Перайсьці да зьместу

Таварыства аматараў выпіць і закусіць

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Таварыства аматараў выпіць і закусіць — нефармальнае аб’яднаньне беларускіх літаратараў 1920—1930-х гг., у якое ў розны час уваходзілі Тодар Кляшторны, Міхась Багун (аўтар назвы), Уладзімер Хадыка, Васіль Каваль, Алесь Дудар, Валеры Маракоў, Эдуард Самуйлёнак, Сяргей Дарожны, Юлі Таўбін і інш.

Паводле пісьменьніка Юркі Віцьбіча, гэта была спроба аб’яднаць беларускую багему, стварыць пэўную апазыцыю «пісьменьніцкаму калгасу»:

Яна зьяўлялася пратэстам супраць існуючага «Пракрустава ложка». На паседжаньнях багемы без старшыні і сакратара за кухлем ці кілішкам чыталіся творы, якія пісалі для сябе, а не для друку. Тут кожны адчуваў сябе самім сабой…

Паседжаньні праходзілі звычайна ў Менску на кватэры ў М. Багуна альбо ў шашлычнай на вул. Камсамольскай ці ў маленькай піўніцы — уніз па вул. Савецкай. У рэдкіх выпадках літаратары сустракаліся ў сутарэньні Дома пісьменьніка, дзе пэўны час быў рэстаран.

Напады афіцыйнай крытыкі на «тавізаўцаў» былі шматлікімі і разнастайнымі аж да рэпрэсаваньня (высылкі, расстрэлу) іхніх сябраў у 1930-я гады.