Перайсьці да зьместу

Беларусы ў Кіеве

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Беларусы ў Кіеве складаюць усяго 0,64% ад агульнага нацыянальнага складу места. Беларусы мелі сувязі з Кіевам яшчэ з часоў Кіеўскай Русі. Сёньня ў фондах Нацыянальнае кніжні Ўкраіны ў Кіеве можна знайсьці шмат беларускіх выданьняў[1].

Раней каля Кіева было сяло Прадславіна, якое стала часткаю мястэчка (паміж вуліцамі Фізкультуры, Вялікай Васількоўскай і Дзімітрава). Назва паселішча паходзіць ад імя дачкі Рагнеды і Ўладзімера. Як мяркуецца, Рагнеда атрымала сяло ў падарунак па нараджэньні Прадславы[1].

У 1187 годзе мошчы Эўфрасіньні Полацкай былі перанесеныя ў Кіева-Пячэрскую лаўру, дзе знаходзіліся да 1910 году, пакуль не былі вернутыя на Бацькаўшчыну, у Полацак[1].

Сімяон Полацкі

У 1640-я гады Сімяон Полацкі навучаўся ў Кіева-магілянскім калегіюме. У апошнія месяцы жыцьця Полацкі рыхтаваў да адчыненьня вышэйшую школу ў Маскве на ўзор гэтага калегіюма[1].

У 1852 годзе малы Альгерд Абуховіч перанёс у Кіеве складаную на той час хірургічную апэрацыю. У 1878 годзе Абуховіч зноў наведаў Кіеў[2].

Рамуальд Зянкевіч вучыўся на інжынэра-механіка ў Кіеве[2].

З 1879 году Дзьмітры Лапо вучыўся ў Кіеўскай гімназіі, некаторы час зьяўляўся старшынём аб’яднанага камітэту рэвалюцыйных групаў сярэдніх навучальных установаў Кіева. Пазьней паступіў на юрыдычны факультэт Кіеўскага ўнівэрсытэту. У 1885 годзе быў арыштаваны й сасланы[2].

Мітрафан Доўнар-Запольскі

У 1889 годзе Мітрафан Доўнар-Запольскі здаў экстэрнам экзамэн на атэстат сталасьці і паступіў у Кіеўскі ўнівэрсытэт. Скончыў яго ў 1894 годзе. У 1888 годзе ў Кіеве ўбачыла сьвет першая кніга М. Доўнар-Запольскага «Белорусская свадьба и свадебные песни: Этнографический этюд»[2].

У 1904 годзе Зоська Верас паступіла ў прыватную гандлёвую вучыльню ў Кіеве. У вучыльні на шапірографе выдаваўся літаратурны часопіс «Подснежник», дзе і быў надрукаваны першы твор будучай пісьменьніцы — прыродазнаўчы абразок «Каляндар вясны» (1907)[2].

У 1908 годзе беларускі дзеяч Сяргей Палуян пераехаў у Кіеў, дзе таксама супрацоўнічаў з тутэйшымі выданьнямі[1]. У 1910 годзе, паводле афіцыйнае вэрсіі, скончыў жыцьцё самагубствам. Быў пахаваны на Байкаўскіх могілках, але ягоная дамавіна была зьнішчаная ў міжваенны час, пайшоўшы пад забудову[1].

У 1908 годзе быў заснаваны Кіеўскі камэрцыйны інстытут (бульвар Шаўчэнкі, 22/24). Сярод заснавальнікаў быў беларус Мітрафан Доўнар-Запольскі, які стаў кіраўніком інстытуту (1906; 1908—1917)[1]. Пераемнікам гэтай установы лічыцца Кіеўскі нацыянальны эканамічны ўнівэрсытэт[1].

У 1913 годзе кніжня Храптовічаў была накіраваная на часовае захаваньне ў кніжню Кіеўскага ўнівэрсытэту. Паводле жаданьня спадчыньніка, бібліятэка з адкрыцьцём ВНУ на Радзіме павінная была быць вернутая туды, але гэтага так і не адбылося[1].

У 1917 годзе працавала ў Кіеве ў Саюзе гарадоў Паўліна Мядзёлка[2].

Першы склад Народнага сакратарыяту БНР

18 красавіка 1918 року Народны сакратарыят БНР зьвярнуўся з радыёграмай у Міністэрства замежных справаў УНР з прапановай найхутчэй стварыць камісію, сумесна зь якой дэлегацыя па справах зьнешніх перамоваў БНР змагла б дакладна ўстанавіць межы і замацаваць у асобнай дамове межы Рэспублік[3].

24 красавіка 1918 году Народны сакратарыят зацьвердзіў статут і асабовы склад Беларускай гандлёвай палаты ва Ўкраіне, якую ўзначаліў Мітрафан Доўнар-Запольскі. Арганізацыя ўдзельнічала ў тавараабмене паміж БНР і УНР[3].

Раман Скірмунт

26 траўня 1918 году Раман Скірмунт прыехаў у Кіеў у якасьці надзвычайнага ўпаўнаважанага Рады БНР, каб пачаць перамовы з гетманам Скарападзкім. 29 траўня Генэральнае консульства БНР у Кіеве ўзначаліў П. В. Трамповіч[3].

19 верасьня надзвычайная беларуская дэлегацыя прыехала ў Кіеў дзеля разьвязаньня пытаньня аб афіцыйным прызнаньні незалежнасьці беларускай дзяржавы і стварэньні беларускага войска. 9 кастрычніка дэлегацыя была прынятая гетманам Скарападзкім, які запэўніў яе ў хуткім прызнаньні ім БНР. 4 лістапада беларускія дыпляматы, не дачакаўшыся прызнаньня, вярнуліся безвынікова ў Менск[3].

У 1919 годзе Кіеўскі ўнівэрсытэт скончыў будучы акадэмік АН БССР Сямён Вальфсон[2].

З 16 сьнежня 1926 да 1930 у Кіеве існавала Беларускае зямляцтва пралетарскага студэнцтва.

У 1928 годзе Янка Купала ўпершыню наведаў Кіеў. Пазьней ён там быў у сакавіку і маі 1939 году[2].

У 1939 годзе будучы беларускі пісьменьнік Мікола Лобан паступіў у Кіеўскі ўнівэрсытэт.

У 1944 годзе літаратуразнаўца Павел Ахрыменка закончыў Кіеўскі ўнівэрсытэт[2]. У тым жа годзе ў Кіеве (Багдана Хмяльніцкага, 52.) некалькі месяцаў жыў 13-гадовы Уладзімер Караткевіч з маці. У 1949 годзе ён вярнуўся ў Кіеў як студэнт Кіеўскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту[1]. Таксама ў баях пад Кіевам удзельнічаў беларускі літаратурны крытык Рыгор Бярозкін[2].

У траўні 2000 году на I-м зьездзе ў м. Кіеве быў створаны Ўсеўкраінскі саюз беларусаў (УСБ)[4].

У 2009 годзе ў межах афіцыйнага візыту Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі ва Ўкраіну быў адчынены зь ягоным удзелам Цэнтар беларускай мовы і культуры. У чэрвені 2013 году Цэнтру прысвоенае імя Ўладзімера Караткевіча[5].

Помнік беларусам, якія загінулі за Ўкраіну

У 2011 годзе ў Кіеве каля Пасольства Рэспублікі Беларусь па вуліцы Міхаіла Кацюбінскага быў усталяваны помнік Уладзімеру Караткевічу[5]. 29 сакавіка 2016 году быў адчынены помнік беларусам, загінулым за Ўкраіну ў вайне на Ўсходзе (Беларуская, 22). Афіцыйны беларускі бок на адчыненьні ня быў прадстаўлены[6].

Год Беларусы Адсотак
1897 2 797[7] 1.129%
1919 5 400[8] 0,99%
1926 5 436[9] 1,06%
1939 9 594[10] 1,13%
1959 13 187[11] 1,19%
1970 17 521[12] 1,07%
1989 25 274[13] 0,98%
2001 16 549[14] 0,64%
  1. ^ а б в г д е ё ж з і Алесь Лапо. Беларускі Кіеў  (бел.) // Будзьма беларусамі!. — 28.08.2014.
  2. ^ а б в г д е ё ж з і Алесь Карлюкевіч. Кіеў. Беларускія літаратурныя адрасы: некаторыя згадкі  (бел.) // Звязда. — 03.05.2021.
  3. ^ а б в г У. Ладысеў. Да пытання беларуска-украінскіх узаемаадносін у перыяд станаўлення дзяржаўнасці і тэрытарыяльнай цэласнасці Беларусі  (бел.). — 2008.
  4. ^ О нас  (рас.) // Всеукраинский союз белорусов.
  5. ^ а б Суайчыннікі  (бел.) // Пасольства Рэспублікі Беларусь ва Украіне.
  6. ^ Яўген Васьковіч. У Кіеве адкрылі помнік, прысвечаны загінулым за Украіну беларусам  (бел.) // Бобруйский курьер. — Апр 1, 2016.
  7. ^ Первая всеобщая перепись населения Российской империи 1897 г. : [в 89 т., 119 кн.] / под ред. Н. А. Тройницкого. — Центр. стат. ком. М-ва внутр. дел, 1904. — Т. 16. — С. 198.
  8. ^ Перепись г. Киева 16 марта 1919 г. = Перепис м. Киiва 16 березня 1919 р./ Киев. губ. стат. бюро ; [авт. предисл. Ал. Волков]. - Киев : [Б. и.] , 1920
  9. ^ Всесоюзная перепись населения 1926 года. Национальный состав населения по регионам республик СССР
  10. ^ Всесоюзная перепись населения 1939 г. Распределение городского и сельского населения областей союзных республик по национальности и полу
  11. ^ Кабузан В. М. — «Украинцы в мире: динамика численности и расселения. 20-е годы XVIII века — 1989 год: формирование этнических и политических границ украинского этноса»
  12. ^ Итоги Всесоюзной переписи населения 1970 года. Том IV — М., Статистика, 1973
  13. ^ Державний комітет статистики України. Про кількість та склад населення міста Київ
  14. ^ Національний склад регіонів України за даними перепису 2001 р.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]