Перайсьці да зьместу

Вітгенштэйны

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Сайн-Вітгенштэйны
Sayn-Wittgenstein
[[Выява:|200пкс|]]
Герб Вітгенштэйнаў
Краіна паходжаньня: Нямеччына
Тытул: графы
Прызнаныя ў: Сьвятая Рымская імпэрыя

Вітгенштэйны або Сайн-Вітгенштэйны (Sain-Wittgenstein) — старажытны род імпэрскіх графаў у Нямеччыне[a], які меў шмат адгалінаваньняў.

Род графаў фон-Сайн, які згадваецца ўжо ў 1145 г., спыніўся ў мужчынскай лініі ў 1246 г., пасьля чаго графства пераходзіла з рук у рукі, пакуль не апынулася ў руках малодшай галіны дому Спанхэймаў. У 1607 г. Спанхэймскі род Сайн-Вітгенштэйнаў падзяліўся на тры галоўныя лініі.

Сайн-Вітгенштэйн-Бэрлебург

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першая галоўная лінія — Сайн-Вітгенштэйн-Бэрлебург, распадаецца на тры галіны.

Да першай галіны, якая захавала гэтае імя і атрымала ў 1792 г. княжы тытул, прыналежаў прынц Аўгуст (1788—1874), з 1852 г. першы міністар герцагства Насаў. Ягоны сын Эмілій Вітгенштэйн знаходзіўся на расейскай службе.

Другую галіну ўтвораюць графы Сайн-Вітгенштэйн-Карлсбург. Гэты род загас у 1806 г.

Трэцюю галіну складаюць князі Сайн-Вітгенштэйн-Людвіксбург. У 1761 г. падчас Сямігадовай вайны 1756—1763 гг. Хрысьціян Казімер Вітгенштэйн з гэтае галіны роду трапіў у палон да расейцаў і перайшоў да іх на службу. Пётар Хрысьціянавіч Вітгенштэйн (25 сьнежня 1768 (5 студзеня 1769), м. Нежын (м. Пераяслаў, Расейская імпэрыя – 30 траўня (11 чэрвеня) 1843) — вайсковец, з 1836 г. генэрал-фэльдмаршал, граф, з 1834 г. князь. Браў удзел у задушэньні паўстаньня Т. Касьцюшкі, вайсковых дзеяньнях расейскай арміі на тэрыторыі сучаснай Рэспублікі Беларусь пад час расейска-францускай вайны 1812 г. Ягоны сын Людвік Леан (Леў-Пятровіч) Вітгенштэйн (1799—1866), які ў 1828 г. з асабістага дазволу імпэратара ажаніўся зь ягонай выхаванкай Стафаніяй Радзівіл (1809—1832), дачкой Дамініка Радзівіла і адзінай законнай спадкаемцай згаслай нясьвіскай лініі Радзівілаў. З гэтым шлюбам да Вітгенштэйнаў перайшла значная частка вялізных Радзівілаўскіх маёнткаў: былыя Слуцкае і Капыльскае княствы, мястэчкі Глыбокае, Мір, Карэлічы, Койданаў, Смалявічы, Старыя Дарогі і іншыя. Пасьля сябе пакінуў сына Пятра (памёр у 1887 г. без нашчадкаў) ды дачку Марыю, якая выйшла замуж за германскага князя Хлодвіга Карла Віктара Гагенлоэ (1819—1901), будучага імпэрскага канцлера Нямеччыны. Яму перайшлі і беларускія ўладаньні Вітгенштэйнаў, якія затым былі паступова распрададзеныя. Прадстаўнікі Вітгенштэйнаў працягвалі служыць Расейскай імпэрыі да 1917. Іхнія нашчадкі цяпер жывуць у эміграцыі. Старэйшыя прадстаўнікі гэтага роду прыналежаць да марганатычнай галіны і носяць прозвішча фон Фалькенберг.

Сайн-Вітгенштэйн-Сайн

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Другая галоўная лінія, Сайн-Вітгенштэйн-Сайн, спынілася ў мужчынскім пакаленьні ў 1632 годзе.

Сайн-Вітгенштэйн-Гагенштэйн

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Трэцяя галоўная лінія, Сайн-Вітгенштэйн-Гагенштэйн, у 1804 г. узьведзеная ў імпэрскую княжую годнасьць.

  1. ^ Сайн і Вітгенштэйн (па-нямецку: Sayn u. Wittgenstein) — імпэрскае графства ў Вэстфаліі, якое займала 1376 км² ды складалася зь дзьвюх частак — Гахенбург (у Гесенскай вобласьці Насаў) і Альтэнкірхен (у Райнскай вобласьці)
  • Вітгенштэйны. // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі ў 6 тамах. Т. 2. Мінск. 1994. С. 306.
  • Вітгенштэйны. // Беларуская энцыклапедыя ў 18 тамах. Т. 4. Мінск. 1997. С. 202.
  • Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Дзяржынскага р-на. — Мн.: БЕЛТА, 2004. — 704 с.: іл. ISBN 985-6302-64-1.