Паўлінка (п’еса)
«Паўлінка» | |
па-беларуску: Паўлінка | |
Вокладка першага выданьня «Паўлінкі» | |
Жанр: | п’еса камэдыя |
---|---|
Аўтар: | Янка Купала |
Мова арыгіналу: | беларуская |
Год напісаньня: | 3 чэрвеня 1912 |
Публікацыя: | 1913 |
Электронная вэрсія |
«Паўлінка» — п’еса Янкі Купалы (камэдыя ў 2 актах), завершаная 3 чэрвеня 1912 году ў Акопах. Упершыню надрукаваная асобным выданьнем у 1913 годзе ў выдавецкай суполцы «Загляне сонца і ў наша аконца». Аўтографы п’есы захоўваюцца ў Літаратурным музэі Янкі Купалы.[1]
Сюжэт
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Падзеі ў п’есе адбываюцца ў хаце Крыніцкіх у два восеньскія вечары. У першы зь іх Паўлінка, пакуль не вярнуліся з рынку яе бацькі — Сьцяпан і Альжбэта Крыніцкія, — сустракаецца са сваім каханым, настаўнікам Якімам Сарокам. Пасьля іх вяртаньня неўзабаве ў хату заяўляюцца сваяк Пранцысь Пустарэвіч з жонкай Агатай, якія прымаюць актыўны ўдзел у падзеях. Назаўтра, пасьля кірмашу, ў Крыніцкіх ладзіцца вечарынка. Акрамя Пустарэвічаў, сюды прыходзіць фанабэрлівы шляхцюк Адольф Быкоўскі, што зьбіраецца сватацца да Паўлінкі, і іншыя госьці. У цэнтры падзей — разумная, дасьціпная, вострая на язык Паўлінка. Вольналюбівая, яна здольная пастаяць за сябе, за сваё каханьне, ідзе ў жыцьцё самастойнай дарогай. На шляху закаханых стаяць патрыярхальныя, кансэрватыўныя сілы. І хоць нялёгка Паўлінцы процістаяць гэтым звычаям і традыцыям, тым болей, што носьбітамі іх зьяўляюцца яе бацькі, блізкія ёй людзі, дзяўчына знаходзіць у сабе сілы, каб не падпарадкавацца волі бацькоў. Яна ідзе зь Якімам, гатовая нават уцячы з дому. У фінале п’есы, які гучыць драматычна (настаўніка Якіма Сароку арыштавалі па даносе Сьцяпана Крыніцкага), Паўлінка называе бацьку і такіх, як Пустарэвіч, «зьвярамі сьляпымі».[1]
Вытокі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Паводле вызначэньня аўтара, жанр твору — «сцэны са шляхецкага жыцьця». Дзейныя асобы камэдыі мелі ў жыцьці сваіх рэальных прататыпаў. Адольф Быкоўскі быў напісаны з Павэлака Ваяводзкага, ганарыстага шляхцюка з фальварку Калдукоўка (Лагойшчына), Сьцяпан Крыніцкі — з Гілярыя Аблачымскага, Пранцысь Пустарэвіч — з Пранцішка Аблачымскага, брата Гілярыя, скнары і п’яніцы. Вобраз галоўнае гераіні п’есы, Паўлінкі, напісаны з дачкі Гілярыя Ядзі, вельмі прыгожай дзяўчыны з цудоўным голасам, у якой быў закаханы сам Купала. Прататып Якіма Сарокі — Мечыслаў Багдановіч, настаўнік, стрыечны брат Ядзі, што жыў у сям’і Гілярыя, кахаў Ядзю і нешчасьліва сватаўся да яе.[1]
Сцэнічная гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Камэдыя адыграла адметную ролю ў станаўленьні і разьвіцьці беларускага прафэсійнага сцэнічнага мастацтва, ўвайшла ў залаты фонд беларускае драматургіі і стала яе клясыкай. Упершыню п’еса была пастаўленая 27 студзеня 1913 году ў Вільні на вечарынцы ў рабочым клюбе «Сокал» Беларускім музычна-драматычным гуртком. Першай выканаўцай ролі Паўлінкі стала С. Маркевіч (Маркевічанка). На прэм’еры п’есы прысутнічаў Купала, які адмыслова для гэтага прыехаў з Пецярбургу. Пра гэтую пастаноўку свой водгук 1 лютага 1913 году напісала «Наша Ніва».[1]
Другі раз п’еса была паказаная ў Пецярбургу 9 лютага 1913 году Беларускім навукова-літаратурным гуртком студэнтаў у пастаноўцы артыста Александрынскага тэатру К. Бэкін-Драздова. Я. Купала актыўна ўдзельнічаў ў падрыхтоўцы спэктаклю — у разьмеркаваньні роляў, кансультаваў на рэпэтыцыях. Ролі ў пастаноўцы выконвалі:
- Паўліна Мядзёлка — Паўлінка
- Клаўдзі Душэўскі — Сьцяпан Крыніцкі
- Уладзіслаў Эпімах-Шыпіла[2] — Пранцысь Пустарэвіч
- Л. Адамовіч — Адольф Быкоўскі
- Л. Заяц — Якім Сарока
- В.Кліковіч — Альжбэта
- К. Эпімах-Шыпіла — Агата.
У «Нашай Ніве» 20 лютага 1913 году быў надрукаваны допіс А. Гурло «Беларускае ігрышча ў Пецярбургу», дзе адзначалася, што спэктакль быў прыняты публікай надзвычай прыхільна.[1]
Камэдыяй «Паўлінка» ў пастаноўцы Ф. Ждановіча распачало сваю дзейнасьць у Менску 23 красавіка 1917 году Першае беларускае таварыства драмы і камэдыі. Трупа таварыства, акрамя Менску, іграла «Паўлінку» ў Асіпавічах, Бабруйску, Жлобіне, Магілёве, Воршы, Радашкавічах, Слуцку. Ролі ў спэктаклі выконвалі:
- Аляксандра Ліпніцкая (Ліпнічанка), Паўліна Мядзёлка — Паўлінка
- Фларыян Ждановіч — Якім Сарока
- Усевалад Фальскі — Якім Сарока, Адольф Быкоўскі
- Антон Крыніца — Сьцяпан Крыніцкі
- М. Шут — Альжбэта
- В. Тарасік — Агата.[1]
З адкрыцьцём Беларускага дзяржаўнага тэатру спэктакль зь некаторымі дапрацоўкамі быў перанесены Ф. Ждановічам на сцэну гэтага тэатру і сыграны 17 верасьня 1920 году, на чацьвёрты дзень пасьля адкрыцьця тэатру. У 1927 годзе рэжысэр Я. Міровіч аднавіў пастаноўку, зрабіў значныя карэктывы, паглыбіўшы сацыяльнае гучаньне сцэнічнага твору. Значнай старонкай у сцэнічнай гісторыі «Паўлінкі» стаў спэктакль, пастаўлены тэатрам і ўпершыню прадстаўлены 23 траўня 1944 году ў Томску, дзе тэатар знаходзіўся ў эвакуацыі. Пастаноўка стала клясыкай беларускага тэатральнага мастацтва. На працягу дзесяцігодзьдзяў Нацыянальны тэатар імя Янкі Купалы адкрываў свой новы сэзон прадстаўленьнем «Паўлінкі».[1]
У 1952 годзе спэктакль купалаўцаў быў экранізаваны студыяй «Беларусьфільм». Значнай тэатральнай падзеяй стала пастаноўка Беларускім дзяржаўным тэатрам (БДТ-2) 12 чэрвеня 1936 году на гастролях у Бабруйску «Вечару беларускіх вадэвіляў», у праграму якога ўвайшлі п’есы «Паўлінка» і «Прымакі» Купалы і «Пінская шляхта» В. Дунін-Марцінкевіча. У 1952 годзе «Паўлінка» была пастаўлена Пінскім абласным драматычным тэатрам, у 1971 годзе — Магілёўскім абласным драматычным тэатрам. У 1979 годзе спэктакль паставіў Гарадзенскі абласны драматычны тэатар. На аснове п’есы ў 1973 годзе Беларускае тэлебачаньне паставіла фільм «Пасьля кірмашу» (рэжысэр Юры Цьвяткоў, сцэнар А. Макаёнка). У тым жа годзе ў Дзяржаўным тэатры музычнае камэдыі БССР створана апэрэта «Паўлінка» (лібрэта А. Бачылы, музыка Ю. Семянякі).[1]
Несумненным зьяўляецца ўплыў п’есы на драматургічныя творы, што зьявіліся пазьней, асабліва ў жанры камэдыі. Купалаўскія традыцыі, творчыя прынцыпы «Паўлінкі» выкарыстоўвалі і разьвівалі Уладзіслаў Галубок, Кандрат Крапіва, Андрэй Макаёнак, Алесь Петрашкевіч і інш.[1]
Пераклады
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На расейскую мову п’есу пераклалі І. Пікулеў, Л. Ракоўскі, на ўкраінскую — П. Тычына разам з Т. Масэнкам, на латыскую — Ул. Пігулеўскі, на баўгарскую — С. Уладзімераў.[1]
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Янка Купала: Энцыкл. даведнік / БелСЭ; Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн., БелСЭ, 1986. — 727 с, 26 л. іл.; Артыкул «Паўлінка (драматычны твор)» / Аўтар — А.Сабалеўскі — С. 463—465.
- Гаробчанка, Т. Купалаўскія вобразы на беларускай сцэне. — Мн., 1976.
- Мядзёлка, П. Сцежкамі жыцця: Успаміны. — Мн., 1974.
- Няфёдаў, Ул. Беларускі тэатр: Нарыс гісторыі. — Мн., 1959.
- Пятровіч, С. Народныя тэатры Беларусі. — Мн., 1966.
- Усікаў, Я. Беларуская камедыя. — Мн., 1979.
- Ярош, М. Драматургія Янкі Купалы. — Мн., 1959.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Вяртаньне «Паўлінкі» на сайце «Народнае газэты»
- Неўміручая «Паўлінка» на сайце газэты «Культура»
- Камэдыя «Паўлінка» на сайце Архівы Беларусі
- «Паўлінка» (кароткі зьмест) на сайце slovo.ws
- «А Паўлінка гэтая жыла пад Сухой гарой...» на сайце «Радыё Свабода»
- Відэазапіс спэктаклю ў Нацыянальным тэатры імя Я. Купалы на сайце YouTube
- «Паўлінка» метит в Книгу рекордов Гиннесса на сайце naviny.by