Усевалад Фальскі
Усевалад Фальскі | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся: |
7 сакавіка 1886 або 8 сакавіка 1887 |
Памёр: | не раней за 1927 |
Усевалад Фальскі (7 сакавіка 1886, або 8 сакавіка 1887 — пасьля 1925) — беларускі грамадзка-палітычны, дзяржаўны і культурны дзяяч, актор, адзін са стваральнікаў беларускага прафэсійнага тэатру.
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нарадзіўся ў вёсцы Лошыца Менскага павету Менскай губэрні (цяпер у межах Менску)[1]. Скончыў тры курсы Ляснога інстытуту ў Санкт-Пецярбургу. У 1906 годзе далучыўся да беларускага руху. На працягу 1915—1918 гадоў удзельнічаў у арганізацыі і быў старшынём Першага таварыства беларускае драмы і камэдыі, Менскага таварыства працаўнікоў мастацтва. Быў жанаты[1].
Выканаўца вядучых роляў у спэктаклях «Паўлінка» Янкі Купалы, «Пашыліся ў дурні» Марка Крапіўніцкага, «Модны шляхцюк» Каруся Каганца, «Бязвінная кроў» Уладзіслава Галубка і інш.
Быў чальцом Менскага аддзелу Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны, намесьнікам старшыні Беларускага нацыянальнага камітэту ў Менску, прадстаўніком Беларускай рады на Дэмакратычнай нарадзе 1917 году на Першым Ўсебеларускім кангрэсе адзін зь лідэраў фракцыі левай плыні.
Са жніўня 1918 году ў Маскве, удзельнічаў у стварэньні маскоўскай беларускай секцыі РКП(б). Узначальваў Камісарыят па замежных справах Часовага рабоча-сялянскага ўраду Беларусі (студзень 1919). У 1919 годзе двойчы арыштаваны савецкімі ўладамі, у тым ліку летам 1919 году быў сярод расстрэльных заложнікаў, якіх чэкісты вывезьлі ў Смаленск пры адступленьні бальшавікоў зь Беларусі[2].
Быў вызвалены са Смаленскай катаржнай турмы 7 траўня 1919 году, перайшоў фронт і вярнуўся ў заняты польскімі войскамі Менск. У часе польскай акупацыі Беларусі (1919—1920) быў намесьнікам начальніка раёну эксплюатацыі лясоў. Пасьля стварэньня ў кастрычніку 1919 году Беларускай вайсковай камісіі працаваў там перакладчыкам[3].
У 1921 годзе быў намесьнікам загадчыка аддзелу мастацтваў, вучоным сакратаром Акадэмічнага цэнтру Наркамата асьветы БССР.
Арыштаваны 3 верасьня 1921 году ў Менску і асуджаны паводле пастановы калегіі АДПУ СССР ад 23.9.1921 за «дапамогу ў шпіянажы»[1] да расстрэлу, замененага на 5 гадоў зьняволеньня, якія адбываў у смаленскай катаржнай турме[2]. Вызвалены 30 траўня 1923 году[1], працаваў справаводам рабфака пры Смаленскім унівэрсытэце. Са сьнежня 1925 году жыў у Кіеве[2], працаваў дырэктарам драматычнага тэатру імя Марыі Занькавецкай, перапісваўся з Інбелкультам.
Неаднаразова хадайнічаў перад урадам Беларусі, каб дазволілі вярнуцца дамоў. Апошняе вядомае дакумэнтальнае сьведчаньне пра У. Фальскага датуецца 26 студзеня 1926 году. Далейшы лёс невядомы[2].
Рэабілітаваны Ваеннай пракуратурай Рэспублікі Беларусь 6 жніўня 1996 году. Асабовая справа У. Фальскага № 20479-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі[1].