Перайсьці да зьместу

Міхась Лынькоў

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «М. Лынькоў»)
Міхась Лынькоў
лац. Michaś Łyńkoŭ
Асабістыя зьвесткі
Імя пры нараджэньні Міхась Ціханавіч Лынькоў
Нарадзіўся 30 лістапада 1899(1899-11-30)[1]
вёска Зазыбы, Віцебская губэрня
Памёр 21 верасьня 1975(1975-09-21)[1] (75 гадоў)
Пахаваны
Сужэнец Хана Абрамаўна Аранкова[d]
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці настаўнік, рэдактар
Гады творчасьці 1926—1988
Жанр Проза
Мова беларуская
Дэбют 1926
Значныя творы Раманы «На чырвоных лядах» (1934), «Векапомныя дні» (1958)
Прэміі Дзяржаўная прэмія БССР імя Якуба Коласа (1968)
Узнагароды
Творы на сайце Knihi.com

Міха́сь Ці́ханавіч Лынько́ў (30 лістапада 1899 — 21 верасьня 1975) — беларускі пісьменьнік. Народны пісьменьнік БССР (1962).

Нарадзіўся ў вёсцы Зазыбы (цяпер Лёзьненскі раён, Віцебская вобласьць) у сям’і чыгуначніка. У 1913 г. вучыўся ў Рагачоўскай настаўніцкай сэмінарыі. З пачатку Першай сусьветнай вайны працаваў настаўнікам у в. Ліпінічы (цяпер Буда-Кашалёўскі раён, Гомельская вобласьць). Па прыходзе нямецкага войска ў 1918 г. браў удзел у партызанскім руху. Пасьля прызыву ў жніўні 1919-га — у польска-савецкай вайне пры паходзе Чырвонай арміі на Варшаву. Затым ваяваў пад Старадубам (Гомельская губэрня, Расейская СФСР) ды Ноўгарад-Северскім (Украіна). Пазьней служыў у атрадзе па барацьбе з голадам у Паволжы, на Урале і ў Заходняй Сыбіры. З жніўня 1922 г. настаўнічаў у Сьвержанскай 7-гадовай школе (Рагачоўскі павет, Гомельская губ.). Улетку 1925 г. стаўся сакратаром рэдакцыі бабруйскай газэты «Камуніст», а неўзабаве яе адказным рэдактарам. У 1926 г. пачаў пісаць свае першыя апавяданьні «Над Бугам», «Чыгунныя песьні», «Манчжур», «Гой», «Крот», «Журавель мой, журавель», «Андрэй Лятун» ды «Квартырмайстар Будай». У 1930-м заняў пасаду галоўнага рэдактара Дзяржаўнага выдавецтва БССР ды далучыўся да Беларускай асацыяцыі пралятарскіх пісьменьнікаў. У 1933—1941 гг. быў рэдактарам часопіса «Полымя рэвалюцыі». З 1938 па 1948 г. узначальваў Саюз пісьменьнікаў БССР. У 1939 г. займаў пасаду рэдактара газэты «Беларуская зьвязда». У 1940-м выдаў зборнік апавяданьняў «Сустрэчы». Ад часу нямецкага нападу на СССР рэдагаваў газэту «За Савецкую Беларусь». Выдаў зборнік «Астап» (1944). Пасьля другой сусьветнай вайны працаваў у Інстытуце літаратуры Акадэміі навук БССР. У 1958 г. выдаў раман «Векапомныя дні», за які ў 1968-ым атрымаў Дзяржаўную прэмію БССР імя Якуба Коласа.

Дэпутат Вярхоўнага Савета БССР у 1940—75. Узнагароджаны трыма ордэнамі Леніна (1949, 1955, 1969), трыма ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сьцяга (1939, 1959, 1967), ордэнам Кастрычніцкай Рэвалюцыі (1974), ордэнам Чырвонай Зоркі (1943), мэдалямі[2].

Сям’я М. Лынькова (жонка і сын) была расстраляная немцамі ў верасьні 1941 г. у Старадароскім раёне. У 1946 годзе Янка Маўр напісаў апавяданьне «Завошта?», у аснову якога лёг гэты трагічны факт.

Дэбютаваў вершам у 1919 гаду (смаленская газэта «Борьба»), першыя апавяданьні — у 1926 гаду (бабруйская газэта «Камуніст» і зборнік бабруйскага філіяла «Маладняка» — «Уздым»). Выйшлі зборнікі прозы «Апавяданьні» (1927), «Гой» (1929), «Андрэй Лятун» (1930), «Саўка-агіцірнік» (1933), «На вялікай хвалі» (1934), «Баян» (1935), «Сустрэчы» (1940), «Астап» (1944), «Апошні зьверыядавец» (аповесьць, 1930), «За акіянам» (нататкі, апавяданьні, нарысы, 1962), раман «На чырвоных лядах» (1934) і раман-эпапэя ў 4 кнігах «Векапомныя дні» (1958, 2-е перапрацаванае выданьне ў 1969), нарыс «Герой Савецкага Саюза Канстанцін Заслонаў» (1944), апавяданьне «Агні Танганьікі» (1957), «Выбраныя творы» (1931, 1934, 1952), «Выбраныя апавяданьні» (1938, 1941, 1947), Зборы твораў у 4-х (1967—68) і ў 8 тамах (1981—85).

Для дзяцей выдадзены кнігі «Пра сьмелага ваяку Мішку і яго слаўных таварышаў» (1937), «Міколка-паравоз» (1937, аповесьць экранізавана ў 1957), «Янка-парашутыст» (1937), «Ядвісін дуб» (1940), «Апавяданьні» (1946, 1948, 1960, 1966, 1973, 1974, 1988).

М. Лынькову належаць літаратуразнаўчыя працы «Беларуская літаратура за 30 год» (1948, на беларускай і рускай мовах), «Вобраз Сталіна ў беларускай мастацкай літаратуры» (1950), «Якуб Колас» (1952), «Летапіс эпохі: Беларускай савецкай літаратуры пяцьдзесят год» (1968), зборнік артыкулаў «Літаратура і жыцьцё» (1978), кніга «Публіцыстыка» (1980).

Пераклаў на беларускую мову асобныя творы М. Горкага, М. Ціханава і інш.

Выбраная бібліяграфія

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  • Выбраныя апавяданьні / Міхась Лынькоў. — Мн.: Дзяржвыд Беларусі..Дзіцячая літ., 1938.
  • Выбраныя творы / Міхась Лынькоў. — Менск: Дзяржвыд БССР, 1952. — 551, [2] с., [1] л. партр.
  • Векапомныя дні: раман у 4 кн. / Міхась Лынькоў. — Менск: Беларусь, 1969. — (Беларускі раман).
  • Апавяданьні / Міхась Лынькоў. — Менск: Дзяржаўнае вучэбна-пэдагагічнае выдавецтва Міністэрства асьветы БССР, 1960.
  • Літаратура і жыцьцё: літаратурна-крытычныя артыкулы / Міхась Лынькоў. — Менск: Мастацкая літаратура, 1978.
  • Публіцыстыка / Міхась Лынькоў. — Менск: Мастацкая літаратура, 1980. — 271, [1] с.
  • Насустрач жыцьцю: апавяданьні / Міхась Лынькоў. — Менск: Юнацтва, 1988. — (Школьная бібліятэка).

Узнагароджаны трыма ордэнамі Леніна, трыма ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сьцяга, ордэнам Чырвонай Зоркі і мэдалямі. Народны пісьменьнік БССР (1962). Ляўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа (1968) за раман «Векапомныя дні».

Ушанаваньне памяці

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

12.1.1976 Пастановай Савета Міністраў БССР Крынкаўскай школе (Лёзьненскі раён) было прысвоена імя М. Ц. Лынькова. У школе створаны музэй, які налічвае больш за 600 экспанатаў, у тым ліку каля 300 арыгінальных. Сярод іх асабістыя рэчы пісьменьніка — кепка, гальштук, значок «Выдатнік народнай асьветы БССР», дэпутацкі білет.

Імя М. Лынькова носіць вуліца ў Менску.

  • Кенька М. Міхась Лынькоў: Летапіс жыцця і творчасці. — Мн.: Універсітэцкае, 1987.
  • Лынькоў Міхась // Беларускія пісьменнікі (1917—1990): Даведнік; Склад. А. К. Гардзіцкі. Нав. рэд. А. Л. Верабей. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — 653 с.: іл. ISBN 5-340-00709-X
  • Лынькоў Міхась // Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. / пад рэд. А. І. Мальдзіса. Мн.: БелЭн, 1992—1995.
  • Сцяжынкамі Міхася Лынькова // Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Лёзненскага раёна / рэдкал. І. П. Шамякін і інш. — Мн., 1992. — С. 585—586.
  • Грахоўскі С. «Зажураныя жураўлі» //www.grahouski.org/ (Успаміны. Публіцыстыка)

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]