Перайсьці да зьместу

Тамаш Грыб

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Тамаш Грыб
лац. Tamaš Hryb
Тамаш Грыб, 1923 год
Тамаш Грыб, 1923 год
Сьцяг Беларусі Міністар унутраных справаў БНР
13 сьнежня 1919  23 жніўня 1923
Папярэднік Кузьма Цярэшчанка
Наступнік не было
Сьцяг Беларусі Міністар земляробства БНР
21 лютага 1918  ліпень 1918
Папярэднік не было
Наступнік Аркадзь Смоліч
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся19 сакавіка 1895
в. Паляны, Астравеччына
Памёр25 студзеня 1938 (42 гады)
Прага, Чэхаславаччына
ПартыяБеларуская партыя сацыялістаў-рэвалюцыянэраў
Адукацыя
Сужэнец Паўліна Мядзёлка і Палута Бадунова
Кіраўнікі Аб’яднаньня беларускіх студэнцкіх арганізацыяў у 1928 годзе. Зьлевага направа: Францішак Грышкевіч — сакратар, Васіль Русак — скарбнік, Вячаслаў Лаўскі — старшыня, Адольф Клімовіч — адзьдзел міжнародных зносін, Тамаш Грыб — віцэ-старшыня.

Тамаш Тамашавіч Грыб, псэўданімы: Глеба, Т; Н-ка; Небарака; Небарака, Антон; Т.; Т. Г.; Т-г; Т-ш; A. N.; G-be; Ge, Tomasz; N-ka, A.; Niebaraka, Anton; T. (лац.); Т. Н. (лац.), Тита, В.[1] (19 сакавіка 1895 в. Паляны, Смаргонскі раён — 25 студзеня 1938, Прага) — беларускі грамадзка-палітычны і культурны дзяяч.

Нарадзіўся ў беднай сялянскай сям’і. Навучаўся ў Пецярбурскім псыханэўралягічным інстытуце, дзе зблізіўся зь беларускім рухам.

З 1916 году — у войску, удзельнік Першай сусьветнай вайны на Румынскім фронце[2]. Дэлегат І Усебеларускага зьезду (сьнежань 1917 году), на якім быў арыштаваны бальшавікамі. Адзін з аўтараў Устаўных грамат БНР, сябра Рады БНР і яе Выканкаму ў 1918, займаў пасады міністра земляробства і міністра ўнутраных справаў.

Уваходзіў у Цэнтральную Беларускую вайсковую раду. Адзін зь лідэраў Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянэраў.

Удзельнік 3-га Ўсерасейскага зьезду Саветаў у 1918. У 1918 годзе чытаў лекцыі на курсах беларусазнаўства ў Менску. На пачатку 1919 году выдае ў Вільні газэту «Грамадзянін». З красавіка 1919 году — у Гародні, дзе супрацоўнічае ў газэце «Родны край», затым — у Менску. Двойчы ў 1919 годзе зьняволены польскімі ўладамі за беларускую незалежніцкую дзейнасьць. Інтэрнаваны ў лягеры Домбэ пад Кракавам, адкуль уцёк.

Напрыканцы 1920 году выехаў у Коўна, удзельнічаў тут у выданьні газэты «Сялянская доля». Удзельнік Усебеларускай палітычнай канфэрэнцыі (Прага, 1921). З 1922 году — у Чэхіі. Скончыў філязофскі факультэт Карлава ўнівэрсытэту (1928). Абараніў доктарскую дысэртацыю на тэму «Пытаньне народу і нацыі»[3] (паводле іншых зьвестак — «Паляне: пытаньне народу і нацыі»[4]).

Стварыў у Празе Беларускае (Крывіцкае) культурнае таварыства імя Ф. Скарыны. Актыўна працаваў у суполцы Беларускага студэнцкага саюзу. Удзельнік 8-га кангрэсу Міжнаронай студэнцкай канфэрэнцыі ў Празе ў 1926 годзе. Адзін з кіраўнікоў і старшыня з 1930 году да 1932 году Аб’яднаньня беларускіх студэнцкіх арганізацыяў (АБСА).[5][6][7] Удзельнічаў у працы Беларускай Рады ў Празе. З 1930 году працаваў тут у Славянскай бібліятэцы.

У 1934—1938 гадах — загадчык беларускага замежнага архіва ў Празе. Друкаваў артыкулы на тэмы гісторыі, грамадзкай думкі, нацыянальна-палітычнага жыцьця Беларусі ў часопісах «Студэнцкая думка», «Золак», «Iskry Skaryny». Перакладаў публіцыстыку з расейскай і чэскай моваў. Складаў бібліяграфію беларусазнаўства.

Ня вытрымаў цяжкіх ускладненьняў грыпу й памёр. Пахаваны на Альшанскіх могілках у Празе[8].

Літва і ліцьвіны

[рэдагаваць | рэдагаваць код]

У 1934 годзе ў сваім артыкуле «На два франты (Галоўныя засады вызвольнай праграмы беларускага народу)» падкрэсьліваў беларускі характар Вялікага Княства Літоўскага і адрознасьць ліцьвінаў ад жамойтаў (летувісаў)[9]:

« Хай нас ня блытаюць розныя найменьні дзяржавы, утворанай на рубяжы XIII—XIV стагодзьдзяў на вагромністым абшары Усходняе Эўропы, найменьні, якія ўжываюцца ў сучаснай гістарычнай літаратуры — Літва, Русь, Западная Русь, Літоўская Русь, Вялікае Князьства Літоўскае, Вялікае Князьства Літоўска-Рускае, Вялікае Князьства Літоўска-Беларускае, Вялікае Князьства Беларуска-Літоўскае, а таксама: Западная Русь пад уладаю Літвы, Беларусь пад Літоўскім панаваньнем ды інш. Усё гэта ёсьць выплад надзіву годнага непаразуменьня і зблытаніны паняцьцяў. Трымаймося фактаў гістарычнае рэчаістасьці: мова і культура беларускага народу былі пануючымі ў гэнай дзяржаве. Вось жа: гэта была беларуская дзяржава! <…> Трэ мець на ўвазе пры гэтым і адрознасьць паміж Ліцьвінамі (старадаўнымі Люцічамі, Велетамі або Волатамі) і Жмудзінамі. Асабліва сяньня трэ мець на ўвазе гэну адрознасьць, калі Жмудзіны, прыняўшы старадаўнае найменьне Літва, імкнуцца прыўласьніць і гістарычны зьмест гэтага слова — гістарычную мінуўшчыну беларускага народу »

Асабістае жыцьцё

[рэдагаваць | рэдагаваць код]

Жонкі — Паўліна Мядзёлка, Палута Бадунова.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць код]