Пётра Мірановіч

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Пётра Мірановіч
Дата нараджэньня 21 верасьня 1902
Месца нараджэньня Сьцяг Расеі в. Стрэмкі Піедруйская воласьць Краслаўскі павет
Дата сьмерці 20 сьнежня 1990
Месца сьмерці Сьцяг ЗША Нью-Ёрк
Занятак мастак

Пётра Мірано́віч (21 верасьня 1902, в. Стрэмкі Піедруйская воласьць Краслаўскі павет, Латвія — 20 сьнежня 1990, Бруклін, Нью-Ёрк, ЗША) — выбітны беларускі мастак.

Жыцьцяпіс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1922 скончыў Краслаўскую латыскую асноўную школу, у 1926 Даўгаўпілскую Дзяржаўную Беларускую гімназію. У 1926 паступіў у Латвійскую акадэмію мастацтваў. З 1928 па 1933 навучаўся ў майстэрні дэкаратыўнага жывапісу ў прафэсара Яніса Кугі, а з 1933 да 1937 — у майстэрні фігуральнага жывапісу ў прафэсара Гедэрта Эліяса. У 1937 скончыў акадэмію, дыплёмнаю працаю была карціна «У сялянскай хаце».

Пасьля сканчэньня акадэміі жыцьцё мастака было зьвязана з пэдагагічнаю дзейнасьцю, ён працаваў настаўнікам маляваньня, а пазьней інспэктарам беларускіх школ, зьяўляўся сябрам Таварыства беларускіх настаўнікаў Латвіі.

Са жніўня 1941 намесьнік Беларускага камітэту (у сакавіку 1942 пераназваны ў «аб’яднаньне»), які заснаваў ў Рызе Канстанцін Езавітаў[1].

У 1944—1945 Мірановіч вучыўся ў Венскай акадэміі мастацтваў у Аўстрыі. З 1950 разам зь сям’ёй жыў у Брукліне, (Нью-Ёрк, ЗША).

Праца[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Творчасьць мастака ў раньні пэрыяд была прысьвечана пэйзажам Латгаліі, рацэ Даўгаве, а таксама тэматыцы вясковага жыцьця латгальскіх беларусаў, партрэтам беларускай інтэлігенцыі. Пётрам Мірановічам быў намаляваны абраз Божай Маці для алтара Піедруйскага касьцёла. На 4-ай мастацкай выставе Фонда культуры Латвіі ў 1937 яго карціны «Латгалачка», «Вяртаньне дамоў», «Вандраваньне», «Адліга» ды «Рака Айвіекстэ» экспанаваліся разам з працамі вядомых латыскіх мастакоў Я.Кугі, Г.Эліяса, В.Пурвіта, Я.Тылберга і інш. Паўстала і цэльная партрэтная галерэя створаных ім вобразаў — Скарына, Сапега, Каліноўскі, Купала, якая пазьней была падоўжана выявамі выдатных асобаў нашага часу: Арсеньнева, Салавей, Сядура, Сахараў.

У амэрыканскі пэрыяд жыцьця Мірановічам было напісана шмат партрэтаў беларускіх эмігрантаў, пэйзажаў Латгаліі, намаляваных па накідах і фатаздымках, прывезеных мастаком, а таксама карціна «Беларускія эмігранты», якая экспанавалася на розных амэрыканскіх выставах і атрымала вялікую папулярнасьць. Да апошніх дзён свайго жыцьця мастак удзельнічаў у шматлікіх мастацкіх выставах, чытаў лекцыі, пісаў артыкулы пра беларускую культуру і асьвету, афармляў розныя выставы. У 1964 у Нью-Ёрку адбылася яго пэрсанальная мастацкая выстава, якую арганізаваў Беларускі Інстытут Навукі і Мастацтва[2]. На гэтай выставе экспанаваліся 63 працы мастака.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Беларусы ў Латвіі ў часы савецкай і нямецка-фашысцкай акупацыі (1940—1945) Эрык Екабсонс, Беларускі Гістарычны Агляд, 2006 Т.13 Сш. 2
  2. ^ Два мастакі — два лёсы Сяргей Гвазьдзёў, Новы Час

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]