Вольга Сахарава
Вольга Сахарава | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Імя пры нараджэньні | Вольга Нікановіч |
Нарадзілася | 28 чэрвеня 1884 |
Памерла | 13 сакавіка 1943 (58 гадоў) |
Пахаваная | |
Сужэнец | Сяргей Сахараў |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | пісьменьніца |
Гады творчасьці | 1917—1943 |
Во́льга Са́харава (дзявочае прозьвішча Нікановіч; 28 чэрвеня 1884, в. Казаноўка, Лепельскі павет, Віцебская губэрня, цяпер Чашніцкі раён, Віцебская вобласьць — 13 сакавіка 1943, Люцын (Лудза), Латвія) — беларуская пісьменьніца, паэтка і пэдагогіца.
Жыцьцяпіс
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нарадзілася ў сям’і праваслаўнага сьвятара Хвёдара Нікановіча. Скончыла Полацкую дзяржаўную гімназію ў 1900 годзе. Працавала настаўніцай прыходзкай школы для дзяўчынак у Люцыне (цяпер г. Лудза, Латвія). У траўні 1905 г. выйшла замуж за выкладніка Люцынскай гарадзой навучальні Сяргея Сахарава. У студзені 1907 г. разам з мужам пераехала ў Юр’еў (цяпер Тарту, Эстонія), дзе займалася на прыватных курсах дашкольнага выхаваньня. Пасьля некалькі гадоў працы ў Віцебску, Юр’еве, Пінску з 1917 году зноў у Люцыне, куды ейны муж Сяргей Сахараў быў запрошаны на пасаду дырэктара мясцовай рускай гімназіі. Узначальвае прыватны дзіцячы садок, прымае актыўны ўдзел у працы мясцовай беларускай грамады. У 1922 г. разам з сям’ёй пераязджае ў Рыгу, а ў 1925-м — у Дзьвінск, дзе С. Сахараў становіцца дырэктарам Дзьвінскай дзяржаўнай беларускай гімназіі. У 1932 г. пасьля таго, як мужа пазбавілі пасады дырэктара беларускай гімназіі, перабіраецца ў Рыгу. Потым яшчэ некалькі разоў была вымушаная мяняць месца жыхарства: Краслава, Дзьвінск, потым ізноў Рыга. Дапамагала мужу зьбіраць беларускі фальклёр[1].
Частыя пераезды, сьмерць старэйшай дачкі Галіны адмоўна паўплывалі на стан ейнага здароўя. Перанесла паралюш, апошнія месяцы жыцьця была паралюшаваная. 13 сакавіка 1943 года памерла ў Люцынскім шпіталі. Пахавана ў Люцыне побач з дачкой на мясцовых могілках[2].
Творчасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пісьменьніцкая дзейнасьць В. Сахаравай распачалася пасьля пераезду ў 1917 г. у Люцын. Яна пісала невялічкія інсцэніроўкі для выхаванцаў свайго дзіцячага садка, якія і ставіла разам зь імі. Паводле матываў паэмы Янкі Купалы «Сон на кургане» напісала п’есу — казачную фэерыю «На Полацкім замчышчы» (паст. 1927, выд. 1928), да якой Канстанцін Галкоўскі напісаў 6 музычных ілюстрацыяў (хары і сольныя нумары). П’еса «Птушка на волі» (1932, пра жыцьцё на вёсцы) нагадвала «Паўлінку» Я. Купалы. Ейныя п’есы «Маладыя пабегі», «Ліст да Прэзыдэнта», «Аксюткіна ёлка» ставіліся ў Дзьвінскай беларускай гімназіі. Пісала вершы (зборнік «Водгукі сэрца»; рукапіс у Цэнтральнай бібліятэцы АН Летувы)[3]. У 1943 годзе рыхтаваўся да друку пасьмяротны зборнік ейных вершаў «Водгукі сэрца», які не быў выдадзены[4].
Некалькі ейных драматычных твораў засталіся ў рукапісах. У 2015 г. у Менску выйшаў найбольш поўны на цяперашні час том «Выбраных твораў» Вольгі і Сяргея Сахаравых, куды не патрапіла інсцэніроўка «Вясельле», якая заставалася ў рукапісах і захоўваецца ў адзьдзеле рэдкіх кнігаў і рукапісаў ЦНБ імя Якуба Коласа.
Бібліяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Птушка на волі: п’еса ў 3 дзеях / В. Ф. Сахарава. Дзьвінск, 1932.
- Сяргей і Вольга Сахаравы, Выбраныя творы. Мінск: Кнігазбор, 2015.
- Вольга Сахарава / Бліскавіцы: анталогія беларускай жаночай паэзіі міжваеннага перыяду / уклад., камент. А. Данільчык, В. Жыбуля. — Мінск: Кнігазбор, 2017, С. 242—248.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Г. Каханоўскі, Пра Вольгу Сахараву // Крывіцкія руны, Мінск, Беларускі кнігазбор, 2003, С. 262.
- ^ Бліскавіцы: анталогія беларускай жаночай паэзіі міжваеннага перыяду / уклад., камент. А. Данільчык, В. Жыбуля. — Мінск: Кнігазбор, 2017, С. 242—243.
- ^ Дзеячы культуры і навукі — ураджэнцы Чашніччыны // Гістарычна-краязнаўчы курс «Наша Чашніччына». Чашніказнаўства / В. В. Грыбко. Мн.: Медисонт, 2007. С. 138—149.
- ^ Памяці В. Сахаравай, Новы Шлях, 1943, N 7.