўся з 1928. Спачатку аддаваў перавагу творам на расейскай (У. Маякоўскі, А. Безыменскі, С. Анісімаў, А. Чэхаў), украінскай (Л. Скрыпнік, Г. Міхайлец, М. Чумандрын), польскай (А. Лемеш), ідыш (І. Харык)[4]. Зьвяртаўся да твораў Ёгана Вольфганга Гётэ. Падрыхтаваў зборнік беларускіх перакладаў з Генрыха Гайнэ, які ня здолеў апублікаваць праз арышт. Ю. Таўбіну належаць пераклады вершаў у тэксьце рамана ірляндзкага пісьменьніка Ш. О’Фаалейна «Гняздо простых людзей».

Пераклады Ю. Таўбіна з Г. Гайнэ друкаваліся ў анталёгіі «Галасы з-за небакраю» (Мн. 2008. С. 134—136) і зборніку «Шляхам гадоў» (Мн. 1990. С. 228—245).

Незадоўга да арышту паслаў у Ленінградзкае ад­дзяленьне выдавецтва «Художественная литература» падборку перакладаў на расейскую мову вершаў Альфрэда Гаўсмана, якія потым увайшлі ў зборнік «Антология новой английской поэзии» (выйшаў праз 20 дзён пасьля расстрэлу паэта)[2].

Юлі Таўбін

Н. Кабакоў у артыкуле «Агні, якія ня грэюць» (Маладняк, 1931, № 6-7) крытыкаваў першы зборнік Ю. Таўбіна за адсутнасьць згадак пра партыю і рабочую клясу, адсутнасьць вершаў, якія «адбівалі-б вялікую эпоху пабудовы соцыялізму» і асабліва за «есеніншчыну, багемшчыну, дробнабуржуазны індывідуалізм і замкнёнасьць»[9]. Таксама крытык ушчуваў паэта за выкарыстаньне ў якасьці эпіграфу кніжкі вытрымкі з «заядлага беларускага контрарэвалюцыянэра паэта Ул. Дубоўкі»[9]. У сваю чаргу, С. Ліхадзіеўскі ў артыкуле «Паэзія Юлія Таўбіна» (Полымя, 1931, № 9) адзначаў няправільнасьць устаноўкі папярэдняга крытыка датычна аналізу першага зборніка паэта: «Тав. Кабакоў перад Таўбіным высоўвае такія патрабаваньні, якія можна паставіць толькі ўжо яскрава выяўленаму пралетарскаму паэту. Рэцэнзэнт ня ўлічвае таго, што Таўбін пралетарскім паэтам ня быў і не зьяўляецца ім яшчэ і на сёньняшні дзень»[10]. С. Ліхадзіеўскі ў цэлым станоўча ацаніў паэтычныя зборнікі Ю. Таўбіна, адзначыўшы, у сваю чаргу, «парушэньне цьвёрдага камсамольскага статуту» ў вянку вершаў «Лірычнае хваляваньне» (1929), у якім «паэт адчыніў доступ хаотычнай стыхіі пачуцьцяў, ня змог імі саўладаць пры дапамозе клясава-абумоўленай рацыі»[11]. Больш жорстка да творчасьці Ю. Таўбіна паставіўся Ўл. Сядура ў артыкуле «Ня «стратай»… а росквітам» (Маладняк, 1932, № 4).

Паводле пралетарскага крытыка Алеся Кучара, творчасьць Ю. Таўбіна — гэта «актыўнае ігнараваньне нашай рэчаіснасьці, захапленьне буржуазнай гнілой і прадажніцкай культурай, замыканьне ў кола сваіх псыхалягічна-хворых успрыйманьняў, рамантычнае эстэцтва», што вынікае зь «нянавісьці... да дыктатуры пралетарыяту»[12].

Паводле літаратуразнаўцы М. І. Мішчанчука, лірыка Ю. Таўбіна характарызуецца «скандэнсаванасьцю, выверанасьцю, дысцыплінаванасьцю думкі і пачуцьця, высокай культурай вэрсыфікатарства»[13]. Дасьледнік адзначае, што ў Ю. Таўбіна сустракаецца вершы двух плянаў. У адных зь іх прысутнічае паэт з сваімі асабістымі перажываньнямі, пакутамі і радасьцямі, прысутнічае і ацэньвае кожны крок і ўчынак. У другіх апавяданьне разгортваецца больш шырока, на першы плян у іх выходзіць эпоха, выяўляе сваю сутнасьць народ[14].

Паводле В. Жыбуля, адметная рыса паэзіі Ю. Таўбіна — яе заглыбленасьць у кніжную стыхію, літаратурныя і фальклёрныя алюзіі ды згадкі пра паэтаў розных эпох і народаў: загалоўкі твораў («Якубу Коласу», «Жывому Маякоўскаму», «Сырано дэ Бэржэрак», «Пушкін», «За Шылерам», «Дужы вецер і маладзік з Гётэвае аповесьці»[4]).

Сябры студыі БелАПП. Другі зьлева стаіць Юлі Таўбін.

Юлі Таўбін застаўся ва ўспамінах сяброў і знаёмых як сардэчны чалавек з прыветлівым лагодным тварам і «чалавек надзвычай таленавіты» з «выдатнай здольнасьцю да хуткага асваеньня моваў», «цудоўны майстар беларускага верша»[15]. Сьцяпан Ліхадзіеўскі ўспамінаў: «Юлі Таўбін… Гэта быў юнак, ад прыроды ўзнагароджаны вялікім паэтычным талентам. Сьціплы, добры, таварыскі, чалавечны, ён выклікаў да сябе ўсе­агульную любоў і павагу». Сяргей Грахоўскі ў сваёй кнізе «Так і было» адзначыў, што «сярод пісьменьнікаў Таўбін быў адметны ад усіх: зрэнкі аксамітна-чорных вачэй, здавалася, бачаць навылёт, выразныя тоўстыя губы нечым нагадвалі Пушкіна, у свае дзевятнаццаць гадоў ён хадзіў трошкі сагнуты, нібы толькі ўстаў з-за стала. Можа, так і было…»[2]

Аляксей Зарыцкі ўспамінае, як «пухлагубы Юлі Таўбін, з выгляду заўсёды хмурнаваты, быццам трохі заспаны, быў увесь ва ўладзе паэтычнае стыхіі. Ён то пісаў свае вершы, то ў вольную хвіліну паціху напяваў на розных мовах чужыя, і так у старасьвецкім доме на менскай ускраіне гучалі строфы то Купалы і Багдановіча, то Пушкіна і Міцкевіча, то Бэранжэ і Вэрлена, то Байрана і Шэлі, то Шылера і Гайнэ...»[16]

  1. ^ Юрэвич, Л. Тавізаўцы. Пра лёсы ўдзельнікаў аднаго літаратурнага аб'яднаньня // Роднае слова. — 1997. — № 11. — С. 162.
  2. ^ а б в ТАЎБІН Юлій // Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 2. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.
  3. ^ Алесь Лукашук. Мова гарыць (Загад № 33) // Спадчына : часопіс. — 1996. — № 3. — С. 76—91. — ISSN 0236-1019.
  4. ^ а б в г Жыбуль, В. Юлі Таўбін — паэт вечаровага задумення // Роднае слова. — Мн: 2011. — № 9. — С. 12—15.
  5. ^ Бярозкін, Р. Пра Юлія Таўбіна // Кніга пра паэзію. Літаратурна-крытычныя артыкулы. — Мн.: Маст. літ., 1974. — С. 297-319. — 448 с.
  6. ^ Зарыцкі, А. Жылі-былі паэты // За словам-падарункам: Успамін, крытыч. артыкулы, нарысы. — Мн.: Маст. літ., 1985. — С. 10. — 247 с.
  7. ^ а б Александровіч, С. Юлі Таўбін // Таўбін, Ю. Выбраныя вершы. — Мн.: Дзяржаўнае выдавецтва СССР, 1967. — С. 98—99.
  8. ^ Бярозкін, Р. Голас маладосці // Таўбін, Ю.. — Мн.: Беларусь, 1969. — С. 7. — 152 с.
  9. ^ а б Кабакоў, Н. Агні, якія ня грэюць // Маладняк. — Мн.: 1931. — № 6—7. — С. 131—133.
  10. ^ Ліхадзіеўскі, С. Поэзія Юлія Таўбіна // Полымя. — Мн.: 1931. — № 9. — С. 145.
  11. ^ Ліхадзіеўскі, С. Поэзія Юлія Таўбіна // Полымя. — Мн.: 1931. — № 9. — С. 148.
  12. ^ Кучар, А. Вялікая перабудова: Кніга літаратурнае крытыкі. — Менск: Дзярж. выд-ва Беларусі, 1933. — С. 115. — 130 с.
  13. ^ Мішчанчук, М. І. Беларуская савецкая паэзія 20-х гадоў. — Мн.: Вышэйшая школа, 1988. — С. 112—113. — 191 с.
  14. ^ Мішчанчук, М. І. Беларуская савецкая паэзія 20-х гадоў. — Мн.: Вышэйшая школа, 1988. — С. 121. — 191 с.
  15. ^ Шушкевіч С. Слядамі паэта / С. Шушкевіч // Святло Кастрычніка (Мсціслаў). — 1967. — 28 кастр.
  16. ^ Зарыцкі, А. Жылі-былі паэты // За словам-падарункам: Успамін, крытыч. артыкулы, нарысы. — Мн.: Маст. літ., 1985. — С. 9. — 247 с.
  • Таўбін Юлі // Беларускія пісьменнікі (1917—1990): Даведнік; Склад. А. К. Гардзіцкі. Нав. рэд. А. Л. Верабей. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — 653 с.: іл. ISBN 5-340-00709-X.
  • ТАЎБІН Юлій // Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 2. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.
  • Таўбін Юлій // Беларускія пісьменнікі: Біябібліягр. слоўн. У 6 т. Т. 6. Талалай — Яфімаў / Дадатак Ін-т літ. імя Я. Купалы АН Беларусі; Беларус. Энцыкл.; Нацыянальны навукова-асветны цэнтр імя Ф. Скарыны. Пад рэд. А. В. Малдзіса; Рэдкал.: І. Э. Багдановіч і інш. — Мн.: БелЭн, 1995. — С.78—80. — 684 с.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]