Аляксей Пысін
Аляксей Пысін | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | 22 сакавіка 1920 вёска Высокі Барок, Чэрыкаўскі павет, Гомельская губэрня, Расейская СФСР |
Памёр | 27 жніўня 1981 (61 год) Магілёў, Беларуская ССР, СССР |
Пахаваны | |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | Журналіст |
Гады творчасьці | 1938—1979 |
Жанр | Паэзія |
Мова | Беларуская |
Дэбют | 1938 г. (газэта «Чырвоная зьмена») |
Прэміі | Літаратурная прэмія імя Янкі Купалы (1968) |
Узнагароды | Мэдаль «За адвагу» |
Творы на сайце Knihi.com |
Аляксе́й Васі́левіч Пы́сін (1920, в. Высокі Барок, цяпер Краснапольскі раён, Магілёўская вобласьць, Беларусь — 1981, Магілёў, цяпер Беларусь) — беларускі паэт.
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Сям’я
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Аляксей Пысін нарадзіўся 22 сакавіка 1920 году ў вёсцы Высокі Барок Краснапольскага раёну Магілёўскае вобласьці ў сялянскай сям’і. У 1880—1886 прадзед будучага паэта і яго сыны пераехалі з Браншчыны ў Магілёўскую губэрню, на «купчыя землі». За грошы, узятыя ў пазыку ў зямельным банку, купілі ў пана зямлю. Дзед, Пётр Пысін, пасяліўся ў заснаванай перасяленцамі вёсцы Высокі Барок. Бацька, Васіль Пысін, і маці, Хрысьціна (у дзявоцтве Вяржбіцкая, з суседняй вёскі Мануйлы), займаліся сельскай гаспадаркай. У роднай вёсцы прайшлі дзіцячыя і школьныя гады А. Пысіна.
Адукацыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вучыўся ў школе ў Высокім Барку, старэйшыя клясы скочыў у Палускай сярэдняй школе (1938). Перад вайной распачаў вучобу ў Камуністычным інстытуце журналістыкі ў Менску, куды ён быў накіраваны як актыўны селькор раённай газэты «Чырвоны сьцяг», зь якой пачаў супрацоўнічаць падчас вучобы ў сямігодцы.
Інстытут паэту закончыць не ўдалося. У 1939 г. пасьля ўзьяднаньня Заходняй і Ўсходняй Беларусі ён, студэнт другога курса, кідае вучобу і едзе працаваць у раённую газэту на Беласточчыну ў мястэчка Бельск. Гэта быў патрыятычны крок, бо ў Заходняй Беларусі ствараліся беларускія газэты, а прафэсійных журналістаў не хапала.
Вайна
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]З пачаткам вайны эвакуюецца ў Гомель, потым на Ўрал, у запасны полк. Далей была палкавая школа і дарога на фронт. Вайну прайшоў сувязістам, удзельнічаў у баях, двойчы быў паранены. Дэмабілізаваўся А. Пысін на пачатку 1946. Узнагароджаны мэдалём «За адвагу».
Паваенны час
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Працаваў адказным сакратаром краснапольскай раённай газэты «Чырвоны сцяг» (1946—1948), уласным карэспандэнтам магілёўскай абласной газэты «За Радзіму» (1949—1950).
Сябра СП БССР з 1950 году. З 1954 — рэдактар чэрыкаўскай раённай газэты.
У 1956—1957 гг. вучыцца на Вышэйшых літаратурных курсах у Маскве. Пасьля заканчэньня курсаў з 1958 працаваў у рэдакцыі абласной газэты «Магілёўская праўда». З 1974 да апошніх дзён быў сакратаром Магілёўскага абласнога аддзяленьня Саюза Пісьменьнікаў Беларусі.
Памёр 27 жніўня 1981 г. у Магілёве. Пахаваны на Цэнтральных могілках па вул. Лазарэнкі.
Бібліяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Першы верш апублікаваў у 1938 г. (газэта «Чырвоная зьмена»).
Аўтар кніг паэзіі:
- «Наш дзень» (1951),
- «Сіні ранак» (1959),
- «Сонечная паводка» (1962),
- «Мае мэрыдыяны» (1965),
- «Твае далоні» (1967),
- «Пойма» (выбранае, 1968),
- «Да людзей ідучы» (1972),
- «Вярбовы мост» (1974),
- «Вершы» (1976),
- «Ёсьць на сьвеце мой алень» (1978),
- «Палёт» (1982),
- «Яшчэ ня скончана дарога» (1983).
Для дзяцей выдаў зборнікі вершаў:
- «Матылёчкі-матылі» (1962),
- «Вясёлка над плёсам» (1964),
- «Кавылёк» (1966),
- паэму «Дзяўчынка Марыям» (1970), к
- нігі вершаў і паэм «Колькі сонцаў!» (1979),
- «Аляксей, Дзяніс, Алёнка» (1984).
У 1980 і ў 1989 гг. выйшлі Выбраныя творы ў 2 тамах. Напісаў кнігу пра народныя песьні і іх выканаўцаў «Бярозка ля кожных варот» (1972). Пераклаў на беларускую мову «Маабіцкі сшытак» М. Джаліля (з С. Гаўрусёвым, 1975), зборнік вершаў М. Ханінава «Жураўлі над стэпам» (1977).
Узнагароды і памяць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Ляўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы (1968) за кнігу вершаў «Твае далоні».
Імя А. Пысіна прысвоена Палускай сярэдняй школе Краснапольскага раёну, дзе створаны і прысьвечаны яму музэй. У Магілёве на праспэкце Міру, на доме 35а, дзе жыў паэт, усталявана мэмарыяльная дошка.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- З крыніцаў народных // Газэта «Весьнік Магілёва», 21 студзеня 2011 г. Праверана 26 ліпеня 2013 г.