Перайсьці да зьместу

Уладзімер Гамановіч

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Уладзімер Гамановіч
Род дзейнасьці супрацоўнік міліцыі места Рыгі
Дата нараджэньня 14 жніўня 1959(1959-08-14)
Месца нараджэньня
Дата сьмерці 20 студзеня 1991(1991-01-20) (31 год)
Месца сьмерці
Месца пахаваньня
Грамадзянства СССР СССР
Узнагароды
ордэн Віестура

Уладзі́мер Алякса́ндравіч Гамано́віч (14 жніўня 1959, вёска Старына[1], Докшыцкі раён Віцебскай вобласьці БССР — 20 студзеня 1991, Рыга, Латвія) — старшы лейтэнант міліцыі Рыгі, адна з ахвяраў студзеньскіх падзеяў 1991 року.

Нарадзіўся ў сям’і вяскоўцаў. Бацькі Аляксандар і Тацяна працавалі ў калгасе. Скончыўшы школу, Уладзімер паступіў у прафэсійную вучэльню, атрымаў прафэсію электраманцёра. Служыў у вайсковай ракетнай частцы ў Рызе. Адслужыўшы, пайшоў на службу ў рыскую міліцыю, даслужыўся да званьня старшага лейтэнанта, камандаваў узводам.

У студзені 1991 року займаўся аховай парадку на рыскіх вуліцах у часе „барыкадаў“. 20 студзеня ахоўваў будынак Міністэрства ўнутраных справаў Латвіі (бульвар Райна, 6). Увечары супрацоўнікі Рыскага АМАПу прадпрынялі спробу захопу будынку, падчас якога адбылася страляніна. Ад нападу амапаўцаў загінулі 5 чалавек, сярод іх быў і Ўладзімер Гамановіч[1][2].

Пахаваны на старых могілках у Тумілавічах Докшыцкага раёну (Беларусь)[1].

У 2010 годзе за заслугі ва ўмацаваньні дзяржаўнай бясьпекі Латвіі Ўладзімер Гамановіч пасьмяротна ўзнагароджаны ордэнам Віестура[3].

У Бастыённым парку(lv) Старога места Рыгі ўсталяваны камень у памяць пра Ўладзімера Гамановіча. У Музэі барыкадаў 1991 року дзейнічае экспазыцыя зь міліцэйскай формай Уладзімера Гамановіча.

Бацькі — вяскоўцы Аляксандар і Тацяна. Уладзімер меў двох малодшых братоў — Станіслава і Юрыя.

У Рызе Ўладзімер Гамановіч ажаніўся з Натальляй, у іх засталося трое дзяцей: Сьвятлана, Ларыса і Віталь. 25 сакавіка 1997 року з ініцыятывы фонду падтрымкі ўдзельнікаў барыкадаў удава і дзеці Ўладзімера ў парадку выключэньня атрымалі грамадзянства Латвіі і новую кватэру[1]. 18 студзеня 1996 року міністар ўнутраных справаў Латвіі Дайніс Турлайс(lv) уручыў Натальлі Гамановіч грашовую дапамогу[4].

  1. 1 2 3 4 Пілецкі, Алесь; Уладзь Грыдзін (1 лістапада 2018) «Я ахоўваў тэлецэнтар у Рызе, а брат — будынак МУС». Як беларусы абаранялі Латвію ад савецкага АМАПу. Радыё «Свабода». Праверана 26 студзеня 2021 г.
  2. Вигман, Владимир (7 сакавіка 1996) Троянский конь особого назначения (рас.). Зеркало недели. Украина. Праверана 26 студзеня 2021 г.
  3. Viestura ordeņa nodošana glabāšanā. Valsts prezidents varoņu tuviniekiem nodot nopelnītos apbalvojumus  (лат.) // Laikraksts Latvietis. — 18 лістапада 2010. — № 119.
  4. Iekšlietu ministra pavēle nr.11p/s Par apbalvošanu (лат.) Likumi. Latvijas Vēstnesis (18 студзеня 1996). Праверана 26 студзеня 2021 г.