Язэп Камаржынскі
Язэп Камаржынскі | |
Дата нараджэньня | 1899 |
---|---|
Месца нараджэньня | |
Дата сьмерці | 1965 |
Месца сьмерці | |
Месца пахаваньня | |
Сябра ў | Таварыства беларускага тэатру |
Язэп Францавіч Камаржынскі (1899, Дзьвінск, цяпер Латвія — 1965, Даўгаўпілс) — актор, рэжысэр, культурна-грамадзкі дзеяч беларускай дыяспары ў Латвіі міжваеннага пэрыяду.
Жыцьцяпіс
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Удзельнічаў у тэатральных пастаноўках трупы Дзьвінскага чыгуначнага тэатру пад кіраўніцтвам М. Канстанцінава. Падчас 1-й сусьветнай вайны ў эвакуацыі на Смаленшчыне. Працаваў у рабочай драматычнай дружыне Рослаўля. У 1919—1920 гадах актор драмы, сябра Смаленскага аддзяленьня Ўсерасейскага прафэсійнага саюзу работнікаў мастацтва. Летам 1920 году вярнуўся ў Дзьвінск, скончыў беларускія настаўніцкія курсы.
У 1922 годзе як рэжысэр узначаліў створаную з ініцыятывы К. Езавітава і Э. Будзькі беларускую тэатральную трупу Дзьвінску. Беларускія спэктаклі ставіліся ім у латгальскім клюбе «Саўле» і сьвятліцы чыгуначнікаў. Калектыў выяжджаў з пастаноўкамі ў Прыдруйшчыну, Ізабелінаўшчыну, інш. рэгіёны пражываньня беларускага этнасу.
Увосень 1929 году Беларускі аддзел пры Міністэрстве асьветы Латвіі запрасіў Камаржынскага ў Рыгу, дзе ён працаваў настаўнікам у беларускай школе на Маскоўскім фарштаце, а затым быў прызначаны дырэктарам Беларускага народнага тэатру. Выступаў як актор і рэжысэр. Ставіў п’есы Ў. Галубка, Я. Купалы, Р. Блаўману. 3 утварэньнем Таварыства беларускага тэатру ў Латвіі Камаржынскі быў дзейным яго сябрам. У 1936 годзе беларуская грамадзкасьць Латвіі шырока адзначыла 20-годзьдзе яго творчай дзейнасьці.
Удзельнічаў у культурна-грамадзкай рабоце латыскіх беларусаў і падчас Другой сусьветнай вайны. У 1945 годзе ў ліку іншых культурна-асьветных беларускіх працаўнікоў С. Сахарава, С. Сіцько, П. Масальскага (П. Сакола) арыштаваны і высланы ў Сыбір.
Пасьля рэабілітацыі ў 1955 годзе вярнуўся ў Дзьвінск (Даўгаўпілс), удзельнічаў у пастаноўках спэктакляў у Даўгаўпілскім гарадзкім Доме культуры. Загінуў, зьбіты машынай па дарозе на рэпэтыцыю.
Пахаваны на каталіцкіх могілках у Даўгаўпілсе[1].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Маракоў Л. У. КАМАРЖЫНСКІ Язэп Францавіч // Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асьветы, грамадзкія і культурныя дзеячы Беларусі. Энцыкляпэдычны даведнік у 10 тамах (15 кнігах). Т. 3. Кніга 1. — Мн., 2004.