Беларускі клюб (Вільня)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку

Беларускі клюб — культурна-асьветніцкая суполка, якая існавала ў Вільні ў 19161920 гадах пад старшынствам грамадзкага дзеяча Івана Луцкевіча.

Да канцы лютага 1917 году клюб месьціўся на Вялікай вул. у доме Мухіна. Пазьней пераязджае ў новае памяшканьне на Віленскай вул., 28. Зь лета 1917 году знаходзіўся на Юраўскім пр., 22[1].

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Беларускі драматург Францішак Аляхновіч у сваёй манаграфіі «Беларускі тэатар» так апісаў гісторыю стварэньня клюбу:

Нямецкая акупацыя на нейкі час спыняе ўсялякую беларускую культурную працу. Але ўжо ў лютым 1916 году нямецкі обэрбургамістар атрымаў ад беларусаў просьбу аб дазволе адчыніць беларускі клюб, а 1 чэрвеня ў доме Мухіна на Вялікай вуліцы а гадз. 4 па палудні Іван Луцкевіч, старшыня клюбу, адчыняе гэтую ўстанову сваёй прамовай[2]

Першая пасьля прыходу нямецкіх войск вечарына адбываецца 17 верасьня 1916 году зь ня надта багатаю праграмай. Наступныя вечарыны ладзіліся са сьпевамі, спэктаклямі, дэклямацыямі, танцамі і музыкай[1].

Тут пачынае гуртавацца аматарская драматычная дружына пад кіраўніцтвам Францішка Аляхновіча, якая пачынае ставіць драматычныя спэктаклі.

Паказваюцца п’есы: «Калісь», «Бутрым Няміра», «Чорт і баба», «На вёсцы», «Манька», «Базылішк», а таксама «Антось Лата» Якуба Коласа, «Хам» паводле Э. Ажэшкі, «Міхалка» Далецкіх, «Мядзьведзь» Антона Чэхава і інш[1].

У канцы лютага Беларускі клюб перамяшчаецца з дома Мухіна на Вялікай вуліцы ў памяшканьне на Віленскай вул., 28. Вось што пра гэта піша Францішак Аляхновіч:

У канцы лютага 1917 г. беларускі тэатар мае ўжо сваю ўласную сцэну ў новым памяшканьні клюбу на Віленскай вул. № 28, дзе спэктаклі адбываюцца што нядзелю. Улетку з прычыны рэквізыцыі гэтага памяшканьня вайсковай уладай клюб разам з тэатрам перабіраюцца на Юраўскі праспэкт (цяпер вул. Міцкевіча) № 22, дзе таксама ёсьць сцэна[2].

У клюбе таксама ладзяцца ўдачныя дзіцячыя спэктаклі Драматычнага гуртка таварыства «Золак» пад старшынствам Станіславы Корф. Рэпэртуар: батлейкі і містэрыі[1].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б в г К.Б. Кузняцова Беларускі клуб // Тэатральная Беларусь: Энцыклапедыя: У 2 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: 2002 Т. 1. — С. 107—108. — 568 с.
  2. ^ а б Аляхновіч Ф. Беларускі тэатр. — Вільня: 1924. — С. 114. паводле Хрэстаматыя па гісторыі беларускага тэатра і драматургіі: У 3 т. Т. 1: Ад вытокаў — да пачатку XX стагоддзя / Бел. ун-т культуры; Уклад., рэд. тэкстаў, уступ. арт. і камент. А. В. Сабалеўскага. — 2-е выд., пашыр. і ўдаклад.. — Мн.: Беларуская навука, 1997. — С. 362—363. — 444 с. — ISBN 985-08-0064-X