Янка Шутовіч
Янка Шутовіч | |
| Іван Восіпавіч Шутовіч | |
| Род дзейнасьці | выдавец, перакладнік, рэдактар |
|---|---|
| Дата нараджэньня | 24 студзеня 1904 |
| Месца нараджэньня | вёска Шутавічы, Ашмянскі павет, Віленская губэрня, Паўночна-Заходні край, Расейская імпэрыя |
| Дата сьмерці | 9 сьнежня 1973 (69 гадоў) |
| Месца сьмерці | Вільня, Летувіская ССР, СССР |
| Месца пахаваньня | |
| Грамадзянства | СССР |
| Месца вучобы | |
| Занятак | літаратуразнаўца, грамадзкі дзяяч, культурніцкі дзяяч, журналіст, рэдактар, літаратар |
| Навуковая сфэра | літаратуразнаўства[1], журналістыка[1] і рэдагаваньне[d][1] |
| Месца працы | |
| Сябра ў | Беларускі студэнцкі саюз, Беларускае навуковае таварыства, Таварыства прыяцеляў беларусаведы і Беларускі інстытут гаспадаркі і культуры |
| Бацька | Восіп Шутовіч |
| Жонка | Она Міцютэ |
Я́нка Шуто́віч, пс.: Іван Дубневіч; Ян Дубневіч; Я. Сьцяблінскі; крыптанімы: І. Ш.; Я. Ш.; Я.Ш-ч і інш.; (24 студзеня [ст. ст. 11 студзеня] 1904; в. Шутавічы, цяпер Смаргонскі раён, Гарадзенская вобласьць, Беларусь — 9 сьнежня 1973; Вільня, цяпер Летува) — беларускі літаратуразнавец, выдавец, грамадзкі і культурны дзяяч.
Жыцьцяпіс
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Нарадзіўся ў сялянскай шматдзетнай сям’і. Па пасьпяховым сканчэньні ў 1915 годзе народнай вучэльні ў суседняй вёсцы Сукневічы атрымаў у падарунак кнігу. Затым навучаўся ў беларускай школе пры дзіцячым прытулку, зладжаным яго дзядзькам ксяндзом Віктарам Шутовічам у в. Бадзенічы (Дзісенскі павет, Віленская губ.), дзе выкладалася француская мова. Скончыў Глыбоцкую гарадзкую вучэльню (Дзісенскі пав.).
Увосень 1919 г. яго залічылі ў 4-ую клясу Віленскай беларускай гімназіі. Па яе сканчэньні ў 1924-ым паступіў на юрыдычны факультэт Віленскага ўнівэрсытэту, дзе быў чальцом рэвізійнай камісіі Беларускага студэнцкага саюза. З 1928 — рэдактар часопіса «Студэнцкая думка». Таксама працаваў карэктарам у беларускай друкарні імя Францішка Скарыны і на Беларускі інстытут гаспадаркі і культуры.
Пачаў друкавацца ў 1927 годзе. У 1934 скончыў ВНУ з дыплёмам магістра права. Сябра партыі хрысьціянскіх дэмакратаў. У 1935—1939 выдавец і рэдактар часопісаў «Калосьсе», «Шлях моладзі».
За актыўную дзейнасьць у справе беларускага нацыянальнага адраджэньня напачатку 1939 году арыштаваны польскімі ўладамі. Зьняволены ў лягеры Бяроза-Картуская. Вызвалены ў верасьні 1939 году савецкімі войскамі. З 1940 выкладаў у Беларускай настаўніцкай сэмінарыі.
Зь лютага 1941 да лістапада 1944 працаваў загадчыкам Беларускага музэю ў Вільні. Хаваў ад вывазу экспанаты ў сутарэньнях касьцёлу сьвятога Міхала пад апекай ксяндза Адама Станкевіча[2].
Арыштаваны органамі НКДБ 19 лістапада 1944 году. Рашэньнем Асобай нарады пры НКДБ прысуджаны да 10 гадоў пазбаўленьня волі. Сасланы ў Унжлаг (Горкаўская вобласьць, Расейская СФСР), пасьля да Пясчанлагу (Карагандзінская вобласьць, Казаская ССР). Вызвалены зь лягеру 28 жніўня 1954 году. Да 10 красавіка 1956 — у высылцы ў Карагандзе і Сарані (Карагандзінская вобл.).
Пасьля высылкі вярнуўся ў Вільню. З 1957 г. працаваў пажарнікам у Віленскім дзяржаўным мастацкім музэі. Рэабілітаваны 25 красавіка 1958 году. Быў пазаштатным карэспандэнтам часопіса Саюза пісьменьнікаў БССР «Полымя».
Разам з жонкай, летувіскай паэткай Онай Міцюце, займаўся перакладамі твораў летувіскіх і беларускіх пісьменьнікаў. Адшукаў у архіве рукапіс рамана-хронікі Максіма Гарэцкага «Віленскія камунары». Сярод неапублікаванай спадчыны застаўся вялікі нарыс пра Міхала Забэйду-Суміцкага. Знайшоў і перахоўваў дзёньнік Адама Станкевіча, перад сьмерцю зрабіў некалькі копіяў і раздаў розным надзейным людзям[3].
Архіў Шутовіча захоўвае Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа[4].

Працы
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Janka Šutovič. Adam Hurynovič. (U 40-ja ŭhodki śmierci). (бел.) // Шлях моладзі : часопіс. — 1934, сакавік. — № 3 (63). — С. 5—7.
- Я. Ш. Дзесяцігодзьдзе беларускай савецкай кінематаграфіі. // Калосьсе : часопіс. — 1935. — № 2. — С. 133—135.
- Я. Ш., П. Сергіевіч. Язэп Драздовіч. (Да 50–годзьдзя нараджэньня мастака) / Янка Шутовіч // Калосьсе : часопіс. — Вільня: 1938. Год IV. — № 3 (16). — С. 183—186.
- Мастак Пётр Сергіевіч // Беларусь. 1957, № 9
- Гурыновіч Адам: (Паводле старых і новых архіўных матэрыялаў) // Полымя. 1966, № 11
- Успаміны пра Віленскую Беларускую Гімназію // Спадчына 1/1995
- Янка Шутовіч. Пётра Сергіевіч: мастак нацыянальнага Адраджэння. — Менск: Харвест, 2016. — 64 с. — (100 выдатных дзеячаў беларускай культуры). — 500 ас. — ISBN 978-985-18-3856-7
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- 1 2 3 Šutovìč, Janka // Нацыянальная служба Чэскай рэспублікі
- ↑ ЭГУ(недаступная спасылка)
- ↑ Міхась Скобла (22 кастрычніка 2008) Жыцьцё ў слове ксяндза Адама Станкевіча Вольная студыя. Радыё Свабода.
- ↑ Тацяна Жук, Марына Ліс. Рукапісы не гараць. Янка Шутовіч: пакутлівая біяграфія беларуса зь беднай сям’і // Tut.by, 24 студзеня 2014 г. Праверана 26 студзеня 2014 г.
Літіратура
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Алесь Адамковіч. 100 асобаў Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі. — Менск: 2017. — С. 133—134. — 232 с.
- Аляксандар Горны. Сябар Максіма Танка i вязень Бярозы-Картузскай: да юбілею Янкі Шутовіча. // Роднае слова : часопіс. — 2024, студзень. — № 1. — С. 24—26.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Аляксандар Горны. (31 студзеня 2024) Янка Шутовіч: да 120-годдзя з дня нараджэння Культурная раніца. Радыё Марыя.
- Слоўнік Маракова
- Імёны Свабоды
- Нарадзіліся 24 студзеня
- Нарадзіліся ў 1904 годзе
- Памерлі 9 сьнежня
- Памерлі ў 1973 годзе
- Пахаваныя ў Вільні
- Выпускнікі Віленскай беларускай гімназіі
- Нарадзіліся ў Смаргонскім раёне
- Беларускія грамадзкія дзеячы і дзяячкі
- Беларускія літаратуразнаўцы
- Беларускія публіцысты
- Навучаліся ў Віленскай беларускай гімназіі
- Выпускнікі Віленскага ўнівэрсытэту
- Сябры Беларускага студэнцкага саюзу
- Рэпрэсаваныя ў Польскай Рэспубліцы (1918—1939)
- Рэпрэсаваныя ў СССР
- Памерлі ў Вільні
- Беларусы ў Летуве