Гарадзенскі абласны драматычны тэатар

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Гарадзенскі абласны драматычны тэатар
Абрэвіятура ГАДТ
Дата ўтварэньня 20 кастрычніка 1947 (73 гады таму)
Тып Тэатар
Юрыдычны статус Дзяржаўная ўстанова
Штаб-кватэра Горадня, вул. Маставая, д. 35
Кіраўнік Ігар Гедзіч
Галоўны рэжысэр Андрэй Гузій
Загадніца трупы Ірына Пігоцкая
Сайт Выстава ў сеціве

Гарадзе́нскі абласны́ драматы́чны тэа́тар — прафэсійны драматычны тэатар, які працуе ў Горадні. Тэатар ставіць творы на беларускай і расейскай мовах.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Тэатральная праграмка да першага спэктакля тэатру. 1947 год

Да ўзьнікненьня установы з назваю абласны тэатр у Горадні знаходзіўся Расейскі драматычны тэатр, які быў пераведзены савецкімі ўладамі зь Менску ў 1944 годзе. Гэтая ўстанова рабіла ў месьце да 1947 году, бо яе перавялі назад у Менск. У верасьні 1947 году быў утвораны абласны тэатр.

Заснаваньне абласнога тэатра[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Тэатар створаны рашэньнем Савета Міністраў БССР 20 кастрычніка 1947 году[1] на базе Бабруйскага драматычнага тэатру. Мастацкія традыцыі тэатру былі закладзеныя заснавальнікам калектыву, заслужаным артыстам БССР Мікалаем Кавязіным. Першы тэатральны сэзон адкрыўся спэктаклем «Праўда добра, а шчасьце лепей» па п’есе А.Астроўскага. З 1984 году тэатар працуе ў цяперашнім будынку па вул. Маставой, 35.[2]

У 1947 годзе стварылі абласны драматычны тэатр. Аснову для яго паслужыў абласны тэатр з Бабруйску, які ў сваю чаргу быў заснаваны з калгасна-саўгаснага тэатральнага цэнтру. Работнікі Бабруйскага тэатру прыехалі ў Горадню ў 1946 годзе. Гэта былі першыя гастролі маладога тэатру з Бабруйска. Ужо тады работнікі тэатру ведалі аб ад'езьдзе ў Менск расейскага тэатру й магчымым пераезьдзе бабруйчан у Горадню. Работнікі Бабруйскага тэатру былі радыя пераезду ў Заходнюю Беларусь, бо тут было лепш з харчаваньнем і не было калгасаў.

У дружыну тэатру, якая пераехала ў Горадню, ўвайшлі М. В. Кавязіна, Я. М. Кімбэркг[a], Г. К. Панкрат, М. Анісімаў, Н. Р. Вінтоўкіна, М. Я. Раманаў, У. Я. Левандоўскі, А. А. Чэрнушчэнка і інш. Узначаліў дружыну тэатру заслужаны артыст БССР Мікалай Аляксандравіч Кавязін. Ён рабіў у тэатры да сваёй сьмерці ў 1950 годзе.

Творчасьць 1947-1960[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1950-1970-я гады Гарадзенскі абласны тэатр ставіў спэктаклі толькі на расейскай мове. У першы год работы гарадзенскага абласнога тэатру былі пастаўленыя спэктаклі, якія раней ставілі ў Бабруйску: "За тых, хто ў моры" Лаўрэнёва, "Памятныя сустрэчы" Уцеўскага, "Расейкае пытаньне" Сіманава. Для работы ў новым тэатры быў запрошаны рэжысэр Ю. А. Арынянскі. Разам зь ім з тэатрам супрацоўнічалі:

  • Я. К. Цікоцкі — музыка, кампазытар, зьбіральнік народнай творчасьці, хормайстар
  • А. П. Марыкс — народны мастак БССР

З 1952 па 1955 гады ў тэатры мяняліся галоўныя рэжысэры. Імі былі Ю. Юроўскі, І. Парамонаў, С. Стасенка, С. Рахманаў, А. Міронскі. Частая зьмена рэжысэраў паўплывала на тэатр. Былі сапраўды слабыя выступленьні. З 1955 па 1963 гады галоўным рэжысэрам быў І. С. Папоў. Пад яго наглядам былі пастаўленыя наступныя спэктаклі: "Мараль пані Дульскай" Т. Запольскай, "Дзень цудоўных падманаў" В. Шэрыдана, "Дачнікі" М. Горкага, "Мачаха" А. дэ Бальзака, "Вясельле Фігара" П. Бамаршэ, "Тры сябры" Э. М. Рэмарка і іншыя спэктаклі. У 1963 годзе І. С. Папоў быў запрошаны на работу ў Менскі тэатр імя Я. Коласа.

З 1964 году галоўным рэжысэрам быў Аляксандар Пятровіч Струнін. Ён запоўніў увесь рэпэртуар тэатру расейскімі й савецкімі спэктаклямі пра бальшавікоў.

20 гадоў работы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1967 годзе тэатр адзначыў 20-годзьдзе свайго існаваньня. За гэта час гарадзенцы ўбачылі 180 розных спэктакляў, дзе ў асноўным былі савецкія й заходнеэўрапэйскія аўтары. Творчасьць была на расейскай мове. Выступленьні тэатру пабачылі каля 4 млн чалавек. Тэатр меў выступы ў Жэмойці, Латвіі, Украіне, Расеі і Польшчы. У складзе тэатру працавалі:

  • Я. Н. Кімбэркг[b] — народны артыст БССР
  • заслужаныя артысты БССР:
    • Г. К. Пакрат
    • М. В. Кавязіна.
  • артысты:
    • Л. І. Старажаў
    • В. Ф. Грачынскі
    • П. П. Філіпаў
    • С. І. Аляксандраў

і іншыя.

Закрыцьцё на перабудову. Чысткі.[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1974 годзе будынак тэатру закрылі на перабудову. Пад час яе пачаліся чысткі асабовага складу ўстановы. Былі звольненыя І. С. Струнін, Г. К. Панкрат, Я. М. Кімбэркг і іншыя. На пасаду рэжысэра ўзялі У. Караткевіча.

Тэатр у 1974—1980-я гады[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пры У. Караткевічы тэатр выступаў з расейска-савецкімі спэктаклямі, але патроху пачалі паказвацца п'есы беларускіх творцаў: "Мілы чалавек" К. Крапівы, "Францыск Скарына" А. Петрашкевіча. У 1979 годзе ўпершыню быў пастаўлены твор Я. Купалы "Паўлінка". Яе паставіў рэжысэр А. Ушацкі, Паўлінкаю была Л. Кучэрэнка, а Быкоўскім Ул. Мішчанчук. Тэатр выступаў са спэктаклям "Несьцерка" паводле п'есы А. Вольскага.

1980-я гады[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1981 годзе галоўным рэжысэрам стаў А. Шалыгін. Пры ім ставіліся расейскамоўныя спэктаклі. Беларуская мова зьнікла аж да распаду СССР.

У 1982 годзе Гарадзенскі абласны тэатр пераехаў у новы будынак у якім да гэтага часу знаходзіцца. Будынак быў пабудаваны па чарцяжах Мачульскага.

Рэжысэры[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Рэжысэр

Сьпіс рэжысэраў тэатру:

  • І. С. Папоў
  • А. П. Струпін
  • Ул. Караткевіч
  • А. Шалыгін

І. С. Папоў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

І. С. Папоў быў галоўным рэжысэрам з 1955 па 1963 гады. Закончыў у 1938 годзе Архангельскую тэатральную вучэльню, а затым ДІТМ (ГІТІС). Пасьля рабіў у тэатрах Архангельску, Новакузьнецку, Уладзімеру, Кемерава. З 1947 па 1948 гады быў галоўным рэжысэрам дзяржаўнага расейскага драматычнага тэатру БССР, а пасьля ўзнанальваў Берасьцейскі драматычны тэатр імя ЛКСМБ. У 1963 годзе І. С. Папоў перайшоў у Менскі тэатр імя Якуба Коласа.

А. П. Струнін[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Аляксандар Пятровіч Струнін быў галоўным рэжысэрам з 1964 па 1974 гады. Да таго ён рабіў галоўным рэжысэрам тэатру Балтыйскае і Ціхаакеанскае флётаў СССР. Пад час вайны СССР і Нямеччыны быў у складзе франтавое тэатральнае групы. У 1960 годзе стаў заслужаным тэатральным дзеячом РСФСР. У 1974 годзе быў адпраўлены на адпачынак.

Ул. А. Караткевіч[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Уладзімер Аляксандравіч Караткевіч быў галоўным рэжысэрам з 1974 па 1981 гады.

А. Шалыгін[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

А. Шалыгін быў галоўным рэжысэрам з 1981 году.

Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ў 2011 годзе за высокія дасягненьні ў галіне тэатральнага мастацтва і значны ўнёсак у разьвіцьцё нацыянальнае культуры тэатру прысвоена званьне «Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь».[3]

Мастацкія кіраўнікі тэатру[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У розныя гады мастацкімі кіраўнікамі тэатру былі Ю.Юроўскі, С.Рахманаў, І. Парамонаў, А.Міронскі, І. Папоў, А.Струнін, Ул. Караткевіч, А.Шалыгін, І. Пятроўскі, М.Разцоў, Г.Мушперт, С.Палешчанкаў, А.Жугжда, В.Мацулевіч. Сёньня галоўным рэжысэрам тэатру зьяўляецца Андрэй Гузій.

Рэпэртуар[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1950-я—1960-я гады ставіліся п’есы Б.Рамашова, К.Сіманава, В.Сабко. Найбольш значная праца таго часу — п’еса П.Паўленкі «Шчасьце».

У 1960-я—1970-я гады аснову рэпертуару складалі пастаноўкі гісторыка-рэвалюцыйных п’есаў: «Дзеля сваіх блізкіх» У.Лаўрэнцьева, «Салдаты» В.Шаўрына, «Перад вячэрай» В.Розава, «Якарная плошча» І. Штока і інш. Значнай падзеяй стала пастаноўка п’есы «Порт-Артур» па рамане А.Сьцяпанава. У 1971 годзе быў пастаўлены спэктакль «Дні Турбіных» М.Булгакава.

Мастацкаму сталеньню трупы спрыяў клясычны рэпертуар. Былі пастаўленыя п’есы «Абрыў» па І. Ганчарову, «На дне», «Васа Жалязнова», «Дачнікі» і «Варвары» М.Горкага, «Улада цемры» Л.Талстога, «Тры сястры» А.Чэхава. Сярод твораў замежнай драматургіі вылучаліся «Слуга двух гаспадароў» К.Гальдоні, «Антоні і Клеапатра» У.Шэксьпіра.

Тэатар зьвяртаецца да беларускай драматургіі: «Калі заквітаюць сады» У.Палескага (1950), «Сьпяваюць жаваранкі» К.Крапівы (1951), «Год зьдзяйсьненьняў» П.Васілеўскага (1957), «Трыбунал» і «Таблетка пад язык» А.Макаёнка (1973), «Апошні шанец» В.Быкава (1974) і інш.

У рэпертуар тэатру ўваходзяць такія значныя працы, як «Выкруты каханьня» Лопэ дэ Вега, «Палёт над гняздом зязюлі» Д.Васэрмана, «Тарас на Парнасе» С.Кавалёва, «Раскіданае гняздо» Я.Купалы.

Тэатар гастраляваў ў Баўгарыі, Нямеччыне, Расеі, Польшчы.

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Няфед У. І. Гісторыя беларускага тэатра. ― Мн., 1982;
  • Чарнатоў В. М. Архітэктура тэатраў // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі, 1973, № 1.
  • 60-летие образования Гродненской области: Матэрыялы міжнароднае канфэрэнцыі, 3-4 сакавіка 2004г., Горадня/адказны рэдактар В. А. Балазаровіч. — Горадня. Гарадзенскі дзяржаўны ўнівэрсітэт, 2004. — 456 с., С. Куль-Сяльвестрава. Гарадзенскі абласны драматычны тэатр у 1946-1982 г. с. 274 — 279.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]


Памылка цытаваньня: Тэг <ref> існуе для групы «lower-alpha», але адпаведнага шаблёну {{Крыніцы|група="lower-alpha"}} ня знойдзена. Магчыма, адсутнічае фінальны тэг </ref>