Міхась Лынькоў
Міхась Лынькоў лац. Michaś Łyńkoŭ | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Імя пры нараджэньні | Міхась Ціханавіч Лынькоў |
Нарадзіўся | 30 лістапада 1899[1] вёска Зазыбы, Віцебская губэрня |
Памёр | 21 верасьня 1975[1] (75 гадоў) |
Пахаваны | |
Сужэнец | Хана Абрамаўна Аранкова[d] |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | настаўнік, рэдактар |
Гады творчасьці | 1926—1988 |
Жанр | Проза |
Мова | беларуская |
Дэбют | 1926 |
Значныя творы | Раманы «На чырвоных лядах» (1934), «Векапомныя дні» (1958) |
Прэміі | Дзяржаўная прэмія БССР імя Якуба Коласа (1968) |
Узнагароды | |
Творы на сайце Knihi.com | |
Міха́сь Ці́ханавіч Лынько́ў (30 лістапада 1899 — 21 верасьня 1975) — беларускі пісьменьнік. Народны пісьменьнік БССР (1962).
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нарадзіўся ў вёсцы Зазыбы (цяпер Лёзьненскі раён, Віцебская вобласьць) у сям’і чыгуначніка. У 1913 г. вучыўся ў Рагачоўскай настаўніцкай сэмінарыі. З пачатку Першай сусьветнай вайны працаваў настаўнікам у в. Ліпінічы (цяпер Буда-Кашалёўскі раён, Гомельская вобласьць). Па прыходзе нямецкага войска ў 1918 г. браў удзел у партызанскім руху. Пасьля прызыву ў жніўні 1919-га — у польска-савецкай вайне пры паходзе Чырвонай арміі на Варшаву. Затым ваяваў пад Старадубам (Гомельская губэрня, Расейская СФСР) ды Ноўгарад-Северскім (Украіна). Пазьней служыў у атрадзе па барацьбе з голадам у Паволжы, на Урале і ў Заходняй Сыбіры. З жніўня 1922 г. настаўнічаў у Сьвержанскай 7-гадовай школе (Рагачоўскі павет, Гомельская губ.). Улетку 1925 г. стаўся сакратаром рэдакцыі бабруйскай газэты «Камуніст», а неўзабаве яе адказным рэдактарам. У 1926 г. пачаў пісаць свае першыя апавяданьні «Над Бугам», «Чыгунныя песьні», «Манчжур», «Гой», «Крот», «Журавель мой, журавель», «Андрэй Лятун» ды «Квартырмайстар Будай». У 1930-м заняў пасаду галоўнага рэдактара Дзяржаўнага выдавецтва БССР ды далучыўся да Беларускай асацыяцыі пралятарскіх пісьменьнікаў. У 1933—1941 гг. быў рэдактарам часопіса «Полымя рэвалюцыі». З 1938 па 1948 г. узначальваў Саюз пісьменьнікаў БССР. У 1939 г. займаў пасаду рэдактара газэты «Беларуская зьвязда». У 1940-м выдаў зборнік апавяданьняў «Сустрэчы». Ад часу нямецкага нападу на СССР рэдагаваў газэту «За Савецкую Беларусь». Выдаў зборнік «Астап» (1944). Пасьля другой сусьветнай вайны працаваў у Інстытуце літаратуры Акадэміі навук БССР. У 1958 г. выдаў раман «Векапомныя дні», за які ў 1968-ым атрымаў Дзяржаўную прэмію БССР імя Якуба Коласа.
Дэпутат Вярхоўнага Савета БССР у 1940—75. Узнагароджаны трыма ордэнамі Леніна (1949, 1955, 1969), трыма ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сьцяга (1939, 1959, 1967), ордэнам Кастрычніцкай Рэвалюцыі (1974), ордэнам Чырвонай Зоркі (1943), мэдалямі[2].
Сям’я
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Сям’я М. Лынькова (жонка і сын) была расстраляная немцамі ў верасьні 1941 г. у Старадароскім раёне. У 1946 годзе Янка Маўр напісаў апавяданьне «Завошта?», у аснову якога лёг гэты трагічны факт.
Творчасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Дэбютаваў вершам у 1919 гаду (смаленская газэта «Борьба»), першыя апавяданьні — у 1926 гаду (бабруйская газэта «Камуніст» і зборнік бабруйскага філіяла «Маладняка» — «Уздым»). Выйшлі зборнікі прозы «Апавяданьні» (1927), «Гой» (1929), «Андрэй Лятун» (1930), «Саўка-агіцірнік» (1933), «На вялікай хвалі» (1934), «Баян» (1935), «Сустрэчы» (1940), «Астап» (1944), «Апошні зьверыядавец» (аповесьць, 1930), «За акіянам» (нататкі, апавяданьні, нарысы, 1962), раман «На чырвоных лядах» (1934) і раман-эпапэя ў 4 кнігах «Векапомныя дні» (1958, 2-е перапрацаванае выданьне ў 1969), нарыс «Герой Савецкага Саюза Канстанцін Заслонаў» (1944), апавяданьне «Агні Танганьікі» (1957), «Выбраныя творы» (1931, 1934, 1952), «Выбраныя апавяданьні» (1938, 1941, 1947), Зборы твораў у 4-х (1967—68) і ў 8 тамах (1981—85).
Для дзяцей выдадзены кнігі «Пра сьмелага ваяку Мішку і яго слаўных таварышаў» (1937), «Міколка-паравоз» (1937, аповесьць экранізавана ў 1957), «Янка-парашутыст» (1937), «Ядвісін дуб» (1940), «Апавяданьні» (1946, 1948, 1960, 1966, 1973, 1974, 1988).
М. Лынькову належаць літаратуразнаўчыя працы «Беларуская літаратура за 30 год» (1948, на беларускай і рускай мовах), «Вобраз Сталіна ў беларускай мастацкай літаратуры» (1950), «Якуб Колас» (1952), «Летапіс эпохі: Беларускай савецкай літаратуры пяцьдзесят год» (1968), зборнік артыкулаў «Літаратура і жыцьцё» (1978), кніга «Публіцыстыка» (1980).
Пераклаў на беларускую мову асобныя творы М. Горкага, М. Ціханава і інш.
Выбраная бібліяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Выбраныя апавяданьні / Міхась Лынькоў. — Мн.: Дзяржвыд Беларусі..Дзіцячая літ., 1938.
- Выбраныя творы / Міхась Лынькоў. — Менск: Дзяржвыд БССР, 1952. — 551, [2] с., [1] л. партр.
- Векапомныя дні: раман у 4 кн. / Міхась Лынькоў. — Менск: Беларусь, 1969. — (Беларускі раман).
- Апавяданьні / Міхась Лынькоў. — Менск: Дзяржаўнае вучэбна-пэдагагічнае выдавецтва Міністэрства асьветы БССР, 1960.
- Літаратура і жыцьцё: літаратурна-крытычныя артыкулы / Міхась Лынькоў. — Менск: Мастацкая літаратура, 1978.
- Публіцыстыка / Міхась Лынькоў. — Менск: Мастацкая літаратура, 1980. — 271, [1] с.
- Насустрач жыцьцю: апавяданьні / Міхась Лынькоў. — Менск: Юнацтва, 1988. — (Школьная бібліятэка).
Узнагароды
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Узнагароджаны трыма ордэнамі Леніна, трыма ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сьцяга, ордэнам Чырвонай Зоркі і мэдалямі. Народны пісьменьнік БССР (1962). Ляўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа (1968) за раман «Векапомныя дні».
Ушанаваньне памяці
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]12.1.1976 Пастановай Савета Міністраў БССР Крынкаўскай школе (Лёзьненскі раён) было прысвоена імя М. Ц. Лынькова. У школе створаны музэй, які налічвае больш за 600 экспанатаў, у тым ліку каля 300 арыгінальных. Сярод іх асабістыя рэчы пісьменьніка — кепка, гальштук, значок «Выдатнік народнай асьветы БССР», дэпутацкі білет.
Імя М. Лынькова носіць вуліца ў Менску.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б нарматыўны кантроль Бібліятэкі Кангрэсу (анг.) — Library of Congress.
- ^ Міхась Ціханавіч Лынькоў. Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа. Праверана 10 студзеня 2012 г.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Кенька М. Міхась Лынькоў: Летапіс жыцця і творчасці. — Мн.: Універсітэцкае, 1987.
- Лынькоў Міхась // Беларускія пісьменнікі (1917—1990): Даведнік; Склад. А. К. Гардзіцкі. Нав. рэд. А. Л. Верабей. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — 653 с.: іл. ISBN 5-340-00709-X
- Лынькоў Міхась // Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. / пад рэд. А. І. Мальдзіса. Мн.: БелЭн, 1992—1995.
- Сцяжынкамі Міхася Лынькова // Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Лёзненскага раёна / рэдкал. І. П. Шамякін і інш. — Мн., 1992. — С. 585—586.
- Грахоўскі С. «Зажураныя жураўлі» //www.grahouski.org/ (Успаміны. Публіцыстыка)
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Творы Міхася Лынькова на knihi.com
- Міхась Ціханавіч Лынькоў ў базе зьвестак «Гісторыя беларускай навукі ў асобах» Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Я.Коласа НАН Беларусі
- Біяграфія на Slounik.org
- Pages using the JsonConfig extension
- Нарадзіліся 30 лістапада
- Нарадзіліся ў 1899 годзе
- Памерлі 21 верасьня
- Памерлі ў 1975 годзе
- Памерлі ў Менску
- Пахаваныя на Ўсходніх могілках Менску
- Кавалеры ордэна Леніна
- Кавалеры ордэна Кастрычніцкай рэвалюцыі
- Кавалеры ордэна Працоўнага Чырвонага Сьцягу
- Кавалеры ордэна Чырвонай Зоркі
- Ляўрэаты Літаратурнай прэміі імя Якуба Коласа
- Беларускія літаратары
- Сябры Беларускай асацыяцыі пралетарскіх пісьменьнікаў
- Акадэмікі Акадэміі навук БССР