Падручны расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік
Падручны расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік | |
Аўтар: | Вацлаў Ластоўскі |
---|---|
Публікацыя: | 1924 |
Асобнае выданьне: | 1924 |
Выдавецтва: | Друкарня А. Бака |
Колькасьць старонак: | 844:
|
Вікікрыніцы зьмяшчаюць поўны тэкст гэтага твору |
«Падру́чны расі́йска-кры́ўскі (белару́скі) сло́ўнік», таксама вядомы як слоўнік Ластоўскага[1], — слоўнік Вацлава Ластоўскага, арыентаваны на беларусаў-інтэлігентаў, якія забылі родную мову[2], для практычных патрэбаў[3]. Аўтар назваў слоўнік «крыўскім», бо прызнаваў этнонім «крывіч» за ўласнабеларускі, а астатнія назвы накінутымі[4].
Прадмова да слоўніка зьмяшчаецца на 12 бачынах. Сам слоўнік налічвае 832 старонкі і блізу 20 тысячаў слоўных адзінак[5] і 17 тысяч слоўнікавых артыкулаў[6]. Расейская частка аформленая паводле дарэформавай артаграфіі. Наклад слоўніка й крыніцы фінансаваньня невядомыя[7].
Хоць слоўнік у свой час ня змог значна паўплываць на моўную культуру, у 1990 годзе было выдадзенае факсімальнае выданьне ў 10 тысяч асобнікаў[8]. Сёньня некаторыя наватворы Ластоўскага са слоўніка можна сустрэць у сучаснай беларускай літаратуры[6].
Прадмова
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У сваёй прадмове Вацлаў Ластоўскі тлумачыць, чаму ён пастанавіў скласьці гэты слоўнік. Аўтар крытыкуе хрысьціянства за выкарыстаньне царкоўнаславянскай мовы (Ластоўскі яе называе «баўгарскай»). Паводле Ластоўскага, гэткае аддаленьне ад народных масаў інсьпіравала далейшы выбар царквой чужой беларусам польскай або расейскай мовы, што прыводзіла да дэнацыяналізацыі, рэнэгацтва і здрадніцтва. Таксама Ластоўскі выкрывае суседзяў (палякаў і расейцаў), якія, як ён даводзіць, пагарджаючы беларускай мовай, актыўна запазычалі зь яе лексыку. На карысьць сваёй думкі Ластоўскі прыводзіць слоўнік Івана Насовіча, які, як ён піша, быў цалкам унесены ў «Słownik języka polskiego» Ліндага і «Русский академический словарь»[9].
Пакінуў сьведчаньне, што на час выданьня слоўніка беларусы працягвалі называць сябе ліцьвінамі: «дагэтуль народ наш называе сябе Літвінамі (прыкладам, у Чарнігаўшчыне, ва ўсходняй Магілёўшчыне і Смаленшчыне)»[10].
Слоўнік
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Увесь слоўнік пранізвае тэндэнцыя пасьлядоўнага імкненьня да максымальнай чысьціні беларускіх словаў і тэрмінаў, узятых, паводле Ластоўскага, з народных гаворак[8]. Але Ластоўскі часта не пазначаў мясьціны, зь якіх браў словы. З-за гэтага навукоўцы сьцьвярджаюць, што вялікая іх частка рэгіяналізмы, а значная колькасьць выдуманая самім аўтарам[11]. Напрыклад, паводле Сяргея Запрудзкага, наватворамі зьяўляюцца жаўнерня (казарма), наўзьбярэжніцтва (кабатаж), паўнак (камплект) і г. д.[3]
У слоўніку, акрамя беларускага эквіваленту расейскага слова, падаюцца цэлыя словаўтваральныя гнёзды. Часам таксама аўтар тлумачыць значэньне слова і ўказвае, адкуль яно прыйшло. Ёсьць выпадкі, дзе Ластоўскі дае толькі тлумачэньне без аднаслоўнага перакладу. Даволі часта ў слоўніку сустракаецца недакладны або памылковы пераклад запазычаньняў (газета — часопіс, конспект — скарот)[11].
Крытыка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Віцэ-прэзыдэнт Беларускай Акадэміі Навук Сьцяпан Некрашэвіч выступіў з жорсткай крытыкай слоўніка:[11]
Аўтар слоўніка робіць зь беларускай мовай такія мудраваньні, такія опэрацыі, што ў рэзультаце атрымліваецца нешта новае, мала падобнае на беларускую мову… Аўтар не ачышчае беларускую мову, а наадварот яе зьнявечвае, засурвае, утвараючы нешта падобнае да валапюка або эспэратна з беларускай асновай.
Янка Станкевіч таксама крытыкаваў слоўнік за мяшаньне прыродных беларускіх словаў з уласнымі наватворамі, але таксама адзначаў руплівасьць Ластоўскага пра родную мову[11]. Дасьледчыца лексыкаграфічнае працы Ластоўскага Алена Ніякоўская так ацэньвае слоўнік:[11]
Слоўнік — гэта суцэльны твор, цікавы, дынамічны, арганізаваны вакол адзінай ідэі — нацыянальнай.
Юрась Пацюпа заклікае ўспрымаць гэты слоўнік як літаратурны твор і крыніцу пазнаньня беларускае мовы ды творчасьці самога аўтара. Да таго ж, паводле яго, некаторыя словы са слоўніка, якія лічыліся наватворамі Ластоўскага, пазьней пацьвярджаліся тэкстамі аўтараў, якія паходзілі з тых жа мясьцінаў, што і Ластоўскі[11]. Рыгор Барадулін, адказваючы на пытаньне пра слоўнік, які для яго зьяўляецца ўзорам і да якога ён зьвяртаецца, казаў:[12]
Такім слоўнікам быў і застаецца слоўнік Ластоўскага — ён самы чысты, самы беларускі. Праўда, там шмат словатвораў, але гэты слоўнік мне найбольш падабаецца.
Зьмест
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Структурна слоўнік падзелены на наступныя часткі:
- Прадмова
- Слоўнік
- Крыўскі (беларускі) іменнік — слоўнік асабовых імёнаў
- Назовы птахаў — слоўнік арніталягічных тэрмінаў
- Іменнік расьцін — слоўнік батанічных тэрмінаў
- Вайсковая каманда — слоўнік вайсковых тэрмінаў
Выданьні
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Ластоўскі, В. Падручны расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік. — Коўна: Друкарня А. Бака, 1924. — 832 с.[13]
- Ластоўскі В. Падручны расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік. — Коўна: Друкарня А. Бака, 1924 (факс. выд. — Мінск : Навука і тэхніка, 1990).
Крытыка, рэцэнзіі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- С. Некрашэвіч. Кнігапіс. В. Ластоўскі. Расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік. Выданьне Міністэрства Беларускіх Спраў у Літве. Коўна, 1924 г., стар. 382+XII. // Полымя : часопіс. — 1926. — № 2. — С. 176—179.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Асалода для пурыстаў: ТЭСТ па слоўніку Ластоўскага. — 6.04.2017.
- ^ Падручны расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік. — 1924. — С. 7.
- ^ а б Сяргей Запрудскі. Пурыстычная мовазнаўчая спадчына 1920-х гг. Вацлава Ластоўскага і Янкі Станкевіча. — 2018.
- ^ Падручны расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік. — 1924. — С. 7, 10.
- ^ Баршчэўскі Аляксандар. Беларускі эміграцыйны асяродак у Каўнасе // Беларуская эміграцыйная пісьмовасьць. — 2004. — С. 47.
- ^ а б Сакун, Т. М. Аўтарскія наватворы ў слоўніку Вацлава Літоўскага // БДУ. — Мінск: 2002.
- ^ Баршчэўскі Аляксандар. Беларускі эміграцыйны асяродак у Каўнасе // Беларуская эміграцыйная пісьмовасьць. — 2004. — С. 48.
- ^ а б Баршчэўскі Аляксандар. Беларускі эміграцыйны асяродак у Каўнасе // Беларуская эміграцыйная пісьмовасьць. — 2004. — С. 49.
- ^ Баршчэўскі Аляксандар. Беларускі эміграцыйны асяродак у Каўнасе // Беларуская эміграцыйная пісьмовасьць. — 2004. — С. 48-49.
- ^ Чаропка В. Гісторыя нашага імя: Гіст. даслед. — Менск, 1995. С. 72.
- ^ а б в г д е ТЭОРЫЯ І ПРАКТЫКА МОВЫ “Расійска-крыўскі слоўнік” Вацлава Ластоўскага // Мова нанова. — 02.04.2017.
- ^ Сяргей Шапран Рыгор Барадулін: «Вушацкі словазбор» я пачаў збіраць яшчэ ў сёмым класе. — 16-11-2013.
- ^ Ластоўскі, В. Падручны расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Баршчэўскі Аляксандар. Беларускі эміграцыйны асяродак у Каўнасе // Беларуская эміграцыйная пісьмовасьць. — Warszawa: MWM, Warszawa-Wesoła, 2004. — ISBN 83-920472-1-4
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Сакун, Т. М. Аўтарскія наватворы ў слоўніку Вацлава Літоўскага // БДУ. — Мн.: 2002.
- ТЭОРЫЯ І ПРАКТЫКА МОВЫ “Расійска-крыўскі слоўнік” Вацлава Ластоўскага // Мова нанова. — 02.04.2017.
- Сяргей Запрудскі. Пурыстычная мовазнаўчая спадчына 1920-х гг. Вацлава Ластоўскага і Янкі Станкевіча // Роднае слова. — 2018. — № 7.
- Падручны расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік (Kamunikat)
- Падручны расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік (knihi.com)