Беларусы ў Коўне
Белару́сы ў Ко́ўне — беларуская дыяспара, сфармаваная ў міжваенны кругабег у Летуве.
Дзейнасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]11 сакавіка 1919 году ўрад Летувы дазволіў фармаваньне 5-е беларускае роты (да 200 чалавек) у Коўне.
У 1921 годзе Вацлаў Ластоўскі пераехаў з Рыгі ў Коўна, дзе зьбіраўся ўвесь урад БНР.
15 і 25 красавіка 1921 году на агульных сходах у Коўне быў прыняты Статут Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа[1]. Таварыства ў пачатку 1920-х гг. стала асноўнай дабрачыннай арганізацыяй замежжа, якая ў хуткім часе пачала каардынаваць дзейнасьць суполак у іншых краінах сьвету[1].
З 5 на 6 сакавіка 1922 году польскія ўлады выселілі з Вільні 33 беларускіх і літоўскіх дзеячоў. Выселеныя беларусы накіраваліся ў Коўна, дзе былі вельмі прыхільна сустрэтыя Ластоўскім і ягоным урадам[2].
У 1924 годзе Рада БНР пакінула Коўна[3].
27 лютага 1932 году ў Коўне з ініцыятывы Сымона Якавюка паўстала Беларускае культурна-асьветніцкае таварыства, у якім хутка ўжо была тысяча ковенскіх беларусаў. Галоўнай мэтай арганізацыі стала пашырэньне роднае мовы і разьвіцьцё нацыянальнае культуры ў асяродзьдзі беларускае дыяспары. 12 лютага 1933 году пры таварыстве адкрыўся Беларускі дзіцячы садок. У 1933 г. дзіцячы садок наведвала 15 дзяцей, а ў 1934 г. колькасьць дзяцей павялічылася да 20[1]. Хоць работу саду і кантралявала Меская ўправа г. Коўна, фінансава дзяржава яго не падтрымлівала[1].
22 студзеня 1933 году з дазволу Міністэрства адукацыі Летувы быў адкрыты перасоўны Беларускі народны ўнівэрсытэт у памяшканьні клюбу «Беларуская хатка» (вул. Крашэўскага, 34). Гэты ўнівэрсытэт вышэйшай адукацыі не даваў, але чытаў лекцыі па беларусазнаўстве. Установа фінансавалася беларусамі замежжа і кантралявалася Міністэрствам адукацыі Летувы. У першы навучальны год сваёй дзейнасьці курсы мелі ўжо 42 слухачоў[1].
Існаваў таксама праект стварэньня нацыянальнай настаўніцкай сэмінарыі ў Коўне, але вышэйшую навучальную ўстанову заснаваць не змаглі[1].
У чэрвені 1932 году Культурна-асьветніцкае таварыства заснавала Беларускі народны тэатар з пастаяннай тэатральнай трупай у г. Коўне. Мастацкім кіраўніком стала Караліна Плескачэўская.
У 1933 г. ва ўнівэрсытэце Вітаўта Вялікага была створаная студэнцкая арганізацыя «Аб’яднаньне», якая пачала ладзіць канцэрты і вечарыны з мэтай папулярызацыі беларускае народнае культуры. Але беларускіх студэнтаў было мала: у 1932/1933 навучальным годзе агульны кантынгент студэнтаў ува Ўнівэрсытэце Вітаўта Вялікага складаў 4554 чал., зь якіх 13 асобаў вызначалі сябе ў анкетах беларусамі[1].
26 лютага 1933 году ў Коўне адбыўся зьезд беларускіх меншасьцяў (Першы беларускі кангрэс меншасьцяў). У рабоце зьезду прымала ўдзел 60 дэлегатаў. Аднак у асяродзьдзі дыяспары працягваліся міжасабовыя канфлікты (група К. Дуж-Душэўскага супраць групы С. Якавюка). Дэлегаты зьезду стварылі Беларускі нацыянальны камітэт у Летуве, які бясплатна займаўся пытаньнямі юрыдычнае дапамогі беларусам, абараняючы іх правы[1].
У 1933 г. быў створаны Беларускі аддзел пры кнігарні «Knyga». Культурна-асьветніцкае таварыства ў тым жа годзе таксама заснавала кніжню-чытальню.
Друк
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Важкую ролю ў беларускім друку Коўна граў Вацлаў Ластоўскі[4].
Кнігі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1918 годзе ў Коўне была выдадзеная кніга казак Ганса Крыстыяна Андэрсэна. У 1919 годзе выйшла перакладзенае зь беларускай мовы выданьне «Белоруссы и Поляки. Документы и факты изъ исторіи оккупаціи Белоруссіи Поляками въ 1918 и 1919 годах» Кастуся Езавітава. У 1921 годзе Вацлаў Ластоўскі выдаў у Коўне зборнік алегарычных апавяданьняў Якуба Коласа «Казкі жыцьця». У 1923 годзе выйшла «Дудка беларуская» Францішка Багушэвіча. Былі выдадзеныя розныя перакладныя падручнікі («Неба і зоры. Папулярная астраномія», «Фізыолёгія і анатомія чалавека», «Ботаніка», «Закон жыцьця сярод жывёлаў і расьцін»). У 1923 годзе таксама быў выдадзены «Слоўнік геомэтрычных і трыгономэтрычных тэрмінаў і сказаў. (Расійска-беларускі і беларуска-расійскі)» Дуж-Душэўскага і Ластоўскага.
Найбольш значныя беларускія ковенскія выданьні — «Падручны расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік» (1924) і «Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі» (1926) Ластоўскага[5][6].
Перыядычны друк
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Найбольш значным выданьнем быў часопіс «Крывіч» Ластоўскага і Дуж-Душэўскага[4].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б в г д е ё ж В. У. Коваль. Асноўныя кірункі дзейнасці беларускай дыяспары ў Літве (1918—1939) // Труды БГТУ. — 2019. — № 2. — С. 35-40.
- ^ Баршчэўскі Аляксандар. Беларускі эміграцыйны асяродак у Каўнасе // Беларуская эміграцыйная пісьмовасьць. — 2004. — С. 42.
- ^ Ігар Мельнікаў. Пад знакам «Віціса» // Новы Час. — 13-01-2013.
- ^ а б Баршчэўскі Аляксандар. Беларускі эміграцыйны асяродак у Каўнасе // Беларуская эміграцыйная пісьмовасьць. — 2004. — С. 52.
- ^ Баршчэўскі Аляксандар. Беларускі эміграцыйны асяродак у Каўнасе // Беларуская эміграцыйная пісьмовасьць. — 2004. — С. 45.
- ^ Баршчэўскі Аляксандар. Беларускі эміграцыйны асяродак у Каўнасе // Беларуская эміграцыйная пісьмовасьць. — 2004. — С. 49-50.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Баршчэўскі Аляксандар. Беларускі эміграцыйны асяродак у Каўнасе // Беларуская эміграцыйная пісьмовасьць. — Warszawa: MWM, Warszawa-Wesoła, 2004. — ISBN 83-920472-1-4
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- В. У. Коваль. Асноўныя кірункі дзейнасці беларускай дыяспары ў Літве (1918—1939) // Труды БГТУ. — 2019. — № 2. — С. 35—40.