Перайсьці да зьместу

Беларусы ў Кракаве

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Паэтычны зборнік Францішка Багушэвіча, Дудка Беларуская, упершыню выдадзены ў Кракаве ў друкарні Ўладзіслава Людвіка Анчыца, якая разьмяшчалася ў камяніцы па вуліцы Кананічнай, 9 (Kanoniczna, 9)

Беларусы ў Кракаве зьяўляюцца з пачатку XV стагодзьдзя ў сувязі са стварэньнем Ягелонскага ўнівэрсытэту[1]. Першыя беларусы ў Кракаве былі вучнямі дадзенай установы. Таксама ў Кракаве можна знайсьці матэрыяльныя здабыткі беларускае культуры[1].

Сярэднявечча—XVII стагодзьдзе

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

За першыя два стагодзьдзі існаваньня Ягайлаўскага ўнівэрсытэту празь яго прайшло 400 студэнтаў зь зямель Беларусі[1]. Сярод іх – Францішак Скарына, Сымон Будны і, верагодна, Іван Фёдараў[1]. Лік беларускіх студэнтаў у Кракаве паменшыўся са зьяўленьнем Віленскай акадэміі.

У капліцы Сьвятога Крыжа на Вавэлі захаваліся паліхромныя фрэскі 1470 году, выкананыя майстрамі зь Вялікага Княства Літоўскага. Там можна заўважыць надпісы на старабеларускай мове, якія знайшлі толькі ў другой палове ХІХ стагодзьдзя[1]. Таксама ў капліцы пахаваны Казімер Ягелончык.

У 1523 годзе ў Кракаве была выдадзеная паэма «Песьня пра зубра» Міколы Гусоўскага.

Касьцёл Сьвятых Апосталаў Пятра і Паўла быў спраектаваны італьянцам Янам Бэрнардоні, які раней працаваў у Беларусі. У гэтым будынку ў 1658 годзе Казімер Лышчынскі быў пасьвечаны ў езуіты.

У другой палове XIX стагодзьдзя з Кракаўскай акадэміяй ведаў актыўна супрацоўнічалі Зыгмунт Урублеўскі, Аляксандар Ельскі, Адам Кіркор (большая частка архіваў двух апошніх знаходзіцца ў Ягелонскай бібліятэцы). Дзякуючы акадэміі была выдадзеная этнаграфічная праца Адама Гурыновіча «Зборнік беларускіх твораў», а Адам Кіркор напісаў беларускую частку шматтомнага выданьня «Жывапісная Расея».

У 1891 годзе ў друкарні Ўладзіслава Людвіка Анчыца (вуліца Кананічная, 9; ulica Kanonicza, 9) была выдадзеная «Дудка беларуская» Францішка Багушэвіча.

У 1818 і 1890 гадах у Кракаве былі перапахаваныя Тадэвуш Касьцюшка і Адам Міцкевіч.

У 1896 годзе ў Кракаве памёр Эмэрык Гутэн-Чапскі, які ўсё жыцьцё жыў пад Менскам і пераехаў у Кракаў незадоўга да сьмерці. У Кракаве ён набыў палац па вуліцы Пілсудзкага, 12 (ul. Piłsudskiego, 12), у якім цяпер знаходзіцца музэй ягонага імя. Дзякуючы Эмэрыку Гутэн-Чапскаму ў фонды Нацыянальнага музэю ў Кракаве трапіла прадукцыя беларускіх мануфактураў XVIII стагодзьдзя.

У 1896—1903 гадах у Кракаве жыў і вучыўся Станіслаў Любіч-Маеўскі, які гуртаваў тутэйшых беларусаў, стварыў Кола беларускіх студэнтаў[2].

У 1903 годзе ў Кракаве памёр Казімер Нарбут, былы кіраўнік атраду паўстанцаў у паўстаньні 1863 года, а ў 1920 — беларускі пісьменьнік Алесь Гарун.

З 2004 году ў Кракаве праходзяць Дні беларускай культуры[3].

17 мая 2013 году намесьніца Міністра замежных справаў Беларусі Алена Купчына брала ўдзел у сустрэчы міністраў замежных справаў краінаў-удзельніцаў Вышаградзкай групы і Ўсходняга партнёрства ЭЗ[4].

У Кракаве дзейнічае згуртаваньне «Беларусы ў Кракаве», якое, аднак, юрыдычна пакуль не аформленае[5].

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]