Русіфікацыя

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Русыфікацыя»)
Перайсьці да: навігацыі, пошуку

Русіфікацыя, русыфікацыя (рас. русский + лац. -fico «раблю»), дакладней[1] маскалізацыя[2][3][4][5] або расеізацыя[6][7][8] — лучнасьць захадаў уладаў Расейскай імпэрыяй, а пазьней і СССР, скіраваных на насаджэньне[9] расейскай нацыянальна-палітычнай перавагі на землях, заселеных іншымі народамі, з мэтай наступнай іх асыміляцыі і дасягненьня перавагі расейскай мовы і расейскай культуры на дадзенай тэрыторыі.

Русіфікацыя Беларусі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Русіфікацыя Беларусі

Расейская імпэрыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Полацак у 1812, 1912 і 2006 гг. Дэградацыя архітэктурнага аблічча места ў выніку панаваньня Расейскай імпэрыі і СССР

28 траўня 1772 году адразу па першым падзеле Рэчы Паспалітай расейская імпэратрыца Кацярына II падпісала Наказ, згодна зь якім ўсе губэрнатары на чале губэрняў, утвораных на землях колішняга Вялікага Княства Літоўскага, абавязваліся складаць свае выракі, пастановы і загады толькі на расейскай мове. Жыхарам дазвалялася карыстацца сваёй мовай і сваімі законамі, толькі калі гэта не датычыла сфэры ўлады. 8 траўня 1773 году Кацярына II падпісала чарговы Наказ «Аб заснаваньні ў Беларускіх губэрнях губэрнскіх і правінцыйных земскіх судоў», дзе было яшчэ раз пазначана пра абавязковае выкарыстаньне ў справаводзтве выняткова расейскай мовы[10].

Кацярына II імкнулася да аб’яднаньня далучаных земляў зь іншымі часткамі імпэрыі, але рабіла гэта асьцярожна і паступова. Па здушэньні паўстаньня 1794 году гэтая палітыка праводзілася больш упарта і настойліва з ужываньнем карных захадаў[11]. Сярод іншага пачалося масавае звальненьне ураднікаў мясцовага паходжаньня зь дзяржаўных установаў з заменай іх выхадцамі з Расеі[12].

Павал I і Аляксандар I не прымалі значных захадаў супраць распаўсюджваньня польскай культуры і мовы, таму польскі ўплыў на беларускіх землях па ягоным вынішчэньні ў часы Кацярыны II дастаткова хутка аднавіўся і да канца першай чвэрці XIX ст. перавышаў расейскі.

Царква Сьвятога Духа ў Менску: аўтэнтычны выгляд (налева) і па маскоўскай перабудове (направа)

Па прыходзе да ўлады ў сьнежні 1825 году Мікалая I наступ на беларускую і польскую культуру аднавіўся і асабліва ўзмацніўся па здушэньні вызвольнага паўстаньня 1830—1831 гадоў. Палітыка Мікалая I была накіраваная на вяртаньне больш узмоцненай русіфікацыі і ўніфікацыі земляў Беларусі[11]. 16 верасьня 1831 году ўтварыўся адмысловы «Заходні камітэт», задачай якога зьяўлялася «зраўняць Заходні край ва ўсіх адносінах з унутранымі вялікарускімі губэрнямі»[11]. Міністар унутраных справаў Расейскай імпэрыі Пётар Валуеў падрыхтаваў для Камітэту адмысловы «Очерк о средствах обрусения Западного края»[13] .

25 чэрвеня 1840 году Мікалай I выдаў указ, паводле якога ўсе справы як ва ўрадавай, так і ў судовай частцы, не вылучаючы справаў дваранскіх і дэпутацкіх сходаў, а таксама ўвогуле ўсе акты, якога б роду і найменьня яны не былі, трэба было пісаць толькі на расейскай мове. У афіцыйнай дакумэнтацыі колішняе Вялікае Княства Літоўскае атрымала назву «Паўночна-Заходні край», адначасна скасоўвалася дзеяньне Літоўскага Статуту[12].

Апроч таго, Мікалай I зацьвердзіў пастанову пра перасяленьне ў Беларусь «выхадцаў з нутраных губэрніяў, якія прынясуць з сабой у гэты край, чужы Расеі, нашу мову, звычаі, прыхільнасьць расейцаў да стальцу» (рас. «выходцев из внутренних губерний, которые принесут с собой в сей край, чуждающийся России, наш язык, обычай, приверженность русских к престолу»)[14].

За Аляксандрам II назіраліся пэўныя паслабленьні ў русіфікацыйных працэсах, але палітыка ўніфікацыі і інтэграцыі заходніх губэрняў зь іншымі тэрыторыямі Расейскай імпэрыі ўсё яшчэ працягвалася[11].

Па здушэньні нацыянальна-вызвольнага паўстаньня 1863—1864 гадоў працэс маскалізацыі ўзначаліў генэрал-губэрнатар М. Мураўёў, названы сучасьнікамі Вешальнікам і Людаедам[15]. Асаблівую ўвагу начальнік «Паўночна-заходняга краю» надаваў маскалізацыі адукацыі, шырока вядомым зьяўляецца ягоны дэвіз:

Што не дарабіў расейскі штык — даробіць расейская школа і царква

Мураўёў запрасіў у Вільню прадстаўніка кансэрватыўнага кірунку ў «западно-руссизме» Ксенафонта Гаворскага і спрыяў пераносу яго кіеўскага выданьня «Вестник Юго-Западной и Западной России» пад новай назвай «Вестник Западной России». Аднак, нягледзячы нават на ўвядзеньне абавязковай падпіскі для духавенства і службоўцаў, часопіс не карыстаўся папулярнасьцю, і ў 1871 годзе яго закрылі[16].

Зьвяртаючыся да шляхты колішняга Вялікага Княства Літоўскага Мураўёў казаў:

Забудзьцеся пра наіўныя летуценьні і мары, панове, і помніце, што калі вы ня станеце тут сваімі думкамі і пачуцьцямі расейцамі, вы будзеце іншаземцамі і мусіце тады пакінуць гэты край

Істотнымі фактарамі маскалізацыі ў «Паўночна-заходнім краі» зьяўляліся падвышаныя (параўнальна з мэтраполіяй) аклады і разнастайныя прывілеі для чыноўнікаў-выхадцаў з цэнтральнай Расеі, а таксама расейскае войска, шматлікія гарнізоны якога стала разьмяшчаліся ў беларускіх местах і мястэчках[17].

СССР[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У адпаведансьці з савецкай камуністычнай тэорыяй працэс зьліцьця ўсіх народаў Савецкага Саюзу ў адну нацыю мусіў адбывацца на падставе ўзаемнага скрыжоўваньня нацыянальных элемэнтаў усіх народаў, у тым ліку мовы. Насамрэч гэты працэс праводзіўся толькі на падставе расейскай нацыянальнай базы — на базе расейскай гісторыі, расейскай культуры, расейскай мовы і расейскага патрыятызму[18].

Кампанія супраць беларускай мовы была ўзьнятая ў СССР у пачатку 1930-х гадоў. Палітыка русіфікацыі беларускае мовы знайшла сваё канкрэтнае адлюстраваньне ў выдадзенай у 1931 годзе пад рэдакцыяй дырэктара Інстытуту Філязофіі Беларускай Акадэміі Навук акадэміка С. Я. Вальфсона «Навука на службе нацдэмаўскай контррэвалюцыі». Практычным завяршэньнем першага этапу кампаніі русіфікацыі беларускае мовы зрабілася ўрадавая пастанова Савету народных камісараў БССР за 28 жніўня 1933 году «Аб зьменах і спрашчэньні беларускага правапісу», якая датычыла ня толькі правапісу, але і фанэтычных і марфалягічных асаблівасьцяў беларускай мовы.

У 1950 годзе Сталін пісаў[19]:

Мы будзем мець справу ня зь дзьвюма мовамі, ... а із сотнямі нацыянальных моваў, зь якіх у выніку даўгога эканамічнага, палітычнага й культурнага супрацоўніцтва нацыяў будуць выдзяляцца спачатку найбольш узбагачаныя адзіныя занальныя мовы, а потым занальныя мовы зьліюцца ў вадну супольную міжнародную мову, ...якая... будзе новай мовай, што ўбярэ ў сябе найлепшыя элемэнты нацыянальных і занальных моваў.

Адной з прадбачаных Сталіным занальных моваў мусіла паўстаць на базе расейскай мовы.

Цягам усёй русіфікацыйнай кампаніі, якая пачалася ў 1930-х гадох ва ўсіх нерасейскіх мовах Савецкага Саюзу адбываўся прыблізна адначасна аднолькавы працэс з аднолькавай рэакцыяй на яго з боку асобных народаў. Калі разгледзіць славянскія нерасейскія мовы СССР — беларускую і ўкраінскую — то ў зьвязку з сваяцтвам гэтых моваў русіфікацыйны працэс у кожнай зь іх зьяўляўся ідэнтычным ва ўсіх дэталях. У працэсе русіфікацыі неславянскіх моваў — цюрскіх, моваў народаў Каўказу, мовы балцкіх народаў — існавалі пэўныя фармальныя і колькасныя розьніцы ад русіфікацыйнага працэсу ў беларускай альбо ўкраінскай мовах, але асноўныя мэты, на якія быў скіраваны гэты працэс, заставаліся аднолькавымі.

Рэалізацыя моўнай палітыкі ў БССР праводзілася ў двух кірунках, якія ўзаемна дапаўняюць адзін адно, але пасьлядоўна вялі да поўнай нівэляцыі беларускае мовы:

  1. Звужэньне сфэры ўжываньня беларускай мовы ў публічным жыцьці і замена яе расейскай;
  2. Усебаковая русіфікацыя дапушчанай да публічнага ўжываньня беларускай мовы.

Кепская сытуацыя склалася з выданьнем беларускамоўных кнігаў. Беларускамоўныя кнігі трымаліся на складах, не пушчаліся ў продаж, а потым сьпісваліся ў якасьці затаваранай нехадавой прадукцыі, якую ніхто ня хоча чытаць. Разам зь зьмяншэньнем накладаў і колькасьці беларускамоўнай друкаванай прадукцыі, павялічвалася колькасьць і ўдзельная вага расейскамоўнай. У 1946 годзе наклад часопісаў на расейскай мове ў БССР складаў 1%, 1955 годзе ён дасягнуў 31%. У 1970 годзе агульны наклад беларускамоўных кнігаў складаў 9 мільёнаў асобнікаў, расейскамоўных — 16 мільёнаў[20].

26 траўня 1983 была прынятая пастанова ЦК КПСС і Савету Міністраў СССР, аб павелічэньні на 15% заробку настаўнікаў расейскай мовы ў беларускамоўных школах. Пастанова прадугледжвала з студзеня 1984 году павелічэньне на 15% стаўкі настаўнікаў падрыхтоўчых і другіх-трэціх клясаў, якія ведалі расейскую мову, і настаўкікаў расейскай мовы і літаратуры ў 4—11 клясах агульнаадукацыйных школаў усіх тыпаў[20].

Русіфікацыя Польшчы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Русіфікацыя Польшчы

Русіфікацыя Ўкраіны[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Русіфікацыя Ўкраіны

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Агіевіч У. Ідэалы і сімвалы беларускага шляху // Грамадскія ідэалы: Нацыянальныя традыцыі, сучасны стан, погляд у будучыню: Навук. збор. / Рэдкал.: Л. Уладыкоўская-Канаплянік (гал. рэд.) і інш. — У друку. — 224 с. — (Беларусіка = Albaruthenica; Кн. 13).
  2. ^ Касяк І. Канстанца // «З гісторыяй на „Вы“» (артыкулы, дакументы, успаміны). Выпуск трэці. — Мн.: «Мастацкая літаратура», 1994.
  3. ^ Буйвал В, Інфармацыйная камісія Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ. Прэс-рэліз за жнівень 2005 г.
  4. ^ Савік Л. Рыцарам Айчыны прысвячаецца... // «Народная Воля» №17—18, 3 лютага 2009.
  5. ^ Баршчэўская Н. Суадносіны паміж мовай і нацыянальнай тоеснасьцю — 2 // «Беларуская рэдакцыя Польскага радыё», 13 траўня 2009.
  6. ^ Пацюпа Ю. Занядбаная старонка правапісу: прапановы пісаньня прыназоўніка у/ў перад словамі, што пачынаюцца з галоснай // «Arche» № 6 (29), 2003.
  7. ^ Бекус Н. Тэрапія альтэрнатывай, або Беларусь, уяўленая інакш // «Arche» № 2 (31), 2004.
  8. ^ Клімчук Ф. Старадаўняя пісьменнасць і палескія гаворкі // «Беларускя лінгвістыка». Вып. 50., 2001. С. 19—24.
  9. ^ Лыч Л. Русіфікацыя // Беларусь: энцыкл. даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш. — Мінск: БелЭн, 1995. С. 630.
  10. ^ Дакументы і матэрыялы па гісторыі Беларусі. Т. 2. — Менск, 1940.
  11. ^ а б в г Швед В. Эвалюцыя расейскай урадавай палітыкі адносна земляў Беларусі (1772—1863 г.) // Гістарычны Альманах. Том 7, 2002.
  12. ^ а б Крыжаноўскі М. Жывая крыніца ты, родная мова // «Народная Воля» № 65—66, 1 траўня 2008.
  13. ^ Миллер А. И. Планы властей по усилению русского ассимиляторского потенциала в Западном крае // «Украинский вопрос» в политике властей и русском общественном мнении (вторая половина XIХ века). — СПб: Алетейя, 2000.
  14. ^ Арлоў У., Сагановіч Г. Дзесяць вякоў беларускай гісторыі. — Менск, 1997.
  15. ^ Гісторыя Беларусі (у кантэксце сусветных цывілізацый). Вучэбн. дапаможнік / В. І. Галубовіч, З. В. Шыбека, Д. М. Чаркасаў і інш.; Пад рэд. В. І. Галубовіча і Ю. М. Бохана. — Мн.: Экаперспектыва, 2005. С. 257.
  16. ^ Белазаровіч В. А. Гістарыяграфія гісторыі Беларусі: вучэб. дапаможнік; Установа Адукацыі «Гродзенскі Дзярж. Ун-т імя Я.Купалы». — Гродна : ГрДУ, 2006. С. 133.
  17. ^ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
  18. ^ ЭГБ. Т. 6. Кн. 1. — Менск, 2001. С. 136.
  19. ^ Сталин И. Марксизм и вопросы языкознания. — Москва, 1950.
  20. ^ а б Беларуская Атлянтыда: без бар’ераў. Русыфікацыя, «Радыё Свабода», 13 сьнежня 2007.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Беларусь: энцыкл. даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш. — Мінск: БелЭн, 1995.— 799 с. ISBN 985-11-0026-9.
  • Мікуліч Т. Мова і этнічная самасвядомасць. — Менск: Навука і тэхніка, 1996. — 159 c.
  • Станкевіч С. Русіфікацыя беларускае мовы ў БССР і супраціў русіфікацыйнаму працэсу. — Менск: Навука і тэхніка, 1994. — 79 с.
  • Станкевіч Я. Зь гісторыі русыфікацыі Вялікалітвы. — Нью-Ёрк: Крывіцкае (Вялікалітоўскае) Навуковае Таварыства Пранціша Скарыны, 1967. — 44 с [1]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]