Вячаслаў Разумовіч
Вячаслаў Разумовіч | |
1889 — 1937 | |
Вячаслаў РАЗУМОВІЧ "Хмара" (1886-1937) | |
Мянушка | Хмара |
---|---|
Месца нараджэньня | Берасьце |
Прыналежнасьць | Расейская імпэрыя, БНР, Летува, Польшча, Чэхія |
Род войскаў | партызаны |
Вячасла́ў Разумо́віч (псэўд. Хмара; 1889, Берасьце — пасьля 1937) — беларускі вайсковы і грамадзка-палітычны дзеяч.
Жыцьцяпіс
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нарадзіўся ў Берасьці. На 1914 год працаваў чыноўнікам пры дзяржаўным упраўленьні па будоўлі шлюзаў і каналаў у станіцы Канстанцінаўскай Данскога вокругу. Пайшоў добраахвотнікам на фронт, вучыўся ў Вайсковай школе ў Тбілісі, якую скончыў у званьні паручніка[1]. Удзельнік Першай сусьветнай вайны. Служыў на турэцкім фронце на Каўказе, у Галіцыі, дзе 2 траўня 1915 году быў паранены. Пасьля шпіталю працягваў службу на Паўночным фронце і ў Румыніі[2]. У 1918 годзе ў Кіеве патрапіў да палону аддзелаў Пятлюры. Там назваўся беларусам і гэтым уратаваў сабе жыцьцё[1]. Пасьля вызваленьня падаўся ў Гародню, дзе займаўся гандлем (каньяк і тытунь)[1].
Нейкі Разумовіч падчас усталяваньня савецкай улады ў Гародні ў жніўні 1920 году быў памочнікам гарадзенскага ваенкаму. На «працэсе 45-ці» ў Беластоку ў траўні 1923 году сьцьвярджалася, што Разумовіч быў пры бальшавіках у Гародні камэндантам гораду. Пасьля прыходу польскіх войскаў Жалігоўскага ўцёк з Гародні ў Летуву. Атрымаў у верасьні 1920 году паўнамоцтвы на арганізацыю ў Віленскай і Гарадзенскай губэрнях партызанскіх атрадаў для барацьбы з палякамі. Напрыканцы 1920 году ад’ютант Беларускага асобнага батальёна летувіскай арміі.
У сакавіку 1921 году разам са штабам батальёну пераехаў у м. Сярэі. У сярэдзіне 1921 году быў арыштаваны летувіскімі ўладамі па абвінавачаньні ў тым, што быццам бы зьбіраўся перайсьці разам з батальёнам у Польшчу, аднак празь дзесяць дзён за недахопам доказаў быў вызвалены. З 1 кастрычніка 1921 году сябра Саюзу летувіскіх стралкоў. 15 кастрычніка 1921 году выехаў у м. Мерыч на летувіска-польскую граніцу, дзе ўзначаліў 4-ю партызанскую групу і заняўся арганізацыяй сеткі беларускіх партызанскіх аддзелаў на тэрыторыі Польшчы. Паводле ўласнай справаздачы за кароткі час арганізаваў 9 аддзелаў, 36 партызанскіх раёнаў, некалькі дзясяткаў баявых атрадаў. У сакавіку 1923 году ўвайшоў у склад Цэнтральнай рады Саюзу беларускіх стралкоў. Прадстаўнікамі Разумовіча ў Гародні на люты 1921 году былі Ільючык, М. Карповіч, В. Юрэчка, Чулкоў і С. Якавюк. Паводле паказаньняў У.Бортнікава нейкі Лейзер Пальніцкі набыў у 1922 годзе ў Гародні для Разумовіча матацыкл і даставіў апошняму праз польскага жаўнера Хартмана[2].
У красавіку 1923 году Разумовіч быў зноў арыштаваны летувіскімі ўладамі па абвінавачаньні ў супрацьдзеяньні разьвіцьцю летувіскай дзяржавы, гвалце над мірнымі грамадзянамі, перавышэньні ўлады і г.д. і зьняволены ў VI форце ў Коўне. У траўні 1923 году быў звольнены пасьля ліквідацыі 4-га атраду[2].
Распачаў партызанскую дзейнасьць у Савецкай Беларусі. За ўласны кошт выслаў 87-асабовы партызанскі аддзел на тэрыторыю БССР. Упэўніваў, што мае ў сваім войску 8 тысячаў чалавек[1]. Лічыцца, што гэта перабольшаная лічба[3]. Пасьля супрацоўнічаў з польскай дэфэнзівай, дапамагаў польскай паліцыі ліквідаваць беларускія арганізацыі[1][4].
У 1924 годзе быў праціўнікам перадачы паўнамоцтваў БНР для БССР[1]. З-за абвінавачваньня ў марнатраўстве летувіскіх грошай зьехаў зь Летувы. Спачатку пераехаў у Гданьск, а пасьля ў Прагу, дзе пасяліўся ў верасьні 1924 году. З таго часу лічыў сваёй другой радзімай Чэхію.
Спрабаваў шантажаваць летувіскі ўрад сувязьзю з антыпольскай партызанкай[1]. У 1930–1937 гадах выдаў на чэскай мове дакумэнтальна-біяграфічную трылёгію «Grimassy světové války: Vzpominki atamana partizánů» («Грымасы сусьветнай вайны: Успаміны атамана партызанаў»). Называў сябе «вайсковым героем» і «атаманам».
Дата сьмерці невядомая дакладна. Верагодна, быў забіты НКУС.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б в г д е ё Макс Шчур, Вялікі няўдачнік
- ^ а б в Гісторыя Горадні ў асобах
- ^ Andrzej Solak. Dywersja na Kresach (cz. 1). „Myśl Polska”, 18–25 траўня 2008
- ^ Kamil Śleszyński. Legenda atamana „Czorta”. „Czasopis”. №7–8/10, с. 53-54, ліпень-жнівень 2010
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Макс Шчур. Вялікі няўдачнік: Вячаслаў Хмара-Разумовіч(недаступная спасылка) 2008