Перайсьці да зьместу

Таварыства беларускага тэатру

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Таварыства беларускага тэатру ў Латвіі — культурна-асьветная арганізацыя беларускай меншасьці ў Латвіі, створаная для каардынацыі тэатральна-мастацкай дзейнасьці ў 1920-я — пачатку 1930-х гадоў.

Першы арганізацыйны сход адбыўся 25 сакавіка 1927 году. Таварыства ўзьнікла зь Беларускіх (1-й і 2-й) драматычных дружын Ігната Дварчаніна і Я. Камаржынскага, драматычных гурткоў пры Дзьвінскай і Люцынскай беларускіх гімназіях, таварыстваў «Рунь» і «Беларуская хата», Беларускага народнага тэатру (І-га) у Рызе.

Дзякуючы дзейнасьці таварыства з 1928 году пачалі працу Рыскі і Дзьвінскі народныя тэатры. Дырэктарам таварыства была В. Пігулеўская-Бароўская. Фінансавую дапамогу тэатрам аказвалі Латвійскі культурны фонд і Беларускі аддзел пры Міністэрстве асьветы Латвіі. Таварыства рэкамэндавала для пастановак п’есы К. Каганца, В. Дуніна-Марцінкевіча, У. Галубка, М. Чарота і інш. Інсцэніроўкі для беларускіх тэатраў рабілі Уладзімер Пігулеўскі, Камаржынскі.

У 1931 годзе таварыства паставіла 10 спэктакляў, у т.л. 3 прэм’еры. Рэжысэры часта запрашалі артыстаў латыскіх і расейскіх тэатраў. Таварыства арганізавала драматычныя гурткі амаль ва ўсіх беларускіх навучальных установах. У іх праводзіліся вечарыны з дакладамі, дэклямацыямі і спэктаклямі. Так, 12 сьнежня 1932 году Таварыства беларускай моладзі ў Латвіі адзначыла 50-годзьдзе Я. Купалы пастаноўкай п’есы «Раскіданае гняздо», а 11 лютага 1933 году разам з вучнямі Рыскай беларускай вячэрняй дадатковай школы наладзілі спэктакль-вечарыну (пастаўлена «Паўлінка» Я. Купалы). Пасьля дзяржаўнага перавароту ў Латвіі ў 1934 году, культурна-асьветніцкая дзейнасьць беларусаў, як і іншых нацыянальных меншасьцей, пачала затухаць.

  • Панізнік, С. Таварыства беларускага тэатра / Сяргей Панізнік // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая. — Мн.: БелЭн, 2001. — 591 с.: іл. — С. 488. — ISBN 985-11-0214-8.