Язэп Драздовіч
Язэп Драздовіч лац. Jazep Drazdovič | |
Дата нараджэньня | 1 (13) кастрычніка 1888 |
---|---|
Месца нараджэньня | |
Дата сьмерці | 15 верасьня 1954 (65 гадоў) |
Месца сьмерці | |
Месца пахаваньня | |
Адукацыя | Віленская рысавальная школа Трутнева |
Месца вучобы | |
Занятак | жывапіс, графіка, маляванка, разьба па дрэве |
Навуковая сфэра | малярства[1], гістарычны жывапіс[1], кніжная графіка[d][1], скульптура[1], этнаграфія[1], фальклярыстыка[1], археалёгія[1], творчае і прафэсійнае пісьмо[d][1] і мастацкая адукацыя[d][1] |
Месца працы | |
- Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Драздовіч.
Язэ́п Нарцы́завіч Драздо́віч (13 кастрычніка 1888, засьценак Пунькі, цяпер Глыбоцкі раён Віцебскай вобласьці — 15 верасьня 1954, мястэчка Падсьвільле) — беларускі мастак, археоляг, пісьменьнік, этнограф і фальклярыст першай паловы XX стагодзьдзя. Псэўданімы: Язэп Нарцызаў, Язэп Народнік, Язэп Забыты.
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Дзяцінства й маладосьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Язэп Драздовіч нарадзіўся 13 кастрычніка 1888 году ў засьценку Пунькі Дзісенскага павету Віленскай губэрні ў сям’і зьбяднелага шляхціца-арандатара. Сям’я Язэпа, у якой акрамя яго было пяцёра дзяцей, рана згубіла бацьку і была вымушана зьмяніць нямала месцаў жыхарства, арандуючы чужую зямлю. Вучобу Язэп пачаў у Дзісенскай гімназіі, а ў 1906 годзе пераехаў у Вільню, дзе паступіў у мастацкую школу вядомага расейскага жывапісца Івана Трутнева. Цягам чатырох гадоў Язэп засвойваў азы мастацтва і праходзіў курс акадэмічнага маляваньня і малярства. З-за нястачы малады Драздовіч падрабляў у мастацкіх майстэрнях, плянаваў выехаць па заробкі за мяжу.
Творчае станаўленьне Язэпа Драздовіча адбывалася пад вялікім уплывам набіраўшага хаду беларускага нацыянальнага адраджэньня. У гэты час Драздовіч робіць першыя крокі ў мастацтве: стварае сэрыю графічных работ з краявідамі роднай Дзісеншчыны, аздабляе вокладку «Першага беларускага календара на 1910 год», выдадзенага «Нашай Нівай», кнігу Канстанцыі Буйло «Курганная кветка» у 1914 годзе..
У 1910 годзе Язэп Драздовіч быў прызваны ў расейскае войска. Пасьля двух гадоў службы ў Саратаве ён скончыў курсы фэльчараў і пачаў працаваць у амбулаторыі. Першую сусьветную вайну Драздовіч сустракае ў дзеючай арміі, пры запасным батальёне. Цяжкія варункі працы прывялі да таго, што мастак захварэў на брушны тыфус і на два месяцы трапіў ў шпіталь. Пасьля сямімесячнага адпачынку з адведваньнем радзімы Драздовіч вяртаецца ў войска.
Пасьля рэвалюцыі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1917 годзе, пасьля сямі гадоў службы, Язэп Драздовіч вяртаецца дамоў. Ён з аптымізмам вітаў Першы Ўсебеларускі кангрэс. У лісьце да Антона Грыневіча Драздовіч выказаў задуму аб арганізацыі акадэміі мастацтваў. На сваёй малой радзіме мастак стварыў народную бібліятэку, аматарскі тэатар.
У 1919 годзе, пасьля стварэньня БССР, Драздовіч прыехаў у Менск. У гэты час ён стаў настаўнікам маляваньня ў Беларускай вышэйшай жаночай школе, працаваў ілюстратарам у літаратурных выдавецтвах і мастаком-дэкаратарам у Таварыстве беларускага мастацтва і Беларускім дзяржаўным тэатры[2], арганізаваў культурна-асьветнае таварыства «Заранка». У Менску Драздовіч стварыў сэрыю ўнікальных малюнкаў гістарычных раёнаў гораду — Замчышча, Верхняга Гораду, Татарскага прадмесьця. Дасьледаваў рэчышча Нямігі, праводзіў раскопкі ў Заслаўі, Сьвіры.
1920-я гады
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пасьля падпісаньня ў 1921 годзе Рыскай дамовы, паводле каторай Заходняя Беларусь апынулася ў межах Польшчы, Язэп Драздовіч пакінуў Савецкую Беларусь і вярнуўся на родную Дзісеншчыну. Нягледзячы на перашкоды польскіх уладаў, ён разгортвае тут культурна-асьветніцкую дзейнасьць. У 1921 годзе Драздовіч арганізаваў у вёсцы Сталіца беларускую школу, якая, аднак, праіснаваўшы толькі тры месяцы, была зачыненая польскай адміністрацыяй.
У гэты ж час Язэп Драздовіч спрабуе займацца літаратурнай дзейнасьцю. Бярэцца за напісаньне гістарычнага раману пра часы Полацкага княства «Гарадольская Пушча», які аздабляе ўласнымі ілюстрацыямі. У 1923 годзе была выдадзена і прыхільна сустрэта беларускай грамадзкасьцю аповесьць Драздовіча «Вялікая шышка».
Язэп Драздовіч супрацоўнічаў зь Віленскім беларускім музэем імя Івана Луцкевіча. Дзеля папаўненьня экспазыцыі музэю ён займаўся раскопамі гарадзішчаў, зьбіраў фальклёр, ствараў шматлікія замалёўкі прадметаў матэрыяльнай культуры, архітэктуры, тыпажоў сялянаў. З гэтай мэтай у 1926 годзе Драздовіч выправіўся ў навукова-творчую экспэдыцыю на Піншчыну, а ў наступныя гады наведаў Трокі, Вільню, Меднікі, Крэва, Гальшаны, Ліду, Наваградак, Любчу, Мір. У выніку гэтых вандровак, якія ахапілі амаль усю Заходнюю Беларусь, зьявіліся ёмістыя альбомы графікі, якія зьяўляюцца непаўторнай зьявай у беларускім мастацтве.
У другой палове 1920-х Язэп Драздовіч выкладаў маляваньне ў Глыбоцкай школе, Наваградзкай і Радашкавіцкай беларускіх гімназіях. З 1926 году Драздовіч працаваў у Віленскай беларускай гімназіі, пры якой стварыў мастацкую студыю-майстроўню. Пры студыі Язэп Драздовіч гуртаваў маладых беларускіх мастакоў, сярод якіх былі Васіль Сідаровіч, Мікола Васілеўскі, Раман Семашкевіч.[3]
Драздовіч усталяваў шчыльныя сувязі з Інстытутам беларускай культуры ў Менску (з 1929 году — Акадэмія Навук), дасылаў замалёўкі і абмеры драўлянай архітэктуры і прадметаў сялянскага побыту. За мастацкія і навуковыя працы неаднаразова ўзнагароджваўся прэміямі Акадэміі навук. Супрацоўнічаў з сатырычным часопісам «Маланка», Таварыствам беларускай школы (ТБШ).
На пачатку 1930-х Драздовіч непрацяглы час працуе на Беласточчыне на запросіны ТБШ: афармляе спэктаклі на аматарскай сцэне таварыства, удзельнічае ў працы каапэратыўнага выдавецтва «Сяўба».
Адметнай рысай Язэпа Драздовіча было ягонае апантанае захапленьне космасам. У 1931 годзе Драздовіч выдаў у Вільні першую на беларускай мове кнігу па астраноміі «Нябесныя бегі», у якой выклаў шэраг сваіх тэорыяў, у прыватнасьці, аб паходжаньні плянэт Сонечнай сыстэмы і вярчэньні Зямлі. Выданьне ўпрыгожылі ўласныя малюнкі аўтара. У 1931—1933 гадах Драздовіч працягнуў тэму космасу трыма сэрыямі графічных малюнкаў і жывапісных палотнаў «Жыцьцё на Марсе», «Жыцьцё на Сатурне» і «Жыцьцё на Месяцы».
Дзісенскі пэрыяд
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1933 годзе Драздовіч вяртаецца на Дзісеншчыну да брата Канстантына. Тут, на малой радзіме, мастак стварыў вялікую колькасьць графічных і жывапісных твораў. Язэп Драздовіч працягнуў супрацоўніцтва зь Беларускім музэем імя Івана Луцкевіча, дасылаючы туды замалёўкі замчышчаў, гарадзішчаў, сялянскай архітэктуры і побыту. Разам зь Міхасём Машарам і Янкам Пачопкам Драздовіч стварыў культурны асяродак у Летніках і Германавічах. Штогод улетку мастак выпраўляўся ў вандроўкі па краі, падчас якіх вырабляў для вяскоўцаў шматлікія маляваныя дываны і партрэты.
Пасьля далучэньня ў 1939 годзе Заходняй Беларусі да БССР Язэп Драздовіч вучыўся на кароткачасовых настаўніцкіх курсах і працаваў настаўнікам у Глыбокім і Лужках. З-за нястачы настаўнікаў ён быў вымушаны выкладаць усе прадметы, у тым ліку астраномію, маляваньне і гісторыю. Пэдагагічная дзейнасьць Драздовіча перапынілася ў 1941 годзе з пачаткам Вялікай Айчыннай вайны. Тым ня менш, падчас акупацыі Драздовіч працягнуў творчую дзейнасьць і стварыў шэраг мастацкіх палотнаў.
Пасьля заканчэньня вайны з-за праблем са здароўем Язэп Драздовіч мала працаваў. Асноўнай крыніцай заробку мастака былі маляваныя дываны для сялянаў. Зрэдку пісаў краявіды, партрэты. Савецкія чыноўнікі ад ідэалёгіі і культуры ставіліся да творчасьці Язэпа Драздовіча як да нявартай увагі. Прыкладам таму служыць унікальны росьпіс сталоўкі ў Лужках, які быў зафарбаваны на загад полацкага чыноўніка. Драздовіч ніколі ня быў прыняты ў Саюз мастакоў Беларусі.
Мастак трагічна памёр. Беспрытомнага «дзядзьку Язэпа» знайшлі на дарозе сяляне. Яго адвезьлі ў Падсьвільскі шпіталь, дзе празь некаторы час ён памёр. Пахаваны Язэп Драздовіч у вёсцы Ліпляні Глыбоцкага раёну. На магіле стаіць стэла з барэльефам мастака скульптара Алеся Шатэрніка.
Творчасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Аўтар жывапісных і графічных работаў на гістарычныя тэмы: «Трызна мінуўшчыны», «Дух зямлі», «Брамка будучыні» і іншых. У 1910—1920 гадах стварыў графічныя сэрыі «Старажытная будоўля на Беларусі», асобныя лісты «Менск. Высокае Места», «Месца ўпадзеньня Нямігі ў Сьвіслач», партрэты полацкіх і смаленскіх князёў, асобныя лісты: «Пажар гарадзішча», «Пажар у замку» і іншыя, жывапісныя эцюды. Напісаў жывапісныя палотны з жыцьця старажытнай Полаччыны, а таксама карціны, прысьвечаныя Францішку Скарыну. Працаваў як скульптар: бюст Францішка Скарыны; барэльефы: партрэт маці паэта Міхася Машары, фальклярыста Антона Грыневіча, журналіста, айца А. Пачопкі. Запісваў фальклёр, апрацоўваў для слоўнікаў народную лексыку. Дасьледаваў у Менску рэчышча Нямігі, праводзіў раскопкі ў Заслаўі, Сьвіры. Супрацоўнічаў з Іванам і Антонам Луцкевічамі, заснавальнікамі Беларускага музэю ў Вільні, у які дасылаў матэрыялы, знойдзеныя ў час раскопак у Наваградку.
Ушанаваньне памяці
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У гады савецкай улады творчая спадчына Язэпа Драздовіча ігнаравалася афіцыйнымі ўладамі, бо не стасоўвалася з камуністычнымі ўяўленьнямі аб мастацтве. Імя мастака зноў атрымала шырокую вядомасьць дзякуючы пісьменьніку Арсеню Лісу, які ў 1984 годзе выдаў кнігу «Вечны вандроўнік», прысьвечаную жыцьцю і творчасьці Драздовіча.
У наш час у гонар Язэпа Драздовіча названа вуліца ў менскім мікрараёне Лошыца, вуліцы ў Воршы, Маладэчне, Наваградку, Глыбокім, Шаркоўшчыне, Радашкавічах, Ліплянах.[4] На магіле ў вёсцы Ліпляні Глыбоцкага раёну пастаўленая стэла з барэльефам мастака скульптара Алеся Шатэрніка, помнік Язэпу Драздовічу скульптара Ігара Голубева ўпрыгожвае Траецкае прадмесьце Менску.
Язэп Драздовіч працаваў у Глыбокім у гімназіі настаўнікам маляваньня. Бюст Язэпу Драздовічу пастаўлены на алеі славутых землякоў на гістарычным Рынку. Памятную шыльду, якую вырабіў Аляксандар Тухто, усталявалі на доме № 111 па вуліцы Генрыка Сянкевіча (сучасная вуліца Максіма Горкага).[5]
Творы Драздовіча захоўваюцца ў Нацыянальным музэі Летувы, Нацыянальным музэі гісторыі і культуры Беларусі, Нацыянальным мастацкім музэі, у Музэі старажытнай беларускай культуры, у Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа, Музэі Якуба Коласа, у некаторых рэгіянальных мухэях Беларусі і ў прыватных калекцыях. У Германавічах, на малой радзіме мастака, дзякуючы намаганьням мясцовых жыхароў існуе грамадзкі «Культурна-асьветніцкі цэнтар імя Язэпа Драздовіча», у якім экспануецца вялікая колькасьць твораў мастака.
Навукова-практычная канфэрэнцыя «Язэп Драздовіч. Асоба. Творчасьць» адбылася ў Віцебску 20 — 22 траўня 1993 году.[6] Навукова-краязнаўчая канфэрэнцыя «Шляхамі Язэпа Драздовіча» была праведзеная ў красавіку 2013 году ў Маладэчне.[7][8][9]
29 лістапада 2019 году ў Нацыянальным мастацкім музэі Беларусі ў Менску адкрыўся новы разьдзел пастаяннай экспазыцыі — «Сусьвет Язэпа Драздовіча» і віртуальны архіў-музэй Язэпа Драздовіча[10][11].
Выставы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
|
|
Фільмаграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
|
|
Бібліяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Творы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
|
Крытыка, рэцэнзіі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
|
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б в г д е ё ж з Нацыянальная служба Чэскай рэспублікі
- ^ Я. К.. Беларускі тэатр. // Беларусь : газэта. — 1920, 8 сакавіка. — № 52 (108). — С. 4.
- ^ Буйвал, В. Фердынанд Рушчыц. Каля касьцёла. // Мастацтва Беларусі : часопіс. — 1985. — № 12. — С. 64.
- ^ Імёны Свабоды: Язэп Драздовіч // Радыё Свабода, 2006
- ^ Тацьцяна Смоткіна. Дошку ў гонар Язэпа Драздовіча адкрылі ў Глыбокім (бел.) // Беларускае Радыё Рацыя, 23 лютага 2020 г.
- ^ а б Галіна Каржанеўская, Пётра Васілеўскі. «Мяне яшчэ пашукаюць…» (Пра навук.-практ. канферэнцыю: Язэп Драздовіч — асоба, творчасьць). / Гал. рэд. Мікола Гіль // Літаратура і мастацтва : газэта. — Менск: Беларускі дом друку, 19 — 25 чэрвеня 1993. — № 25 (3695). — С. 6, 7.
- ^ «Творчасць Драздовіча — прыклад нацыянальнага мастацтва» («Рэгіянальная газета»).
- ^ «Творчасць Драздовіча — прыклад нацыянальнага мастацтва». 21.by]
- ^ «Шляхамі Язэпа Драздовіча», навукова-краязнаўчая канферэнцыя «Нацыянальная бібліятэка Беларусі»
- ^ Ксенія Ліцвіноўская. «Касмічная опера» Язэпа Драздовіча. 30-11-2019. Новы час.
- ^ Новы раздзел пастаяннай экспазіцыі — «Сусвет Язэпа Драздовіча». Нацыянальны мастацкі музэй Рэспублікі Беларусь
- ^ «Каталёг 1-й Усебеларускай мастацкай выстаўкі». — Менск: 1925. — С. 13. — 44 с. — 2000 ас.
- ^ Вучнёўская выстаўка малюнкаў. // Родные гоні : месячнік літаратуры й культуры Заходняе Беларусі. — 1927, чэрвень. — № 4. — С. 46.
- ^ Шашалевіч А. Першая Усебеларуская выстаўка краязнаўчых фатаграфій і замалёвак. / С. Плаўнік // Наш Край : штомесячнік Цэнтральнага Бюро Краязнаўства пры Інстытуце Беларускай Культуры. — Менск: люты— сакавік 1928. — № 6—7 (33—34). — С. 3—10, 8.
- ^ Хроніка: Працы мастакоў-беларусаў. // Беларускі звон : газэта. — 1932, 27 траўня. — № 15 (40). — С. 4.
- ^ Язэп Драздовіч 1888―1954. Шлях да сваёй зоркі… / аўтар тэксту Т. В. Габрусь, рэдактар Ю. І. Дзянісаў, макет і афармленьне мастака А. А. Жданоўскай. — Менск: ДВПМП «Інфаармпрагрэс», 1993. — 28 с. — 5000 ас.
- ^ Т. Жук. «Любіў сусьвет і родную зямлю.» / Гал. рэд. Уладзімер Някляеў // Літаратура і мастацтва : газэта. — Менск: Беларускі дом друку, 23 кастрычніка 1998. — № 43. — С. 4.
- ^ Юрась Малаш. «Зямля і космас Язэпа Драздовіча». — Заслаўе: 1999. — 11 с.
- ^ Язэп Драздовіч. Каталёг выставы з фондаў музея старажытнабеларускай культуры, Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклёру імя Кандрата Крапівы, НАН Беларусі : да 120-годдзя з дня нараджэння мастака. / складальнікі тэксту: Л. Агеева, С. Беляева, Н. Дзямідава ; пад рэдакцыяй В. І. Жука ; фота М. Мельнікава. — Менск: 2008. — 21 с.
- ^ Язэп Драздовіч у Віцебскім краязнаўчым музэі Радыё Свабода
- ^ Лія Кісялёва. Космас: тэксты і выявы. «Сусвет Язэпа Драздовіча»: у Нацыянальным мастацкім музеі. / Алена Каваленка // Мастацтва : часопіс. — Менск: «Культура і мастацтва», 2018. — № 8 (425). — С. 14―17.
- ^ Выстава «Сусвет Язэпа Драздовіча» ў Нацыянальным мастацкім музэі.
- ^ Віленскае выдавецтва Б. Клецкіна. // Новае жыцьцё : газэта. — 1923, 27 красавіка. — № 8. — С. 4.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
|
|
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Нарадзіліся 13 кастрычніка
- Нарадзіліся ў 1888 годзе
- Нарадзіліся ў Дзісенскім павеце Віленскай губэрні
- Памерлі 15 верасьня
- Памерлі ў 1954 годзе
- Памерлі ў Глыбоцкім раёне
- Выкладчыкі Наваградзкай беларускай гімназіі
- Выкладчыкі Радашкавіцкай беларускай гімназіі
- Беларускія археолягі
- Беларускія мастакі
- Беларускія літаратары
- Беларускія фальклярысты
- Выкладчыкі Віленскай беларускай гімназіі
- Беларускія пэдагогі
- Беларускія разьбяры
- Асобы на беларускіх паштовых марках
- Пахаваныя ў Глыбоцкім раёне
- Язэп Драздовіч