Перайсьці да зьместу

Антон Луцкевіч

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «А. Луцкевіч»)
Антон Луцкевіч
лац. Anton Łuckievič
Прэм’ер-міністар БНР
1918 — 1919
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся: 17 (29) студзеня 1884
Шаўлі, Ковенская губэрня, Расейская імпэрыя
Памёр: 23 сакавіка 1942 або 30 лістапада 1943[1]
перасыльны пункт Аткарск, Саратаўская вобласьць, РСФСР, СССР
Партыя:
Сужэнец: Зоф’я Абрамовіч[d]
Дзеці: Лявон Луцкевіч і Юры Луцкевіч[d]
Бацька: Ян Баляслаў Луцкевіч
Маці: Зоф’я Лычкоўская[d]
Адукацыя:
Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Луцкевіч.

Анто́н Луцке́віч (Псэўданімы: Антон Навіна, І. Мялешка[2]; 29 студзеня [ст. ст. 17 студзеня] 1884, Шаўлі, Ковенская губэрня — 23 сакавіка 1942 або 30 лістапада 1943[1], перасыльны пункт Аткарску, Саратаўская вобласьць) — адзін з пачынальнікаў беларускага нацыянальнага руху ў ХХ ст., гісторык, літаратуразнаўца, публіцыст. Брат Івана Луцкевіча. Псеўданімы: Белорус Антон; Букавецкі Генрык; Иванов А.; Кумельган; Мялешка І.; Мялешка Ів.; Ант. Навіна; Навіна Антон. Крыптанімы: A.L!; A.N.; H.B.; а-н-а; А-н-а; А-н-А; А.Л.; А.Н-а; А.Н-А; А.Н.; Б.Г.; Г-бэ; Г.; Г.Б.; Г.В.; Н-а-А; Н.; Н.А.; S-wicz.[3]

Антон Луцкевіч у часе вучобы ў Юр’еўскім унівэрсытэце. 1910-я гады

Нарадзіўся 29 студзеня 1884 году (па новым стылі) ў г. Шаўлі Ковенскай губэрні. Паходзіў з шляхецкага роду гербу «Навіна». Брат Івана Луцкевіча.

У 1902 годзе скончыў Менскую гімназію. Вучыўся на фізыка-матэматычным факультэце Пецярбурскага ўнівэрсытэту, юрыдычным факультэце Дэрпцкага ўнівэрсытэту. Адзін з заснавальнікаў у 1903 годзе Беларускай рэвалюцыйнай грамады (пазьней — Беларуская сацыялістычная грамада). Арыштаваны ў Менску ў 1904 годзе за распаўсюджваньне партыйнай літаратуры, выпушчаны з пазбаўленьнем права пакідаць горад. У лютым 1906 году перайшоў на нелегальнае становішча, пераехаў у Вільню. Уваходзіў у склад рэдакцый газэтаў «Наша доля» й «Наша ніва». Першы артыкул апублікаваў у 1906 годзе ў № 1 газэты «Наша доля». Супрацоўнічаў з выдавецтвам «Нашай нівы», з 1913 зь Беларускім выдавецкім таварыствам. З 1911 году — саўладальнік Віленскай бібліятэкі-чытальні «Веды» Б. Даніловіча, з 1914 году — яе ўладальнік.

1915—1920 гады, пачатак палітычнае дзейнасьці

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пасьля акупацыі Вільні ў 1915 годзе нямецкімі войскамі ўзначаліў Беларускае таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны. Адзін з выдаўцоў газэты «Гоман». У 1915 годзе з братам, паэтэсай Цёткай (А. Пашкевіч) і іншымі заснаваў Беларускую сацыял-дэмакратычную работніцкую групу (БСДРГ), узначаліў Беларускі народны камітэт (БНК). Адзін з ініцыятараў Канфэдэрацыі Вялікага Княства Літоўскага. У 1916 годзе БНК ухваліў яго канцэпцыю Злучаных Штатаў ад Балтыйскага да Чорнага мора.

Пасьля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 году выказваўся за ўключэньне ў склад будучай беларуска-літоўскай дзяржавы ўсіх беларускіх зямель, за наданьне дзяржаўнага статусу ўсім мясцовым мовам, школьнае навучаньне на роднай мове. На Беларускай канфэрэнцыі 1918 абраны старшынём Віленскай беларускай рады (ВБР)[4]. 18 сакавіка 1918 году кааптаваны ад ВБР у склад Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, быў ініцыятарам абвяшчэньня незалежнасьці БНР. Пасьля расколу БСГ адзін са стваральнікаў Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (БСДП). У верасьні 1918 году прызначаны Радай БНР Старшынём Народнага сакратарыяту й народным сакратаром замежных справаў (з кастрычніка 1918 году — Старшыня Рады Народных Міністраў і міністар замежных справаў БНР). У верасьні — пачатку кастрычніка 1918 году ўзначальваў беларускую надзвычайную дэлегацыю, якая наведала Ўкраіну, сустракалася з гетманам П. Скарападзкім. 3 сьнежня 1918 Рада і ўрад БНР на чале з А. Луцкевічам пераехалі ў Вільню, 27 сьнежня — у Гародню. 14 сьнежня 1918, 2 і 3 студзеня 1919 году Луцкевіч накіраваў ноты пратэсту польскаму ўраду супраць далучэньня да Польшчы Беластоцкага, Бельскага й Аўгустоўскага паветаў. У канцы сакавіка 1919 году перад пагрозай польскай акупацыі Гарадзеншчыны й Віленшчыны ён і некаторыя чальцы ўраду БНР выехалі ў Бэрлін. Дамагаўся таго, каб прадстаўнікі БНР прынялі ўдзел у Парыскай мірнай канфэрэнцыі. У Бэрліне склаў мэмарандум, які быў уручаны старшыні канфэрэнцыі. Па запрашэньні міністра-прэзыдэнта Польшчы І. Падарэўскага выехаў з Парыжу ў Варшаву, дзе ў пачатку верасьня 1919 году быў інтэрнаваны. 1 сьнежня 1919 году вярнуўся ў Менск. Пасьля расколу Рады БНР з 13 сьнежня 1919 году — Старшыня Рады Міністраў Найвышэйшай Рады БНР.

Антон Луцкевіч

Не знайшоўшы паразуменьня з Польшчай, 28 лютага 1920 году падаў у адстаўку і выехаў у Вільню. Там аднавіў выданьне газэты «Наша ніва» (выйшла 9 нумароў), да канца 1920 году склаў і выдаў зборнікі «Наша ніва» і «Памяці Івана Луцкевіча». У ліпені — жніўні 1920 году зьняволены бальшавікамі. З 1921 году — старшыня Беларускага нацыянальнага камітэту ў Вільні.

Выкладаньне і палітычная дзейнасьць

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Выкладаў у Віленскай беларускай гімназіі. У ліпені 1921 году заснаваў Беларускую школьную раду, якая пазьней зьлілася з Таварыствам беларускай школы (ТБШ). Яго намаганьнямі пры Беларускім навуковым таварыстве (БНТ) арганізаваны Беларускі музэй імя І. Луцкевіча. У 1922 годзе ўзначаліў у Вільні Беларускі цэнтральны выбарчы камітэт, распрацаваў тактыку й структуру Беларускага пасольскага клубу.[4] Пасьля ўтварэньня ў 1925 годзе Беларускай сялянска-работніцкай грамады (БСРГ) працаваў у яе рэдакцыйным камітэце, куды быў запрошаны С. Рак-Міхайлоўскім. Быў адным з заснавальнікаў Беларускага каапэратыўнага банку[5][6]. Арыштаваны польскімі ўладамі ў кастрычніку 1927 году, абвінавачаны ў супрацоўніцтве зь нямецкай і савецкай разьведкай; апраўданы судом у пачатку 1928 году. У 1928 годзе арыштоўваўся яшчэ раз і зноў апраўданы. У сярэдзіне 1929 году А. Луцкевіч выключаны з ТБШ, дзе камуністы мелі моцныя пазыцыі. Адзін са стваральнікаў Цэнтральнага саюзу культурных і гаспадарчых арганізацыяў (Цэнтрасаюзу), які адмаўляў рэвалюцыйныя мэтады змаганьня з санацыйным рэжымам Ю. Пілсудзкага й выступаў за парлямэнцкія мэтады барацьбы. Незадавальненьне КПЗБ выклікала крытыка А. Луцкевічам нацыянальнай і аграрнай палітыкі, якую савецкае кіраўніцтва пачало ў 1929 годзе, асабліва артыкул «Цень Азефа» (1930), дзе ён даў рэзка адмоўную характарыстыку Сталіну й яго акружэньню. Антон Луцкевіч праяўляў вялікую актыўнасьць у галіне культурна-публіцыстычнай, між іншым быў старшынём Беларускага навуковага таварыства. У 1930 годзе польскія ўлады забаранілі дзейнасьць Беларускага выдавецкага таварыства, якім кіраваў Антон Луцкевіч. У 1931 годзе звольнены з работы ў Віленскай беларускай гімназіі. Антон Луцкевіч стаў аб’ектам палітычных спэкуляцый і нападаў. У гэты час выявіліся супярэчнасьці паміж лідэрамі Цэнтрасаюзу. Яго старшыня Ф. Акінчыц крытыкаваў А. Луцкевіча за марксісцкі сьветапогляд. 3 абвінавачваньнямі ў палітычных праліках выступілі ў друку і хрысьціянскія дэмакраты.

Зьніжэньне дзейнасьці

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1933—1939 гадах беларускія газэты яго не друкавалі. Антон Луцкевіч выступаў пераважна ў газэце «Przeglad Wileński» («Віленскі агляд»), часопісе «Калосьсе», «Гадавіку» Беларускага навуковага таварыства. Адышоў ад палітычнай дзейнасьці, працаваў у БНТ і Беларускім музэі, выступаў зь лекцыямі й рэфэратамі.

3 чэрвеня 1937 году Галоўная ўправа ў справах літаратуры і выдавецтваў Беларускай ССР (Галоўліт БССР) выдала Загад № 33 «Сьпіс літаратуры, якая падлягае канфіскацыі зь бібліятэк грамадзкага карыстаньня, навучальных установаў і кнігагандлю». Паводле Загаду, «усе кнігі» Антона Луцкевіча прадугледжвалася «спальваць»[7].

Пасьля ўступленьня ў Заходнюю Беларусь Чырвонай Арміі яго запрасілі на сход беларускай інтэлігенцыі. У верасьні 1939 году арыштаваны бальшавікамі ў Вільні й перавезены ў Менск. Асобай нарадай НКВД СССР прыгавораны да 8 гадоў канцлягераў. Памёр у саратаўскай вязьніцы НКУС. Быў пахаваны ў спэцсэктары камунальных могілак Аткарску[8].

Рэабілітаваны ў 1989 годзе.

Навуковая дзейнасьць і публіцыстыка

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першы артыкул «Што будзе?» надрукаваў у газэце «Наша доля» (1906, № 1). Паступова стаў вядучым беларускім публіцыстам. У артыкулах і нататках пачатку ХХ ст. крытыкаваў аграрную й нацыянальную палітыку царызму, выказваўся за сацыяльнае й нацыянальнае вызваленьне беларускага народу, асуджаў нацыяналізм («Краёвае становішча», 1914). Разьвіцьцё беларускага вызваленчага руху зьвязаў з разьвіцьцём капіталістычных адносінаў і станаўленьнем нацыянальнай буржуазіі («Эканамічная эвалюцыя і беларускі рух», 1917). Склаў курсы лекцый па фанэтыцы й этымалёгіі. У 1917 годзе выдаў працу «Як правільна пісаць па-беларуску», у 1918 годзе (разам з Я. Станкевічам) — «Беларускі правапіс». Аўтар брашуры «Польская акупацыя на Беларусі» (1920), працы «За дваццаць пяць гадоў (1903—1928)» (1928, прысьвечаная гісторыі БРГ і БСГ). Дасьледаваў гісторыю нарадавольніцкага руху, выступаў з дакладамі й рэфэратамі па гэтым пытаньні. Вывучаў мову скарынаўскіх выданьняў і Статут Вялікага Княства Літоўскага 1529 году («Чатырохсотледце першага кодэксу беларускага права», 1929; «Статут Вялікага Княства Літоўскага на фоне эвалюцыі нацыянальных адносін у Беларусі», 1930, і інш.). Аўтар зборнікаў літаратурна-крытычных працаў «Нашы песьняры» (1918), «Адбітае жыцьцё» (1929). Апублікаваў шэраг працаў па гісторыі беларускай культуры, мастацтва й літаратуры: «Пуцяводныя ідэі літаратуры», «Жыдоўскае пытаньне ў беларускай літаратуры» (абедзьве 1921), «Вязьніца Адама Міцкевіча» (1923), «Эвалюцыя беларускай адраджэнскай ідэалёгіі і адбіцьце яе ў літаратуры» (1926) і інш. Асобныя артыкулы і нататкі прысьвяціў жыцьцю і творчасьці М. Багдановіча, А. Бурбіса, М. Гарэцкага, Ядвігіна Ш., Ф. Багушэвіча, Я. Коласа, Я. Купалы, Цёткі, К. Сваяка й інш. Пераклаў на беларускую мову працу М. Доўнар-Запольскага «Асновы дзяржаўнасьці Беларусі» (1919), «Элемэнтарную альгебру» А. Кісялёва і падручнік В. Остэрлёфа і Я. Шустэра «Сусьветная гісторыя. Ч. 2. Сярэднявечная гісторыя» (1921), адзін зь перакладчыкаў Новага запавету і Псалтыра (Хэльсынкі, 1931) і інш.

Ушанаваньне памяці

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

7 сакавіка 2018 году ў Менску ў рамках мерапрыемстваў да 100-годзьдзя Беларускай Народнай Рэспублікі быў усталяваны памятны знак у гонар братоў Антона й Івана Луцкевічаў. Памятны знак разьмешчаны на месцы дамоў Зоф’і Луцкевіч па колішняй Садовай вуліцы (цяпер парк імя Янкі Купалы), дзе браты жылі ў 1896—1906 гадах[9].

У прыватным музэі Анатоля Белага ёсьць памятная дошка «Заснавальнікам БНР», на якой разьмешчаны, сярод іншых, барэльеф Антона Луцкевіча[10].

На віленскіх могілках Роса месьціцца кенатаф Антона Луцкевіча.

  1. ^ а б Атрымана пасведчанне аб смерці Антона Луцкевіча(недаступная спасылка) «Наша Ніва», 2 чэрвеня 2011
  2. ^ Луцкевіч А. Публіцыстыка з часоў БНР // Спадчына №3-1993. С. 11-15
  3. ^ Смалянчук, Аляксандар. Краёвая ідэя і беларускі нацыянальны рух у Заходняй Беларусі ў 1920—1930-я гг. // рэдактар Смалянчук, Аляксандар Homo Historicus 2012. Гадавiк антрапалагiчнай гiсторыi. — Вільня : Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт, 2012. — С. 389, 404. — ISBN 978-9955-773-53-5.
  4. ^ а б ЭГБ, т.4
  5. ^ Пінскі аддзел Беларускага кааператыўнага банка ў Вільні (1926–1932 гг.): утварэнне і дзейнасць А.С. ГОРНЫ, А.Л. ІЛЬІН // Известия Гомельского государственного университета имени Ф. Скорины, № 1 (94), 2016.
  6. ^ Горны А. Рэгіянальныя структуры беларускага нацыянальнага pyxy ў Заходняй Беларусі (1921—1939 гг.) // Беларускі гістарычны часопіс. № 6, 2021. С. 19
  7. ^ Алесь Лукашук. Мова гарыць (Загад № 33) // Спадчына : часопіс. — 1996. — № 3. — С. 76—91. — ISSN 0236-1019.
  8. ^ Антон Луцкевич: материалы следственного дела НКВД БССР =  (рас.);  (бел.) / Михнюк, В. Н., Климович, Н. М., Гесь, А. Н.. — Менск: БелНИИДАД, 1997. — 203 с. — (Возвращенные из небытия). — 100 ас.
  9. ^ Максім Ляшко (7 сакавіка 2018) У парку Янкі Купалы ў Мінску ўсталявалі мемарыяльную дошку ў гонар братоў Луцкевічаў. nn.by. Праверана 7 сакавіка 2018 г. Архіўная копія ад 7 сакавіка 2018 г.
  10. ^ Вячаслаў Кулік Створаны першы помнік заснавальнікам БНР. svaboda.org. Архіўная копія ад 22 студзеня 2018 г.

  • Антон Луцкевич: материалы следственного дела НКВД БССР / Подг. к печати, введение и комментарии В. Н. Михнюка, Н. М. Климовича и А. Н. Гесь. Мн., 1997;
  • БП, т. 4;
  • Бяляцкі А. У іпастасі літаратурнага крытыка // Вяртання маўклівая споведзь. Мн., 1994;
  • Бяляцкі А. Антон Луцкевіч // Гісторыя беларускай літаратуры ХХ ст. Мн., 1999. Т. 2;
  • За дзяржаўную незалежнасць Беларусі. Дакументы і матэрыялы… Лёндан, 1960;
  • Каханоўскі Г. Бацька Івана і Антона // ЛіМ. 1990. 2 лістап.;
  • Конан У. Антон Луцкевіч: філасофія і эстэтыка нац. Адраджэння // Голас Радзімы. 1994. 10 сак. — 7 крас.;
  • Маракоў Л. У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т.2. —Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9
  • Сідарэвіч А. М. Антон Луцкевіч: ад краёвасці да незалежніцтва (1916—1918) (агляд крыніцаў БДАЛМ) // Архіўныя чытанні І-ІІІ: матэрыялы навуковых канферэнцый, Мінск, 2003—2005 гг. / Укл.: Г. В. Запартыка і інш.; навук. рэд. А. В. Мальдзіс. Мінск: РІВШ, 2006. С. 209—222.
  • Сідарэвіч А. Антон Луцкевіч і Янка Купала // Тэрмапілы. 2003. № 7. С. 161—204.
  • Сідарэвіч А. Антону Луцкевічу — 120 // Наша слова. 2004. 25 студзеня. № 4. С. 5.

  • Сідарэвіч А. Вучаніца і настаўнік: супраца // Дзеяслоў. 2003. № 7. С. 177—181.
  • Сідарэвіч А. 3 жыцця Антона Луцкевіча // ЛіМ. 1991. 18, 25 студз., 1 лют.;
  • Сідарэвіч А. Луцкевічы і Луцэвіч. Мінск: Фонд імя братоў Луцкевічаў, 2003. 58 с.
  • Сідарэвіч А. Маленькая містыфікацыя // Наша ніва. 2006. 3 лютага. № 5. С. 34-36;
  • Сідарэвіч А. Падзеі ў Віленскай Беларускай гімназіі і А.Луцкевіч. Беларуская санацыя і нацыянал-фашызм // Наша слова. 2004. 28 красавіка. № 16. С. 3-4.
  • Сідарэвіч А. Хроніка пераломнага часу: А.Луцкевіч як ідэолаг і правадыр нацыянал-фашызму і нацыянал-дэмакратыі // Дзеяслоў. 2004. № 1. С. 167—192;
  • Сидоревич А. Антон Луцкевич: Главы из книги // Нёман. 1990, № 7;
  • Тарасюк Л. Беларуская паэзія пачатку XX ст. ў ацэнках А. Навіны (Луцкевіча) // Веснік БДУ. Сер. 4. 1994. № 2;
  • ЭГБ, т. 4;
  • Янушкевіч Я. Луцкевічы // Шляхам гадоў: Гісторыка-літаратурны зборнік. Вып. 4. Мн., 1994;
  • Łuckievič, Anton // Zaprudnik J. Historical dictionary of Belarus. — Lamham. — London: Scarecrow Press, 1998. — 338 p. ISBN 0-8108-3449-9.
  • Bergman A. Antoni Łuckiewicz (1884—1946). Szkic biograficzny // Przegląd Historyczny. 1974. T. LXV, y. 4.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Антон Луцкевічсховішча мультымэдыйных матэрыялаў