Перайсьці да зьместу

Альбэрт Паўловіч

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Альбэрт Паўловіч
лац. Albert Paŭłovič
Альбэрт Францавіч Паўловіч, 1924 год
Альбэрт Францавіч Паўловіч, 1924 год
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 11 лістапада 1875(1875-11-11)
Менск
Памёр 17 сакавіка 1951(1951-03-17) (75 гадоў)
Курск
Жонка Стэфанія Сямёнаўна
Дзеці Уладзіслава (1898), Севярын (1900), Тамара (1906), Яніна (1908), Альбэрт (1926)
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці паэт і перакладчык
Мова беларуская мова[1], украінская мова[1], польская мова[1], расейская мова[1], кітайская мова[1] і летувіская мова[1]
Дэбют «Песьня» // «Наша Ніва» № 29, 1907
Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Паўловіч.

Альбэ́рт Фра́нцавіч Паўло́віч (11 лістапада 1875, Менск — 17 сакавіка 1951, Курск) — беларускі паэт-гумарыст, драматург, перакладчык і мастак. Цесьць Язэпа Фарботкі. Найбольш значная фігура беларускай гумарыстыкі пачатку XX стагодзьдзя.

Альбэрт Паўловіч у 1893

Нарадзіўся 11 лістапада 1875 году ў Менску. Паходзіў з шляхетнага роду. Яго дзед і бабка па бацьку памерлі ў часе паўстаньня[2]. Скончыў чатырохклясную гарадзкую вучэльню (1894). Не зважаючы на тое, што для А. Паўловіча было забясьпечана месца ў Строганаўскай рысавальнай школе на казённы кошт[3], 13 ліпеня 1894 уладкаваўся ва Ўпраўленьне Лібава-Роменскай чыгункі: чатыры гады працаваў канторшчыкам галоўнай бухгальтэрыі, потым памочнікам бухгальтара і бухгальтарам у розных установах (за гэты час аклад вырас з 240 да 960 рублёў)[4]. 8 студзеня 1898 ажаніўся са Стэфаніяй Сямёнаўнай. У 1911 зрабіўся старшым рахункаводам з гадавым акладам у 1100 рублёў. У 1912 г. стаў справаводцам галоўнай бухгальтэрыі з накладам 1500 рублёў у год[5]. За дваццаць гадоў службы быў у адпачынку толькі тройчы і за руплівую выслугу быў узнагароджаны срэбраным мэдалём на станіславаўскай стужцы і ордэнам сьвятога Станіслава[4]. У часе Першай сусьветнай вайны пэўны час загадваў канцылярыяй асобаўпаўнаважанага Расейскага таварыства Чырвонага Крыжа[4].

Захапляўся гульнёй у шашкі і шахматы. Друкаваў у часопісах і газэтах шахматныя і шашачныя задачы[6]. Жыў у аднапавярховым драўляным доме на былой Нова-Раманаўскай, № 36 (цяпер — Гарадзкі вал, участак тэрыторыі каля кінатэатра «Беларусь»[7]), які дастаўся ў спадчыну ад бацькі. У 1890—1917 тут адбываліся сустрэчы беларускай інтэлігенцыі. У розныя часы ў доме А. Паўловіча былі Браніслаў Эпімах-Шыпіла, Янка Купала, Якуб Колас, Алаіза Пашкевіч, Цішка Гартны, Зьмітрок Бядуля і Максім Багдановіч[6].

Сям’я пісьменьніка: У першым радзе (справа налева) дзеці: Тамара, Севярын, Уладзіслава, Яніна; у другім радзе — Альбэрт Паўловіч і яго жонка Стэфанія Сямёнаўна, 1913.

У вольны час ад працы і заняткаў паэзіі толькі ўлетку вышываў ваўнянымі ніткамі вялікія дываны з адлюстраваньнем розных краявідаў. Ім было вышыта тры дываны, два зь якіх дэманстраваліся на мастацкай выставе 1914 году. Займаўся калекцыянаваньнем манэтаў і пёраў, меў вялікую калекцыю паштовак з пэзажамі. З школьных гадоў зьбіраў маркі.

У 1932 Альбэрт Паўловіч пераехаў у Маскву. Пасьля жыў на Ўрале. У 1946—1951 жыў у Курску.

Памёр 17 сакавіка 1951 у Курску. Пахаваны на Маскоўскіх могілках.

Група беларускіх пісьменьнікаў: зьлева направа стаяць: Альбэрт Паўловіч, Міхась Чарот, Уладзіслаў Галубок, Язэп Фарботка
Травень-чэрвень 1920, Менск. Імаверна, што гэта адзін з здымкаў супрацоўнікаў і актыўных карэспандэнтаў часопіса «Рунь», пасьля выхаду апошняга (10-га) яго нумара.[8]
Альбэрт Паўловіч за вышыўкай уласнага дывана

Літаратурную дзейнасьць пачаў у канцы XIX стагодзьдзя пад уплывам свайго дзядзькі Апалінарыя Паўловіча, служачага лясьніцтва, які «дасканала ведаў мову і быт сялян». А. Паўловіч у сваёй аўтабіяграфіі прызнаваўся, што «пад уплывам яго запісаў і апавяданьняў я пачаў пісаць вершы»[3]. У друку ўпершыню выступіў у 1907 на старонках газэты «Наша Ніва». Матывы яго раньняй творчасьці засяроджваюцца на тэмах сялянскай нядолі і гаротнага стану роднай краіны. Таксама пісаў лірычныя вершы. Да такіх твораў адносяцца «Родны край» і «Родныя малюнкі», у якіх гучаць патрыятычныя матывы, пэйзажная і філязофская лірыка («Трывога», «Мары», «Летняя ноч», «Над Сьвіслаччу» і інш.

У пазьнейшых лірычных вершах, якія друкаваліся ў 1913—1914 у клерыкальнай газэце «Беларус», сацыяльная тэматыка заглушаецца рэлігійна-містычнымі матывамі («У нядзелю», «Званы», «Сон і вечнасьць»).

Агульнапрынята, што найбольшы сьлед у гісторыі беларускай паэзіі пачатку XX стагодзьдзя пакінуў Альбэрт Паўловіч у гумарыстыцы. Пачынаючы з 1907, паэт выступаў на старонках «Нашай Нівы» з жартаўлівымі сцэнкамі і гумарыстычнымі замалёўкамі. На першым часе іх тэматыка абмяжоўвалася сьмешнымі праявамі сялянскага побыту («На начлезе», «Няўмекі і лекі»). Нярэдка паэт сьлепа перадае вершам народны жарт або бытавы анекдот. Пераважная большасьць яго гумарыстычных твораў не выходзіла сваёй тэматыкай за межы побыту беларускай вёскі, паэт аддаваў найбольшую ўвагу навучаньням і агульнагуманістычным ідэалам. Максім Багдановіч у сваім літаратурным аглядзе краснай пісьменнасьці 1911—1913 гг. «За тры гады» адзначаў:

Жартаўлівыя вершы А. Паўловіча, каторыя нягледзячы на розныя недахваты, здабылі яму вялікую прыхільнасьць паміж беларускіх чытачоў, у апошнія гады бадай што зусім не друкаваліся. Некалькі яго твораў, зьявіўшыхся ў «Biełarusie» і «Маладой Беларусі», былі зусім ужо іншага духу. Напісаныя добра, яны сьведчаць, што А. Паўловіч за гэты час папрацаваў над разьвіцьцём свайго таленту. Дзе-што было памешчана і ў «Нашай Ніве»[9].

Аднак, сам пісьменьнік у сваёй аўтабіяграфіі пазьней патлумачыў, чаму ён быў аднесены ў лягер гумарыстаў, апавядаючы гісторыю публікацыі ягоных першых вершаў у газэце «Наша Ніва»:

Пры размове з рэдактарам «Нашае Нівы» Ал. Мік. Уласавым, ён мне сказаў, што з прагледжанага матар’ялу выкарыстае гумарыстычныя вершы, якія назваў «скваркамі для закрасы нумару». Вось чым і тлумачыцца, чаму я стаў больш вядомы, як гумарысты[10].

Таксама ў «Жыцьцяпісе» А. Паўловіч прыводзіць статыстыку сваіх твораў: гумарыстычныя вершы — 175 назваў, 8612 радкоў, лірычныя — 120 назваў, 3966 радкоў, аднак разам зь перакладамі, як адзначыў пісьменьнік, гумарыстыка складае 9316 радкоў, а лірыка — 10850 радкоў[11].

У 1913—1917 і 1919—1921 гг. творы А. Паўловіча не друкуюцца. Як адзначыў сам паэт, «усе мае спробы прарвацца ў друк разьбіліся аб мур выразнай няпрыхільнасьці тых, ад каго шмат залежала»[11].

Альбэрт Паўловіч шмат працаваў у галіне мастацкага перакладу (перакладаў творы А. Пушкіна, Т. Шаўчэнкі, М. Канапніцкай, У. Сыракомлі і інш.) Працаваў над беларуска-польскім слоўнікам. Прысьвяціў два вершы Янку Купалу — «Каліва праўды» і «Ноч на Івана Купалу» і адзін Якубу Коласу — «У хаце сьветлай і прасторнай»[12]. Я. Купала адказаў яму вершам «За пасьвячэньне, вершык харошы».

У 1927 Альбэрт Паўловіч даслаў сваю аўтабіяграфію пад назваю «Мой жыцьцяпіс» дасьледніку беларускай літаратуры Л. М. Клейнбарту (захоўваецца ў ягоным архіве ў Рукапісным аддзеле Пушкінскага дома ў Санкт-Пецярбургу, ф. 586, адз. зах. 160)[3].

Жывучы ў Курску, рабіў шмат копіяў карцін Левітана, Шышкіна і іншых расейскіх мастакоў.

На думку А. Баршчэўскага, вершы А. Паўловіча можна падзяліць на грамадзкія, прыродаапісальныя, фэміністычна-любоўныя, асабістыя і гумарыстычныя[13]. Паводле дасьледніка, творчасьць паэта зьяўляецца тыповай для раньняй стадыі нашаніўскай беларускай літаратуры і ў пэўным сэнсе служыць злучальным зьвяном паміж беларускай літаратурай XIX і XX ст[13].

Да грамадзкай лірыкі пісьменьніка А. Баршчэўскі залічае вершы: «Працуй і пей», «У хаце сьветлай і прасторнай», «Старасьць», «Мары», «Каліва праўды», «Ноч на Івана Купалу», «Пасьня» і «Татка» (апрача названых вершаў грамадзкая праблематыка выступае таксама ў многіх вершах патрыятычных, прыродаапісальных і гумарыстычных)[14]. Грамадзкія вершы, у сваю чаргу, дасьледнік падзяляе на пэсымістычныя і аптымістычныя творы: да пэсымістычнага цыклю належаць вершы «Старац», «Каліва праўды», «Песьня» і «Татка»[14], да аптымістычнага — «Працуй і пей», «Брату», «Мары», «У хаце сьветлай і прасторнай», «Ноч на Івана Купалу»[15] і «Восень», які займае пераходную пазыцыю паміж прыродаапісальнай і грамадзкай лірыкай[16].

Да прыродаапісальных твораў А. Баршчэўскі залічвае вершы: «Над Сьвіслаччу», «На беразе Сьвіслачы», «Летняя ноч», «Асеньняя пара», «Восень», «Трывога», «Родныя малюнкі» і «Родны край»[17].

Да асабістых твораў (часам з матывам каханьня) А. Баршчэўскі адносіць вершы: «У маладосьці час і радасны і мілы», «Раманс», «Не шкадуй» і «Галіна»[18]. На думку дасьледніка, лірыка каханьня і тэма асабістага жыцьця ў творчасьці Паўловіча прадстаўлена досыць скромна, але вершы гэтага цыклю не пазбаўленыя літаратурнай і псыхалягічнай вартасьці[18].

Да найбольш разбудаванай катэгорыі гумарыстычных твораў А. Паўловіча А. Баршчэўскі адносіць каля 40 вершаў. Некаторыя зь іх налічваюць больш за сто радкоў і па свайму характару набліжаюцца да вершаваных фэльетонаў[19]. Паводле дасьледніка, гумарыстычную спадчыну паэта можна разглядаць у некалькіх частках, напрыклад, у аспэкце: камізм сытуацыйны, камізм характару, камізм слоўны, або ў аспэкце выступаных у вершах паэта прыёмаў: гумару, іроніі ці сарказму[19]. На думку А. Баршчэўскага, можна таксама аналізаваць паэтавы вершы ў тэматычным аспэкце: хітрасьці, неахайнасьці, п’янства, абжорства, грубасьці, зьверхветлівасьці і няшчырасьці[19]. Але перадусім вершы А. Паўловіча дасьледнік разглядае паводле схемы: сямейны гумар («Пястун», «Скупы хлопчык», «Сыноўняя апека», «І плач не памагае», «Жаласьлівая матка і цыган», «Бацькава ўцеха», «Боты», «За справункамі» і «Спадчына»[20]), сацыяльны гумар («Пан і акуляры», «Ракі», «Далікатнасьць за далікатнасьць», «Сакпіў», «Шчодрая ахвяра», «У фельчара», «Рэцэпт», «Кравец Юдэль», «Нэйтралітэт», «Няўмекі і лекі»[21]), нацыянальны гумар («Поп і цыган», «Хітры цыган»[22]), жаночы гумар («Прыйшла ў цэркву раз бабулька», «Гаспадыніна дзяжа», «З падслуханага», «Лепшая рада», «Маладая гаспадынька»[23]), дзе высьмейваюцца такія рысы жанчын, як наіўная хітрасьць, неахайнасьць, лянота, гаварлівасьць[23], гумар характару альбо сытуацыйны камізм («На начлезе», «З кірмашу», «Адказ», «Махорка»[24]) і гумар алегарычны («Лыкі, не каўбасы», «Што пяць вёрст», «На рынку»[25]).

Творчая спадчына А. Паўловіча дайшла да нас ня цалкам. У 1910 у Вільні выйшаў яго зборнік «Снапок», частка твораў раскідалася ў беларускіх календарах і розных пэрыядычных выданьнях («Наша Ніва», «Маладая Беларусь», «Беларус», «Лучына» і інш.) Падрыхтаваны аўтарам зборнік гумару «Перавясла», якія мусіў друкавацца ў Бэрліне, так і ня выйшаў. Многія творы гэтага зборніка не былі апублікаваныя і таму згубіліся. Яго пяру таксама належыць драма «Васількі» (Вільня, 1919).

Быў аўтарам артыкулаў «Забытае» (да гісторыі тэксту «Гутаркі Данілы са Сьцяпанам», 1925), «Сялянка» В. Дунін-Марцінкевіча на менскай сцэне" (1929).

У 1931 Браніслаў Эпімах-Шыпіла пераклаў верш А. Паўловіча «Сумная восень» на польскую і нямецкую мовы[26].

  1. ^ а б в г д е Нацыянальная служба Чэскай рэспублікі
  2. ^ Гарэцкі, М. Альбэрт Паўловіч // Гісторыя беларускае літэратуры. — Выданьне другое (папраўленае). — Вільня: Віленскае выдавецтва Б. Клецкіна, 1921. — С. 147.
  3. ^ а б в Багдановіч, І. Неадкрыты лірык // Шляхам гадоў: Гіст.-літ. зб. / Уклад. У. Мархель. — Мн.: Маст. літ., 1990. — С. 207—208. — 372 с. — ISBN 5-340-00493-7
  4. ^ а б в Кісялёў, Г. Постаці. Язэп Каралькевіч — «адзін з харашэйшых сыноў Беларусі…» // Спадчына. — 1992. — № 6. — С. 94.
  5. ^ Кісялёў, Г. Постаці // Спадчына. — 1992. — № 6. — С. 94.
  6. ^ а б Паўловіч-Кліменка, Т. Успаміны пра бацьку // Паўловіч А. Выбранае. — Мн.: Маст. літ., 1975. — С. 120—125. — 136 с.
  7. ^ Казбярук, У. «Не вечна ж бура ды граза...» Жыццё і лёс Альберта Паўловіча // Роднае слова. — Мн.: 1995. — № 11. — С. 18—22.
  8. ^ Вячаслаў Ракіцкі. Пачатак нашага тэатразнаўства // Спадчына. — Мн.: 1991. — № 1. — С. 33.
  9. ^ Багдановіч М. Поўны збор твораў. У 3 т. Т. 2. Маст. проза, пераклады, літаратурныя артыкулы, рэцэнзіі і нататкі, чарнавыя накіды. — Мн:. Навука і тэхніка, 1993.— С. 224—225
  10. ^ Багдановіч, І. Неадкрыты лірык // Шляхам гадоў: Гіст.-літ. зб. / Уклад. У. Мархель. — Мн.: Маст. літ., 1990. — С. 209. — 372 с. — ISBN 5-340-00493-7
  11. ^ а б Багдановіч, І. Неадкрыты лірык // Шляхам гадоў: Гіст.-літ. зб. / Уклад. У. Мархель. — Мн.: Маст. літ., 1990. — С. 210. — 372 с. — ISBN 5-340-00493-7
  12. ^ Лойка А. А. Альберт Паўловіч // Гісторыя беларускай літаратуры. Дакастрычніцкі перыяд У 2 ч. Ч. 2: Падруч. для філал. фак. ВНУ. — 2.е выд., дапрац. і дап.. — Мн.: Выш. шк., 1989. — С. 420. — 480 с. — ISBN 5-339-00183-0
  13. ^ а б Баршчэўскі, А. Нашаніўская пара. Альберт Паўловіч — частка II // Ніва. — Беласток: 1976. — № 28. — С. 4.
  14. ^ а б Баршчэўскі, А. Нашаніўская пара. Альберт Паўловіч — частка III // Ніва. — Беласток: 1976. — № 29. — С. 4.
  15. ^ Баршчэўскі, А. Нашаніўская пара. Альберт Паўловіч — частка V // Ніва. — Беласток: 1976. — № 31. — С. 4.
  16. ^ Баршчэўскі, А. Нашаніўская пара. Альберт Паўловіч — частка VI // Ніва. — Беласток: 1976. — № 32. — С. 4.
  17. ^ Баршчэўскі, А. Нашаніўская пара. Альберт Паўловіч — частка VII // Ніва. — Беласток: 1976. — № 33. — С. 4.
  18. ^ а б Баршчэўскі, А. Нашаніўская пара. Альберт Паўловіч — частка X // Ніва. — Беласток: 1976. — № 36. — С. 5.
  19. ^ а б в Баршчэўскі, А. Нашаніўская пара. Альберт Паўловіч — частка XI // Ніва. — Беласток: 1976. — № 37. — С. 4.
  20. ^ Баршчэўскі, А. Нашаніўская пара. Альберт Паўловіч — частка XII // Ніва. — Беласток: 1976. — № 38. — С. 4.
  21. ^ Баршчэўскі, А. Нашаніўская пара. Альберт Паўловіч — частка XV // Ніва. — Беласток: 1976. — № 41. — С. 4.
  22. ^ Баршчэўскі, А. Нашаніўская пара. Альберт Паўловіч — частка XIX // Ніва. — Беласток: 1976. — № 45. — С. 4.
  23. ^ а б Баршчэўскі, А. Нашаніўская пара. Альберт Паўловіч — частка XX // Ніва. — Беласток: 1976. — № 46. — С. 4.
  24. ^ Баршчэўскі, А. Нашаніўская пара. Альберт Паўловіч — частка XXII // Ніва. — Беласток: 1976. — № 48. — С. 4.
  25. ^ Баршчэўскі, А. Нашаніўская пара. Альберт Паўловіч — частка XXIII // Ніва. — Беласток: 1976. — № 49. — С. 4.
  26. ^ Браніслаў Эпімах-Шыпіла: асоба і дзейнасць // Архівы Беларусі
  • Паўловіч А. Выбранае. — Мн.: Маст. літ., 1975. — 136 с.
  • Альберт Паўловіч // Першацвет адраджэння: Вучэб. дапам. па беларус. літ. для ст. кл. сярэд. шк./Склад. М. А. Федасеенка, Т. П. Прохарава, Г. М. Разанава і інш. — Мн.: Нар. асвета, 1995. — С. 102—106. — 511 с ISBN 985-03-0216-X
  • Усова Н. М. Янислав Волокита и его иллюстрации к «Архіпу і Лявонку» М. Горького. Проблема авторства(недаступная спасылка) // Сообщения Национального художественного музея Республики Беларусь, выпуск 6, 2005. Мн., «Белпринт», 2007, С. 194—202.
  • Снапок: зборнік вершаў / Альбэрт Паўловіч. — Вільня: Полачанін, 1910. — 32 с.
  • «Сялянка» В. Дунін-Марцінкевіча на менскай сцэне: (гістарычная спраўка) / Альбэрт Паўловіч // 1929. ― № 8―9. ― С. 167―169

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Альбэрт Паўловічсховішча мультымэдыйных матэрыялаў