Перайсьці да зьместу

Анатоль Плескачэўскі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Анатоль Плескачэўскі
Дата нараджэньня 28 лютага 1911(1911-02-28)
Месца нараджэньня
Дата сьмерці 31 сакавіка 1980(1980-03-31) (69 гадоў)
Месца сьмерці
Месца пахаваньня
Месца вучобы
Занятак грамадзкі дзяяч
Сябра ў Беларуская народная самапомач, Беларуская краёвая абарона, Беларуская цэнтральная рада, Антыбальшавіцкі блёк народаў, Беларускі кангрэсавы камітэт Амэрыкі і Беларускі вызвольны фронт

Анато́ль Плескачэ́ўскі (28 лютага 1911, Глыбокае, Дзісенскі павет, Віленская губэрня, Расейскай імпэрыя — 31 сакавіка 1980, Лексынгтан, Нью-Ёрк, ЗША) — беларускі грамадзкі і вайсковы дзяяч. Ад’ютант прэзыдэнта БЦР Радаслава Астроўскага. Брат беларускага дзеяча Барыса Плескачэўскага.

Скончыў глыбоцкую гімназію. У 1932 годзе скончыў сельскагаспадарчую школу ў Грудзёндзе з дыплёмам жывёлавода-агранома. У 1932—1939 гадах працаваў жывёлаводам-аграномам Віленска-Троцкага павету.

У 1940—1942 гадах жыў на тэрыторыі Летувы. Стаў працаўніком Беларускай народнай самапомачы. З 1944 году афіцэр Беларускай краёвай абароны, займаў розныя пасады ў штабе БКА, ад’ютант прэзыдэнта БЦР Радаслава Астроўскага. Сябра Беларускай цэнтральнай рады. Ад штабу БКА знаходзіўся ў 1-й беларускай дывізіі.

Зь лета 1944 г. на эміграцыі. Працаваў у сакратарыяце БЦР у Бэрліне. Узімку 1944 году знаходзіўся ў Вене. Дапамог знайсьці грошы Алесю Змагару і іншым беларускім дзеячам, у якіх бракавала сродкаў на дарогу, каб выехаць зь места перад наступам савецкіх войскаў. 9 траўня 1948 г. удзельнічаў у XII Пленуме БЦР у Эльвангене, на якім Беларуская цэнтральная рада была абвешчаная «выканаўчым і прадстаўнічым на эміграцыі органам незалежнай Беларускай Народнай Рэспублікі». Вучыўся ва ўнівэрсытэце ЮНРРА ў Мюнхэне, а потым — ва Ўкраінскім тэхнічна-сельскагаспадарчым інстытуце на адмысловасьці «вэтэрынарыя».

У 1949 годзе выехаў у ЗША. Паводле ўспамінаў Леаніда Галяка, ён плыў туды разам зь ім тым караблём зь нямецкага Брэмэргафэну. Жыў у штаце Нью-Джэрсі, працаваў на хіміка-фармацэўтычных фабрыках, а потым — у аддзеле антыбіётыкаў фірмы Pinick (Ньюарк, Нью-Джэрзі). Стаў віцэ-прэзыдэнтам Беларускага кангрэсавага камітэту Амэрыкі. 29 кастрычніка 1955 г. у Нью-Ёрку разам зь іншымі заснаваў Камітэт незалежнай Беларусі, які стаў адной са спробаў аб’яднаць беларускую эміграцыю ў ЗША[1]. Стаў сябром Антыбальшавіцкага блёку народаў — быў віцэ-прэзыдэнтам групы Беларускіх сяброў АБН. Далучыўся да Беларускага вызвольнага фронту. Быў прыхаджанінам царквы Сьвятой Эфрасіньні Полацкай у Саўт-Рывэры

Памёр 31 сакавіка 1980 году ў Ленсінгтане, Нью-Ёрк, ЗША. Пахаваны на могілках у Баўнд-Бруку, Нью-Джэрсі, ЗША. У Саўт-Рывэры захаваўся архіў Анатоля Плескачэўскага.

  • 15 сакавіка 1944 — лейтэнант БКА.
  • 4 ліпеня 1944 — старшы лейтэнант БКА.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]