Беларусы ў Пэрце
Беларусы ў Пэрце зарганізаваліся ў 1952 годзе[1]. Дадзеная супольнасьць беларусаў найменш прадстаўленая сярод аўстралійскіх у крыніцах[1].
Дзейнасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]6 студзеня 1952 года на сходзе ў Міхася Раецкага старэйшага ў Кэлмскоце (раён Пэрту) была створаная першая тутэйшая беларуская арганізацыя — аддзел Задзіночаньня Беларускіх Вэтэранаў, які злучыў беларускіх вайскоўцаў. Жанчыны ж былі зьяднаныя аддзелам Згуртаваньня Беларускіх Жачынаў. Мэтай першых арганізацыяў было наладжваньне беларускага жыцьця[1].
Аддзел Задзіночаньня Беларускіх Вэтэранаў на чале зь Міхасём Раецкім старэйшым стаў арганізатарам нацыянальных сьвяткаваньняў беларусаў, ініцыяваў удзел беларусаў у міжнацыянальных выставах 1953—1954 гадоў. У красавіку 1953 году аддзел ініцыяваў некалькі радыёперадачаў пра Беларусь на мясцовай радыёстанцыі[1].
Дзейнасьць тутэйшых беларусаў прыцягвала і тых, хто жыў за сотню міляў[1]. Супольнасьць не зазнала палітычнага расколу на прыхільнікаў Рады БНР і БЦР, бо цалкам падтрымлівала Раду БНР[1]. Аднак, 28 чэрвеня 1956 году ў Пэрце адбыўся надзвычайны зьезд сяброў Згуртаваньня Беларускіх Вэтэранаў[1], які, з прычыны супрацоўніцтва Даната Яцкевіча з БВФ, пастанавіў стварыць сваю асобную арганізацыю, якая доўга не праіснавала[2].
Да сярэдзіны 1950-х гадоў была арганізаваная тутэйшая парахвія БАПЦ з настаяцелем айцом Барысам (Камінскім). У 1956 годзе на сродкі, сабраныя з розных асяродкаў беларусаў Аўстраліі і іншых краінаў была купленая дзялянка пад свой дом, што таксама падтрымаў архіяпіскап Сяргей[2]. У 1957 годзе ўладыка Сяргей пераехаў у Пэрт. Дом меркаваўся як рэлігійны і грамадзкі цэнтар беларусаў[3]. Спачатку гэтым апекаваўся аддзел Згуртаваньня Беларускіх Вэтэранаў, потым Беларускае аб’яднаньне ў Заходняй Аўстраліі (БАЗА)[3], якое пачало дзейнічаць з 1960-х гадоў[2].
У сакавіку 1968 году Беларускі Народны Дом афіцыйна быў адчынены[3]. Яго будавала 20 чалавек[3]. Аднак, зь пераездам архіяпіскапа ў Адэлаіду і айца Барыса ў Мэльбурн, на тутэйшых беларусаў не было сьвятара, з-за чаго рэлігійнае жыцьцё тут заняпала[3].
У 1970-х гадах беларускае жыцьцё Пэрту амаль ня згадваецца на старонках беларускіх газэтаў, толькі ў нарысах Кастуся Чабатара пра Аўстралію ў «Божым Шляхам»[3].
У 1984 годзе ў Пэрце пачала працу беларуская сэкцыя радыё[4]. Зь сярэдзіны 1980-х гадоў Беларускае аб’яднаньне ў Заходняй Аўстраліі рэгулярна ладзіць нацыянальныя дзеі, удзельнічае ў імпрэзах[3]. Таксама ў 1980-я гады праходзіла зьмена пакаленьняў у ходзе якога тутэйшае беларускае жыцьцё не пацярпела[4].
У 1990 годзе ў Пэрт прыехаў з Ангельшчыны айцец Уладзімір (Зайка), які аднавіў тут рэлігійнае жыцьцё. Дзякуючы яму, 14 лютага 1992 году беларусы набылі ўласную дзялянку на мэтрапольных могілках Караката[4].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б в г д е ё Гардзіенка Натальля. Частка ІІ. Паўстагодзьдзя Беларускай Аўстраліі // Беларусы ў Аўстраліі. — 2004. — С. 83.
- ^ а б в Гардзіенка Натальля. Частка ІІ. Паўстагодзьдзя Беларускай Аўстраліі // Беларусы ў Аўстраліі. — 2004. — С. 84.
- ^ а б в г д е ё Гардзіенка Натальля. Частка ІІ. Паўстагодзьдзя Беларускай Аўстраліі // Беларусы ў Аўстраліі. — 2004. — С. 85.
- ^ а б в Гардзіенка Натальля. Частка ІІ. Паўстагодзьдзя Беларускай Аўстраліі // Беларусы ў Аўстраліі. — 2004. — С. 86.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Гардзіенка Натальля. Частка ІІ. Паўстагодзьдзя Беларускай Аўстраліі // Беларусы ў Аўстраліі: да гісторыі дыяспары (нев.). — Менск: Беларускі кнігазбор, 2004. — 448 с. — ISBN 985-6730-79-1