Перайсьці да зьместу

Іван Краскоўскі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Іван Краскоўскі
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся: 24 чэрвеня 1880(1880-06-24)
Памёр: 23 жніўня 1955(1955-08-23) (75 гадоў)
Партыя:
Дзеці: Людміла Краскоўская
Адукацыя:

Іва́н Ігна́тавіч Краско́ўскі (пс.: Кій; 24 чэрвеня 1880, в. Дубічы Царкоўныя, Бельскі павет, Гарадзенская губэрня — 23 жніўня 1955, Браціслава, Чэхаславаччына) — беларускі і ўкраінскі грамадзка-палітычны дзяяч, публіцыст, пэдагог. Сябра ўраду Украінскай народнай рэспублікі, старшыня дыпляматычнай місіі УНР на Каўказе, кансультант беларускай дэлегацыі на перамовах з УНР.

Нарадзіўся 24 чэрвеня 1880 году ў вёсцы Дубічы Царкоўныя Бельскага павету Гарадзенскай губэрні (цяпер Падляскае ваяводзтва, Польшча). Скончыў гімназію ў Вільні. З 1903 па 1905 гады навучаўся на гісторыка-філялягічным факультэце Варшаўскага ўнівэрсытэту, Удзельнічаў у нелегальным студэнцкім гуртку, за што быў выключаны з унівэрсытэту. Пасьля пераехаў у Санкт-Пецярбург, дзе працягнуў навучаньне ў Пецярбурскім унівэрсытэце па спэцыяльнасьці гісторыка-эканаміста.

Па сканчэньні ўнівэрсытэту ў 1907 годзе пераехаў у Вільню, дзе да 1914 году выкладаў у гімназіях, удзельнічаў у беларускім грамадзкім руху.

Улетку 1915 году пераехаў у Кіеў, дзе працаваў у Зямельным саюзе. Чалец Беларускай сацыялістычнай грамады, Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі. У верасьні 1917 году на зьезьдзе народаў у Кіеве прадстаўляў беларускія нацыянальныя арганізацыі. Быў прызначаны часовым украінскім урадам камісарам у Тарнопалі, арыштаваны бальшавікамі 18 сьнежня 1917 году.

У 1918 годзе ўвайшоў у склад ураду Украінскай Народнай Рэспублікі, быў амбасадарам УНР у Грузіі.

Падчас працы ва ўкраінскім урадзе таксама выступаў кансультантам дэлегацыі Беларускай Народнай Рэспублікі на перамовах з урадам Украіны[1]. 10 кастрычніка 1918 году быў таксама ўпаўнаважаны Народным сакратарыятам БНР дзеля вядзеньня перамоваў з урадамі Расеі і Ўкраіны аб афіцыйным прызнаньні незалежнасьці Беларусі[2].

У 1920 годзе — старшыня Беларускага нацыянальнага камітэту у Вільні. З-за ўзмоцненай агітацыі супраць выбараў у Віленскі Сойм ўночы з 19 на 20 студзеня 1922 году арыштаваны польскімі ўладамі ў ліку 33 беларускіх і летувіскіх актывістаў. Знаходзіўся ў вязьніцы. Дзякуючы ціску Летувы ў лютым 1922 году перададзены летувіскаму боку. У 1922 году — дырэктар Дзьвінскай беларускай гімназіі ў Латвіі.

З 1925 году — у Менску. Працаваў у БДУ, Інбелкульце, АН БССР, сябра прэзыдыюму Дзяржпляну БССР.

У 1930 годзе пераведзены ў Маскву на працу ў Дзяржплян СССР. Арыштаваны 8 ліпеня 1930 году органамі АДПУ СССР па справе «Саюзу вызваленьня Беларусі». У 1931 годзе сасланы на 5 гадоў у Самару, дзе працаваў у краявым плянавым кіраваньні. Паўторна арыштаваны 4 лістапада 1937 году, аднак 19 сакавіка 1940 году асаблівым нарадай пры НКУС СССР вызвалены з-пад сьледзтва.

У далейшым да выхаду на пэнсію ў 1949 годзе працаваў настаўнікам у населеных пунктах Куйбышаўскай вобласьці.

У 1953 годзе выехаў да дачкі ў Чэхаславаччыну. Памёр 23 жніўня 1955 году ў Браціславе.

Рэабілітаваны ў траўні 1962 году.

  1. ^ Архівы БНР, Том1, Кніга 1, с. 70
  2. ^ Архівы БНР, Том1, Кніга 1, сс. 276—277

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]