Перайсьці да зьместу

Рослаў

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Рослаў
лац. Rosłaŭ
рас. Рославль
Населены пункт
Будынак шляхецкага сходу
Будынак шляхецкага сходу
Сьцяг Герб
Краіна Расея
Суб’ект фэдэрацыі Смаленская вобласьць
Раён Рослаўскі
Першыя згадкі 1137
Дата заснаваньня 1137
Магдэбурскае права 24 сакавіка 1623
Геаграфія
Плошча 43 км²
Вышыня НУМ 200 м
Часавы пас
Каардынаты 53°57′10″ пн. ш. 32°51′50″ у. д.HGЯO
Насельніцтва
Колькасьць 54 164 чал. (2009)
Лічбавыя ідэнтыфікатары
Тэлефонны код +7 48134
Паштовы індэкс 216774
Нумарны знак 67
Сайт roslavl.ru (рас.)
Рослаў на мапе Расеі
Рослаў
Рослаў
Рослаў

Ро́слаў, Рослаўль (рас. Рославль) — места ў Расеі, на левым беразе ракі Асьцёру. Адміністрацыйны цэнтар Рослаўскага раёну Смаленскай вобласьці. Насельніцтва на 2017 год — 50 870 чалавек. Знаходзіцца за 123 км на паўднёвы ўсход ад Смаленску, за 135 км ад Бранску. Вузел чыгуначных і аўтамабільных шляхоў.

Рослаў — магдэбурскае места гістарычнай Смаленшчыны, на этнічнай тэрыторыі беларусаў. Да нашага часу тут захавалася некалькі цэркваў, помнікаў архітэктуры XVIII—XIX стагодзьдзяў, а таксама касьцёл Сьвятога Яна Хрысьціцеля, збудаваны ў пачатку XX ст.

На думку сучасных дасьледнікаў, Рослаў атрымаў назву ў гонар свайго заснавальніка — князя Расьціслава Мсьціславіча[1]. Тым часам паводле расейскага гісторыка Карамзіна, места заснаваў муж полацкай князёўны Рагнеды — Уладзімер Сьвятаславіч. Некаторыя гісторыкі прыпісваюць заснаваньне Рослава Ўладзімеру Манамаху.

Варыянты напісаньня назвы места ў гістарычных крыніцах: Ростиславль, Rostislawl[2].

Агульны выгляд, 1850 г.

Каля 1137 году князь Расьціслаў Мсьціславіч заснаваў Рослаў як адзін з гарадоў на заваяваных у радзімічаў землях. Першы пісьмовы ўпамін пра Рослаў датуецца 1150 годам, калі ён уваходзіў у склад Смаленскага княства.

Паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Маскоўскай дзяржавай

[рэдагаваць | рэдагаваць код]
Агульны выгляд, 1858 г.

У ХІV ст. Рослаў далучыўся да Вялікага Княства Літоўскага. 15 ліпеня 1410 году Рослаўская харугва брала ўдзел у Грунвальдзкай бітве. У 1493 годзе места захапілі маскоўскія войскі.

У 1503 годзе Рослаў вярнуўся ў склад Вялікага Княства Літоўскага. У 1508 годзе ён увайшоў у склад Смаленскага ваяводзтва. У 1515 годзе маскоўскі гаспадар Іван IV Тыран зноў захапіў места. Па ягонай сьмерці, у «смутныя часы» рослаўцы падтрымалі войскі Дзьмітрыя Самазванца, прагнучы вяртаньня ў Вялікае Княства Літоўскае.

У 1618 годзе Рослаў стаў цэнтрам староства ў складзе Смаленскага павету Смаленскага ваяводзтва. 24 сакавіка 1623 году кароль і вялікі князь Жыгімонт Ваза надаў месту Магдэбурскае права[3] і герб «у блакітным полі выява збройнага Сьвятога Жыгімонта, у руках якога скіпэтар і яблык»[4]. З пачаткам вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай у 1654 годзе Рослаў захапілі маскоўскія войскі.

Пад уладай Маскоўскай дзяржавы і Расейскай імпэрыі

[рэдагаваць | рэдагаваць код]

Згодна з Андрусаўскім замірэньнем 1667 году Рослаў апынуўся ў складзе Маскоўскай дзяржавы. У 1708 годзе ён увайшоў у склад Смаленскай губэрні, дзе ў 1776 годзе стаў цэнтрам павету. У 1738 годзе ў Рославе адкрылася школа з навучаньнем на расейскай і польскай мовах.

Паводле афіцыйных зьвестак за 1866 год, беларусы складалі 94,7% насельніцтва Рослаўскага павету[5]. У канцы XIX ст. у Рославе дзеялі 7 цэркваў, сярод іх саборная славілася абразам Маці Боскай (прывезены ў 1793 годзе з вострава Мальты), працавалі расейскія 2 прагімназіі і 5 вучэльняў, сярод якіх духоўная і чыгуначна-тэхнічная, 2 багадзельні, 4 лякарні і 3 аптэкі. Агулам існавала 22 прамысловыя прадпрыемствы, зь якіх вылучаліся 2 алейні і столькі ж гарбарняў. Гандлявалі канапляным і льняным алеем, пянькой, зернем, скурамі, тытунем, лыкам. Пункты адпраўкі — Рыга і Цэнтральная Расея. У гэты час беларусы складалі 94% насельніцтва Рослаўскага павету[4].

У 1860 годзе ўкраінскі этнограф Міхайла Леўчанка(uk) сьведчыў паводле ўласных назіраньняў, што «калі рухацца далей на поўнач [ад ракі Дзясны] праз Старадуб, Мглін да Рослава, вы паўсюль заўважыце адзін строй і адзіную гаворку — беларускую», адзначаючы пры тым наступныя асаблівасьці адзеньня: «шапка белая (яламок, мадзерка, мардзелка) лямцавая, у мужчыны, белая хустка (але не намітка) у жанчыны — гэта ліцьвіны або беларусы»[6]. Таксама паводле дзёньніку Алены Скірмунт, часткова апублікаванага ў 1876 годзе пад назвай «3 жыцьця літвінкі, 1827—1874»: «Рослаў. Павінна быць Смаленская губэрня, адна з складных частак Вялікарасеі? О, не! Гэта наша Смаленскае ваяводзтва! Людзі такога ж самага тыпу, з той жа мовай і ўборамі. Праўда, сядзібы ў многім сталі больш брыдкія, хаця і зараз вялікія»[7].

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Рослаў абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі ён увайшоў у склад Беларускай ССР, дзе стаў цэнтрам павету («падраёну») Смаленскага раёну[8]. Аднак 16 студзеня Масква адабрала места разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. У 1920 годзе газэта Наша Ніва пісала, што ў Рослаўскім павеце (найбольш у ваколіцах Манастыршчыны) дзее партызанскі аддзел, які змагаецца за незалежнасьць Беларусі[9].

У Другую сусьветную вайну з 3 жніўня 1941 да 25 верасьня 1943 году Рослаўль знаходзіўся пад акупацыяй Трэцяга Райху.

  • XIX стагодзьдзе: 1856 год — 6,3 тыс. чал.; 1897 год — 17 776 чал.
  • XX стагодзьдзе: 1910 год — 28 тыс. чал.; 1939 год — 41 480 чал.; 1974 год — 54 тыс. чал.[10]; 1993 год — 60,7 тыс. чал.[11]; 1998 год — 60,0 тыс. чал.[12]; 2000 год — 59,8 тыс. чал.
  • XXI стагодзьдзе: 2007 год — 55,3 тыс. чал.; 2017 год — 50 870 чал.

У Рославе працуюць 10 сярэдніх школаў, 3 каледжы, 3 тэхнікумы і філіі 4 унівэрсытэтаў.

Дзеюць 2 бібліятэкі, палац і дом культуры.

Лёгкая і харчовая прамысловасьць, вытворчасьць будаўнічых матэрыялаў.

  • Рослаўскі вагонарамонтны завод.
Чыгуначная станцыя

Праз Рослаў праходзяць аўтамабільныя дарогі А141 РудняАрол (ад Віцебску праз Смаленск і Бранск), А101 (МаскваШэры Камень і далей на Бабруйск), і P137.

Места стаіць на гістарычнай чыгуначнай Рыска-Арлоўскай лініі. Тут знаходзіцца станцыя Рослаў-I, вузлавая, аднесеная да другой клясы.

Рослаў злучаецца прымескай чыгункай з Смаленскам, Жукаўкай і Фаянсавай (м. Кіраў Калускай вобласьці). Мескі транспарт складаецца зь дзясятка аўтобусных маршрутаў, таксі і маршрутныя таксі. Меская аўтастанцыя знаходзіцца побач з чыгуначным вакзалам і забясьпечвае працу значнай колькасьці маршрутаў прымескіх і міжмескіх аўтобусаў.

Турыстычная інфармацыя

[рэдагаваць | рэдагаваць код]
  • Забудова гістарычная (XIX — пачатак XX ст.; фрагмэнты)
  • Касьцёл Сьвятога Яна Хрысьціцеля (1905)
  • Царква Казанскага Абраза Маці Божай (1833—1845)
  • Царква Прачыстай Багародзіцы (1780—1790)
  • Царква Раства Багародзіцы (1850-я)
  • Манастыр Спаскі: царква Сьвятога Спаса (1811—1819), царква Аляксандра Неўскага (1854—1857)
  • Царква Ўваскрасеньня Гасподняга (1816—1825)
  • Царква Ўшэсьця Гасподняга (1821—1832)

Страчаная спадчына

[рэдагаваць | рэдагаваць код]
  • Царква Зьвеставаньня Багародзіцы (1779—1783)
  • Царква Сьвятога Духа (XIX ст.)

Глядзіце таксама

[рэдагаваць | рэдагаваць код]
  1. Смоленская область. Энцикл. Т. 2. — Смоленск, 2003.
  2. Krzywicki J. Rosław // Słownik geograficzny... T. IX. — Warszawa, 1888. S. 758.
  3. Рославль, Адміністрацыя МУ «Рослаўскі раён» (рас.)
  4. 1 2 Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў. — Менск, 1998. С. 227.
  5. Списки населенных мест Российской империи, составленные и издаваемые Центральным статистическим комитетом Министерства внутренних дел. Вып. 40: Смоленская губерния. — СПб., 1868. С. 60.
  6. Левченко М. Места жительства и метные названия русинов // Основа. № 1, 1861. С. 265.
  7. Залескі Б. З жыцця літвінкі: з лістоў і нататак 1823—1874. — Менск: Выд-ва Вiктара Хурсiка, 2009. С. 186.
  8. 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі. — Вільня, 2002.
  9. Наша Ніва. № 1, 1920. С. 4.
  10. Большая советская энциклопедия, 3-е изд.: в 30 т. / Гл. ред. А.М. Прохоров. — М.: Сов. энциклопедия, 1969—1978.
  11. Большой энциклопедический словарь / Гл. ред. В. П. Шишков. — М.: НИ «Большая Российская энциклопедия», 1998. — 640 с.: ил. ISBN 5-85270-262-5.
  12. Энциклопедический словарь

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць код]