Леакадзія Шышэя
Леакадзія Шышэя | |
Леакадзія Шышэя | |
Імя пры нараджэньні | Леакадзія Кавальчук |
---|---|
Род дзейнасьці | Удзельніца беларускага пасьляваеннага супраціву, дысыдэнтка, былая зьняволеная ГУЛАГу. |
Дата нараджэньня | 1 чэрвеня 1928 |
Месца нараджэньня | в. Церахоўшчына, Слонімскі павет, Наваградзкае ваяводзтва, Польшча (цяпер — Дзятлаўскі раён, Гарадзенская вобласьць, Беларусь) |
Дата сьмерці | 18 студзеня 2023 (94 гады) |
Месца сьмерці | |
Грамадзянства | Летува |
Прафэсія | эканамістка |
Муж | Кастусь Шышэя (1921 — 2004) |
Узнагароды |
Леака́дзія Шышэ́я (дзяв. Кавальчу́к, 1 чэрвеня 1928, в. Церахоўшчына, Слонімскі павет, Наваградзкае ваяводзтва, Польская Рэспубліка — 18 студзеня 2023[1]) — удзельніца беларускага пасьляваеннага супраціву, сяброўка падпольнай слонімскай арганізацыі «Чайка», былая зьняволеная ГУЛАГу, дысыдэнтка, дзяячка беларускай грамады Вільні[2].
Жыцьцяпіс
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нарадзілася 1 чэрвеня 1928 г. у вёсцы Церахоўшчына Слонімскага павету Наваградзкага ваяводзтва ў Польскай Рэспубліцы (цяпер — Дзятлаўскі раён Гарадзенскай вобласьці). У Другую сусьветную вайну падчас нямецкай акупацыі вучылася ў Слонімскай прагімназіі, належала да СБМ. З 1944 г. працягвала вучобу ў Слонімскай СШ № 1[2].
У 1946 годзе далучылася да падпольнай беларускай арганізацыі «Чайка», якая плянавала змаганьне за нацыянальныя правы, годнасьць, культуру, мову, гісторыю, свабоду і незалежнасьць беларусаў. Удзельнічала ў першых сходах арганізацыі. У сярэдзіне 1947 году арганізацыя была выкрытая ў сувязі з дэкансьпірацыяй Саюзу вызваленьня Беларусі, які быў выданы савецкім агентам Алесем Бажко. У выніку гэтай дэкансьпірацыі і сама «Чайка» была выкрытая, што было павязана з кансьпірацыйнай памылкай: з СВБ некаторыя сябры «Чайкі» утрымлівалі сувязь[3]. Па словах Леакадзіі Шышэі, «Чайкай» падпольную арганізацыю назвалі таму, што падчас устаноўчага сходу, які адбываўся на беразе ракі, побач праляцела чайка[4].
У чэрвені 1947 Леакадзія Шышэя была арыштаваная за ўдзел у антысавецкай арганізацыі, утрымлівалася ў баранавіцкай турме[3].
Леакадзія Шышэя была асуджаная на тэрмін восем з паловай гадоў. Разам зь ёй у ГУЛАГу адбывала пакараньне славутая беларуская паэтка Ларыса Геніюш[2].
У 1954 г. вызвалілася з канцлягераў. Пасьля вызваленьня Леакадзія Шышэя разам з сваім мужам Кастусём Шышэям прыехала ў Вільню, дзе жыла да сваіх апошніх дзён. Леакадзія Шышэя зьяўляецца адной з гераіняў дакумэнтальнага фільма «Людвіка», які распавядае пра беларусаў Віленшчыны. Фільм зьняў рэжысэр з Беласточчыны Мікола Ваўранюк[3].
Памерла 18 студзеня 2023 году ў Вільні[5]. Пахаваная на Ліпаўскіх або Сьвята-Эўфрасіньнеўскіх могілках.
Сям’я
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Мужам Леакадзіі Шышэі (Кавальчук) быў Кастусь Шышэя, камандзір Беларускай краёвай абароны, зь якім яна пазнаёмілася падчас зьняволеньня з дапамогай Ларысы Геніюш[6].
Узнагароды
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Узнагароджаная мэдалём 100 гадоў БНР Рады Беларускай Народнай Рэспублікі[7].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Памерла ўдзельніца беларускага антыбальшавіцкага супраціву Леакадзія Шышэя. Радыё Свабода (18 студзеня 2023).
- ^ а б в Кавальчук Л. Дваццаць пяць гадоў за «Чайку» // Газета Слонімская. — 1998. — № 37 (66).
- ^ а б в Біяграфія Леакадзіі Шышэі, Антысавецкія рухі ў Беларусі (1944—1956). Даведнік, http://slounik.org/154805.html
- ^ Леакадзія Шышэя (Кавальчук), Вытокі, грамадскі вэб-архіў, https://vytoki.net/?photo=00021153
- ^ Уладзіслаў Гарбацкі, N 604 Щ. Да сьмерці беларускай волаткі Леакадзіі Шышэі, Новы Час, 19.01.2023, https://novychas.online/asoba/n-604-sch-da-smerci-belaruskaj-volatki-leakadzii
- ^ Паліна Сцепаненка, Як у СССР падманам арыштоўвалі беларускіх патрыётак, Новы Час, 26 верасьня 2017, https://novychas.online/poviaz/jak-u-sssr-padmanam-arysztouvali-belaruskih-patryj
- ^ Сяргей Навумчык, «Алексіевіч, Пазьняк, Вольскі, Эрыксан, Белавус. Хто яшчэ ўзнагароджаны мэдалём у гонар БНР-100», Радыё Свабода, 23 сакавіка 2019, https://www.svaboda.org/a/29838254.html