Перайсьці да зьместу

Радэрык фон Эркерт

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Радэрык фон Эркерт
Roderich von Erckert
Дата нараджэньня 15 сьнежня 1821(1821-12-15)
Месца нараджэньня Кульм, Заходняя Прусія, Нямецкая імпэрыя
Дата сьмерці 12 сьнежня 1900(1900-12-12) (78 гадоў)
Месца сьмерці Бэрлін, Нямецкая імпэрыя
Занятак антраполяг, мовазнавец, этнограф, картограф, афіцэр
Навуковая сфэра картаграфія, этнаграфія, фальклярыстыка

Радэрык фон Эркерт, Р. фон Эркерт, Р. д’Эркерт (нар. 15 сьнежня 1821 Кульм; † 12 сьнежня 1900 Бэрлін) — нямецкі этнограф, картограф і афіцэр расейскай арміі. Займаўся этнаграфіяй Беларусі.

Нарадзіўся ў Кульме (сучасны Хэлмна), атрымаў адукацыю ваеннага географа, паступіў афіцэрам на расейскую службу, дзе стаў сапраўдным сябрам Расейскага геаграфічнага таварыства. Аўтар нарысаў па гісторыі і этнаграфіі заходніх губэрняў Расеі (у тым ліку і беларускіх) і Каўказу, складальнік этнаграфічных мапаў і краніялягічных табліц, удзельнік складаньня манумэнтальнай працы «Этнаграфічнае апісаньне народаў Расеі», якая выйшла у 1857 годзе пад рэдакцыяй Густава-Тэадора Паўлі. У кнізе «Мовы каўкаскай расы» апублікаваў першыя ў эўрапейскім мовазнаўстве матэрыялы па некаторых дагестанскіх мовах, у тым ліку па цахурскай і карацінскай.

Намаляваў шэраг мапаў заходніх губэрняў і Царства Польскага. Займаўся дасьледваньнем палякаў на ўсім абшары Расейскай імпэрыі, ужо пазьней заняўся дасьледваньнем Каўказу і каўкаскіх нацыянальнасьцяў.

Дасьледаваньне Беларусі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сапраўднай зьявай і ў навуковым, і ў грамадзкім жыцьці стала дасьледчая праца Радэрыка фон Эркерта, якая складалася зь дзьвюх частак[1]. Першая — «Погляд на гісторыю і этнаграфію заходніх губэрняў Расеі» — уключала аргумэнты і высновы аўтара наконт этнічнай, моўнай і канфэсійнай сытуацыі, гістарычны агляд разьвіцьця тэрыторыяў заходніх губэрняў, этнасацыяльную характарыстыку насельніцтва і інш.; другая — «Этнаграфічны атляс заходне-расейскіх губэрняў і суседніх абласьцей» — зьмяшчала этнічныя мапы засяленьня тэрыторыі заходніх губэрняў Расеі[1].

Эркерт даследаваў паняцьце этнічнай прыналежнасьці і гаворыць аб тым, што ад нараджэньня чалавек не належыць да той або іншай народнасьці, да таго або іншага веравызнаньня, тым самым падыходзячы да крытэру самасьвядомасьці як галоўнага ў вызначэньні этнічнай прыналежнасьці[1]. Р. фон Эркерт вылучаў веравызнаньне і мову як два галоўныя крытэры вызначэньня этнічнай прыналежнасьці і адзначаў, што на тэрыторыі заходніх губэрняў Расейскай імпэрыі веравызнаньне часьцей акрэсьлівае этнічную прыналежнасьць, чым мова: «каталік, які гаворыць на беларускай або маларускай мове, ня толькі ў вачох усіх жыхароў праваслаўнага і каталіцкага веравызнаньня — паляк, але і сам лічыць сябе... палякам»[1]. Эркерт заўважаў высокую ступень зьмешваньня насельніцтва і складанасьць вызначэньня межаў расьсяленьня пэўных этнасаў і этнічных групаў: «...цяжка правесьці мяжу паміж расейскім і польскім насельніцтвам...»[1].

Р. фон Эркерт прасочваў асаблівасьці гістарычнага, палітычнага і культурнага разьвіцьця беларускіх зямель, вызначаў розныя сацыяльныя функцыі моваў, якімі карысталіся на гэтай тэрыторыі: «...пры пагадненьнях і пратэстах паміж расейцамі і палякамі аказалася нават неабходным выкарыстоўваць лацінскую мову» (другая палова XV ст.); «...польская мова ўжо на завяршэньні XVII, а асабліва ў пачатку XVIII ст., зрабілася мовай справаводзтва ў Літве і маларускіх правінцыях»[1].

Значная частка працы Эркерта прысьвечаная выдзяленьню, тлумачэньню і прычынам распаўсюджаньня этнонімаў, саманазваў насельніцтва заходніх губэрняў Расеі: «У Віцебскай, Магілёўскай і ўсходняй частцы Менскай губэрні выраз «беларус» для вызначэньня народнасьці, і «беларускі» для вызначэньня мовы, нікому не вядомы»[1]. Эркерт зьвяртаў ўвагу на тое, што сваю мову простае насельніцтва называе «простай», а сябе — рускімі, ліцьвінамі ці нават «сялянамі»[1]. Сяляне, у сваю чаргу, проціпастаўляюцца польскім дваранам, ці шляхце[1]. Разглядаў Эркерт і пытаньні этнасацыяльнай характарыстыкі насельніцтва разгледжаных тэрыторыяў і зрабіў выснову, што паміж элітай грамадзтва (шляхтай) і простым народам не было сувязнога зьвяна, і яго месца ў якасьці саслоўя мяшчанаў заняло габрэйскае насельніцтва[1].

  • Russland, Carte éthnografique de l’Empire de Russie, par R. von Erkert, Kiepert, Berlin 1862
  • Atlas ethnographique des provinces habitées en totalité ou en partie par des Polonais, par R. d’Erkert, St. Pétersbourg, 1863
  • Эркерт Р. Ф. Взгляд на историю и этнографию западных губерний России. СПб., 1864.
  • Эркерт Р. Ф. Этнографический атлас западно-русских губерний и соседних областей. СПб., 1864.
  • Der Kaukasus und seine Völker (1887)
  • Der Ursprung der Kosaken, vorzüglich nach neuesten russischen Quellen (1882)
  • Die Sprachen des kaukasischen Stammes (1895)
  • Wanderungen und Siedelungen der germanischen Stämme in Mitteleuropa (1901).
  1. ^ а б в г д е ё ж з і Т.А. Навагродскі [і інш.] Этналогія Беларусі: традыцыйная культура насельніцтва ў гістарычнай перспектыве. Вучэб.-метад. дапам.. — 1-е выд. — Мінск: БДУ, 2009. — С. 23-24. — 335 с. — ISBN 978-985-518-121-8
  • Т.А. Навагродскі [і інш.] Этналогія Беларусі: традыцыйная культура насельніцтва ў гістарычнай перспектыве. Вучэб.-метад. дапам.. — 1-е выд. — Мінск: БДУ, 2009. — С. 23-24. — 335 с. — ISBN 978-985-518-121-8
  • Westpreussen-Jahrbuch, Bd. 35-38, S. 114, 1985
  • Globus: illustrierte Zeitschrift für Länder- und Völkerkunde, Bd. 79, S. 67, 1901