Усевалад Боеў
Усевалад Мікалаевіч Боеў (? — 1954) — беларуска-расейскі грамадзка-палітычны дзеяч, адвакат.
Напрыканцы 1918 — вясной 1919 году зьяўляўся віцэ-старшынём гарадзенскай беларускай губэрнскай управы. Адзін з заснавальнікаў у Горадні таварыства «Бацькаўшчына».
Летам 1919 году дэпартаваны палякамі разам з Іванам Карчынскім у Варшаву (паводле іншых зьвестак — у Кракаў). З 1920 году — у Летуве, займаўся прыватнай адвакацкай дзейнасьцю. Супрацоўнічаў з расейскамоўнай газэтай «Эхо Литвы». У пачатку 1921 году — загадчык аддзела расейскіх спраў пры летувіскім урадзе. Паводле Вячаслава Разумовіча, у 1921 — 1922 гадах быў сувязным паміж урадам БНР і 5-й групай беларускіх антыпольскіх партызанаў.
Удзельнічаў у Беларускай нацыянальна-палітычнай нарадзе ў Празе. Старшыня «агульнага сходу грамадзян і палітычных дзеячаў беларускай калёніі ў Летуве», які адбыўся 22 жніўня 1923 году ў Коўне і на якім была прынята пастанова аб абвяшчэньні «маральнага байкоту беларускага грамадзтва» Вацлаву Ластоўскаму і Клаўдзію Дуж-Душэўскаму. Тамаш Грыб выкарыстоўваў тэрмін «боеўшчына» ў якасьці сыноніма супрацоўніцтва зь летувіскім урадам.
Пасьля Другой сусьветнай вайны жыў у ЗША, быў сакратаром Расійскага манархічнага клюбу ў Чыкага.