Беларусы ў Польшчы
Беларусы ў Польшчы — адна зь дзевяці юрыдычна прызнаных нацыянальных меншасьцяў у Польшчы, якая пражывае пераважна ў паўднёва-ўсходняй частцы Падляскага ваяводзтва.
Згодна зь перапісам 2002 году, у Польшчы пражывае 50 тысячаў беларусаў, пераважна ў Падляскім ваяводзтве (96,6%; найбольш у Беластоку — 7,5 тысячы). У той самы час паводле падлікаў Пятра Эбэргарта ў 1992 годзе іх колькасьць складала 215 тысячаў чалавек, а згодна з Маркам Галушкам колькасьць беларусаў дасягае 230 тысячаў.
На думку польскага дасьледчыка К. Падляскага, напрыканцы 1980-х у Польшчы жыло ад 250 да 400 тысячаў беларусаў, паводле зьвестак Польскае аўтакефальнае праваслаўнае царквы — 290 тысячаў (1/3 ейных вернікаў). Паводле ж статыстыкі выбараў у сойм у 1989 годзе на Беласточчыне беларусы складалі 30% насельніцтва (206,8 тысячаў чалавек), у тым ліку ў Беластоку 25% (65,5 тыс. чал.), Бельску-Падляскім і Гайнаўцы па 65% (адпаведна 17,2 і 15,1 тысячы чалавек). Паводле перапісу беларускую мову ў штодзённных зносінах ужывае толькі 40,6 тысячы чалавек.
Абароне правоў і інтарэсаў беларускае дыяспары ў Польшчы спрыяюць Дэклярацыя аб беларуска-польскіх адносінах (кастрычнік 1990), пагадненьне аб супрацоўніцтве паміж Міністэрствам адукацыі Беларусі й Міністэрствам народнае адукацыі Польшчы (сакавік 1992), беларуска-польская Дамова аб добрасуседзтве й супрацоўніцтве ад 23 чэрвеня 1992 году.
Землі найшчыльнейшага пражываньня
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Беларусы ёсьць аўтахтонным насельніцтвам Падляскага ваяводзтва, тэрыторыя якога была перададзеная ў 1944 годзе Польшчы. Беларусы афіцыйна пераважаюць колькасна ў чатырох гмінах ваяводзтва, адрозьніваючыся такім чынам ад іншых нацыянальных меншасьцяў Польшчы (апроч іх адно летувісы ствараюць абсалютную большасьць насельніцтва ў Пунскай гміне). У 12 гмінах ваяводзтва (у тым ліку ў гарадох Бельску-Падляскім і Гайнаўцы) беларусы складаюць больш за 20% насельніцтва, што, згодна з законам ад 6 студзеня 2005 году, дало ім права на ўжываньне дзьвюхмоўных назоваў геаграфічных аб’ектаў і выкарыстаньне беларускае мовы ў кантактах з урадам. 21 чэрвеня 2007 году беларуская мова стала афіцыйнай у Гайнаўцы. Адпаведную ўхвалу на ўнёсак Беларуска-народнай фракцыі прыняла гарадзкая Рада.[1]
Колькасьць беларускага насельніцтва ў 16 гмінах Падляскага ваяводзтва | % |
---|---|
Чыская гміна | 81,81 |
Гміна Дубічы Царкоўныя | 81,33 |
Арлянская гміна | 68,93 |
Гайнаўская гміна | 64,91 |
Нараўская гміна | 49,23 |
Бельская гміна | 46,68 |
гміна Нараўка | 47,27 |
Кляшчэльская гміна | 41,83 |
Чаромхаўская гміна | 28,71 |
Гайнаўка | 26,41 |
Гарадоцкая гміна | 23,07 |
Бельск-Падляскі | 20,66 |
гміна Нурэц-Станцыя | 16,36 |
Міхалоўская гміна | 14,17 |
Мілейчыцкая гміна | 13,09 |
Белавеская гміна | 11,54 |
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Сярэднявечча—XIX
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Беларуска-польскія кантакты вядомыя ад часоў раньняга Сераднявечча (гандлёвыя стасункі, дынастычныя шлюбы, вайсковыя сутыкненьні й інш.). Беларуская прысутнасьць у Польшчы й абмен насельніцтвам пачаліся ў часы ВКЛ. Ранейшыя беларусы траплялі на польскія землі як ваеннапалонныя. Прыкладам, калі ў 1325 годзе вялікі князь літоўскі Гедзімін аддаў сваю дачку Альдону за Казімера, сына Ўладзіслава І Лакетка, з Польшчы былі вернутая пэўная колькасьць ваеннапалонных, а ў складзе сьвіты Альдоны ў Польшчу былі накіраваныя выхадцы з ВКЛ. Лічыцца, што ў сярэдзіне ХІV ст. у Польшчы жыло каля 40 тыс. беларусаў. У 1386 годзе, ажаніўшыся з польскай каралевай Ядзьвігай, каралём Польшчы стаў вялікі князь ВКЛ Ягайла, які паклаў пачатак польскай каралеўскай дынастыі Ягелонаў.
У выніку Люблінскае уніі 1569 году беларусы й палякі амаль да канца XVIII ст. апынуліся ў складзе аднае дзяржавы — Рэчы Паспалітае. Пасьля падзелаў Рэчы Паспалітае пэўная колькасьць беларусаў жыла на этнічна польскіх землях у складзе Расейскае імпэрыі. Паводле перапісу 1897 году ў Прывісьлінскім краі беларусы складалі 6,7% насельніцтва (каля 30 тыс. чал.), найбольш у Сувалкаўскай (27 525 чал.) і Варшаўскай (1354 чал.) губэрнях.
Міжваенная Польшча (1918—1939)
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пасьля Першае сусьветнае вайны, калі польская дзяржава была адноўлена, на ейных землях засталася частка этнічных беларусаў. У складзе Польшчы неўзабаве апынулася вялікая частка этнічна беларускіх земляў (г. зв. Заходняя Беларусь), што ўвайшлі ў склад Віленскага, Палескага, Наваградзкага, Беластоцкага ваяводзтваў. Паводле падлікаў статыстычных органаў СССР у Польшчы жыло 3250 тыс. чал. У верасьні 1939 году беларускія землі Польшчы ўвайшлі ў склад СССР. У часе Другое сусьветнае вайны беларусы служылі ў Войску Польскім, удзельнічалі ў абарончых баёх у 1939 годзе, уваходзілі ў склад Арміі Андэрса, Арміі Краёвай і Арміі Людовай.
Напрыканцы Другое сусьветнае вайны паводле савецка-польскіх пагадненьняў пра мяжу ад 26 ліпеня 1944 і 16 жніўня 1945 году ўлады СССР перадалі Польшчы з складу БССР 17 раёнаў Беластоцкае й 3 раёны Берасьцейскае вобласьцяў, населеныя пераважна беларусамі. У часе дэмаркацыі мяжы паміж БССР і Польшчай і ўзаемнае рэпатрыяцыі насельніцтваа зь Беларусі ў Польшчу (пераважна на Беласточчыну) у 1944—1948 гадах пераехалі больш за 270 тыс. чалавек (беларусы-каталікі дэкляравалі сябе палякамі). Праз тэрор польскага нацыяналістычнага падпольля, неспрыяльнае эканамічнае становішча на Беласточчыне частка беларусаў пасялілася ў Альштынскім краі, Памор’і (раёны Гданьску й Шчэціну), Варшаве, Кракаве, Торуні й інш. гарадох.
Польская Народная Рэспубліка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Да 1948 году ўлады Польшчы афіцыйна не прызнавалі наяўнасьці беларускае нацыянальнае меншасьці ў краіне. Арганізаваная нацыянальна-культурная дзейнасьць беларусаў, што пачалася напрыканцы 1940-х з аднаўленьня беларускага школьніцтва, актывізавалася ў 1956 годзе, калі ў Польшчы было створанае Беларускае грамадзка-культурнае таварыства (БГКТ), катэдра беларускае філялёгіі ў Варшаўскім унівэрсытэце й інш. У 1956 годзе пачала выдавацца газэта «Ніва», у 1957 годзе — «Беларускі каляндар», а ад 1958 году дзейнічае літаратурна-мастацкае аб’яднаньне «Белавежа», створаныя беларускія ліцэі ў Бельску-Падляскім і Гайнаўцы. Паводле сацыяльнага статусу да канца 1950-х бальшыня беларусаў Польшчы была сялянамі.
У 1970-я і ў часе вайсковага становішча ў 1981—1983 гадах праз абмежаваньні з боку польскіх уладаў назіраўся спад грамадзка-культурнае актыўнасьці беларусаў. У 1980-я ўзьніклі Беларускае аб’яднаньне студэнтаў (1981, зарэгістраванае ў 1988), Гайнаўскі музэй помнікаў беларускае культуры, шэраг беларускіх выдавецтваў і пэрыядычных выданьняў.
Сучаснасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1990-я былі зарэгістраваныя Рада беларускіх арганізацыяў у Польшчы, Саюз гмінаў усходняе Беласточчыны, Зьвяз беларускай моладзі, Беларускае гістарычнае таварыства (кіраўнік Алег Латышонак), Асацыяцыя беларускіх журналістаў. Створаныя Згуртаваньне варшаўскіх беларусаў, беларускае культурна-асьветнае таварыства ў Гданьску «Хатка» (1992), беларускі гурток у Ольштыне. У 1997 годзе ў сойм быў абраны кіраўнік БГКТ Ян Сычэўскі.
У 2020—2021 навучальным годзе беларусы склалі 13% ад замежных студэнтаў польскіх ВНУ[2].
21 верасьня 2021 году польскі прэзыдэнт Анджэй Дуда заявіў на 76-й Генэральнай асамблеі ААН, што пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі 2020 году каля 150 000 беларусаў атрымалі прытулак і працу ў Польшчы[3]. 2 лістапада 2021 году Эўрапейская статыстычная ўправа (Люксэмбург) паведаміла, што ў 2020 годзе на Польшчу прыпала 50 923 (0,5 % насельніцтва Беларусі) або 80 % з 63 520 дазволаў на жыхарства, атрыманых грамадзянамі Беларусі ў 27 краінах Эўразьвязу[4].
За 2022 год на 37 700 чалавек вырас лік грамадзянаў Беларусі, якія былі працаўладкаваныя ў Польшчы і выплочвалі ўнёскі на лекаваньне і пэнсію ва Ўстанову грамадзкага страхаваньня. Да сакавіка 2023 году іх лік дасягнуў 116 000 чалавек, у выніку чаго беларускія грамадзяне занялі 2-е месца сярод плацежнікаў страхавых унёскаў зь ліку іншаземцаў. Пры гэтым 72 % складалі мужчыны. У занятасьці беларускіх працаўнікоў пераважалі: перавозкі — 34 %, будаўніцтва — 24 % і апрацоўчая прамысловасьць — 18 %. Большасьць зь іх была ў працаздольным веку: 25—34 гадоў — 34 % і 35—44 гадоў — 28 %[5].
12 верасьня 2024 году Эўрапейская статыстычная ўправа паведаміла, што ў 2023 годзе грамадзяне Беларусі атрымалі ў Польшчы больш за ўсіх першых відаў на жыхарства (ВНЖ) сярод іншаземцаў. За той год беларускія грамадзяне атрымалі 255 595 ВНЖ у Польшчы, якія склалі 91 % ад 281 279 ВНЖ, атрыманых беларусамі ў 27 краінах Эўразьвязу. Пры гэтым 51 % (130 057) відаў на жыхарства выдалі на падставе працы, а 46 % (117 045) — паводле іншых прычынаў, у якія ўваходзілі міжнародная абарона і гуманітарны ВНЖ, якія выдавалі ўцекачам[6].
Грамадзка-культурнае жыцьцё
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Да галоўных арганізацыяў беларускае меншасьці ў Польшчы належаць Беларускае Грамадзка-культурнае Таварыства ў Польшчы, Беларускі Зьвяз у РП, Зьвяз Беларускае Моладзі, Беларускае Літаратурнае Таварыства “Белавежа”, Беларускае Гістарычнае Таварыства, Асацыяцыя Беларускіх Журналістаў, Згуртаваньне Беларускіх Студэнтаў. Імі выдаюцца штотыдзень газэта «Ніва», штомесяц «Czasopis» і раз на паўгады «Białoruskie Zeszyty Historyczne». Да найгалаўнейшых культурных імпрэзаў беларусаў Польшчы належаць Фэстываль Беларускае Моладзевае Музыкі «Басовішча», Фэстываль «Беларуская Песенька» ў Беластоку, Бельская бардаўская восень, Сьвята беларускае культуры ў Беластоку, Сьвята «Купальле» ў Белавежы.
Бальшыня вернікаў належыць Польскае Аўтакефальнае Праваслаўнае Царквы, што праз сваю дзейнасьць спрыяе захаваньню нацыянальнае адметнасьці беларусаў: выдаецца штомесяц часопіс «Праваслаўны агляд», дзейнічаюць Брацтва Сьвятых Кірылы й Мятода, Моладзевае Праваслаўнае Брацтва.
Гісторыю, культуру, побыт беларускае дыяспары ў Польшчы дасьледуюць Алена Глагоўская, Аўген і Ян Мірановічы, Юры Туронак і іншыя польскія гісторыкі беларускага паходжаньня. Выдаюцца літаратурныя творы Алеся Барскага (А.Баршчэўскага), М.Гайдука, Сакрата Яновіча, В.Шведа ды іншых беларускіх пісьменьнікаў Польшчы.
Віктар Швед у 2010 годзе сказаў, што пасьля адзначаньня пяцідзесяцігодзьдзя аб'яднаньня «Белавежы», па стане на 2010 год у яе складзе было 20 дзейных членаў[7], якія маюць свае зборнікі. Белавежа выпусьціла каля 200 кніг, 7 альманахаў і 12 гадавікоў Тэрмапілы.
Сучасная Польшча зьяўляецца краінаю дзьвюх літаратур: польскае й беларускае[7][8]. Таму беларуская літаратура Польшчы належыць як польскаму, так і беларускаму кантэксту. В. Швед спасылаўся на літаратурных крытыкаў, якія гаварылі, што «Белавежа» зьяўляецца найстарэйшай і з найбольшымі творчымі дасягненьнямі літаратурнаю групаю ў Польшчы[7].
Адукацыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Беларуская мова выкладаецца ў 39 пачатковых навучальных установах (у 23 школах, 14 гімназіях, 2 ліцэях), яе вывучае 8 тысячаў дзяцей і падлеткаў беларускае нацыянальнасьці. Ад 1997 году ў Беластоку існуе ўнівэрсытэт (былы філіял Варшаўскага ўнівэрсытэту), дзе ёсьць катэдра беларускае культуры.
Палітычнае жыцьцё
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Прадстаўнікі беларускае меншасьці ўваходзяць у мясцовае кіраўніцтва падляскага ваяводзтва. На парлямэнцкіх выбарах 2001 году беларускія арганізацыі здолелі правесьці двух паслоў — Аўгена Чыквіна й Аляксандра Чужа — ды аднаго сэнатара Сяргея Плеву (утрох — прадстаўнікі Саюзу Дэмакратычнае Лявіцы-Уніі Працы). У выбарах у падляскі ваяводзкі соймік у 2002 годзе за Беларускі Выбарчы Камітэт было аддадзена 15.544 галосаў (4,11%). Найбольшую колькасьць галасоў атрымалі Сакрат Яновіч (1736), Ян Чыквін (4846) і Яўген Вапа (5134). Такая малая колькасьць галасоў зьвязаная з тым, што паветы зь беларускай меншасьцю былі злучаныя з этнічна польскімі, дзе моцныя нацыяналістычныя сымпатыі (гэтак Сямятыцкі й Бельскі паветы былі злучаныя з Высокамазавецкім і Замбраўскім). На парлямэнцкіх выбарах 2005 дэпутацкі мандат здолеў атрымаць толькі Яўген Чыквін, набраўшы 14 481 голас. Шырокай падтрымкай падляскіх беларусаў карыстаецца Ўладзімеж Цімашэвіч, кандыдат у прэзыдэнты Польшчы ў 2005 годзе. Найбольш яго падтрымліваюць у Бельскім, Гайнаўскім і Сямятыцкім паветах. Для большасьці польскіх беларусаў Цімашэвіч быў нацыянальным кандыдатам, хоць ён ніколі не казаў пра свае беларускае паходжаньне. Дзякуючы Цімашэвічу вялікай падтрымкай карыстаецца й ягоная партыя Саюз Дэмакратычнае Лявіцы. У той самы час беларускае паходжаньне кандыдата было скарыстанае ягонымі супернікамі, якія выкарысталі нелюбоў да беларусаў ці да праваслаўных, што існуе ў некаторых мясцовасьцях. Яны таксама акцэнтавалі ўвагу на аўтарытарным рэжыме Аляксандра Лукашэнкі ў самой Беларусі. На выбарах у падляскі ваяводзкі соймік у 2006 годзе за Беларускі Выбарчы Камітэт было аддадзена 7914 галасоў (2.05%), найбольш — за Яна Чыквіна (2405), Аўгена Вапу (1669) і Аўгена Мірановіча (1119). Хоць БВК не атрымаў аніводнага мандату, у складзе сойміку апынуліся тры беларусы. Аднак прадстаўнікі беларускае меншасьці атрымалі шмат месцаў у гарадзкіх радах. У Беластоку 4 мандаты атрымалі кандыдаты ад Форуму Меншасьці Падляшша, якія супрацоўнічалі з Грамадзянскай плятформай. У Бельску-Падляскім 7 мандатаў з 21 атрымала Бельская Кааліцыя, што складалася зь беларускіх арганізацыяў. У Гайнаўцы 6 з 21 мандату былі аддадзеныя Беларускі Выбарчаму Камітэту. На выбарах у падляскі соймік у 20 траўня 2007 году Беларускі Выбарчы Камітэт атрымаў 2,19% галасоў. Разам зь беларусамі па сьпісе БВК праходзілі ўпершыню й прадстаўнікі летувіскае меншасьці.
Меншасьць і электронныя СМІ
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Першая праграма па-беларуску зьявілася на «Радыё Беласток» у 1956 годзе. На радыё існуюць наступныя беларускамоўныя праграмы й перадачы: «Пад знакам Пагоні», «Пажадальная песьня», «Духоўныя сустрэчы» й «Перад выхадам у царкву». На TVP3 Białystok штотыдзень ідзе інфармацыйна-публіцыстычная перадача «Беларускі тыдзень», прысьвечаная жыцьцю беларусаў Польшчы. Ад 2002 году выходзяць беларускія праграмы й на Радыё Рацыя.
Беларусы Польшчы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Надзея Артымовіч — паэтка
- Яўген Чыквін — палітык
- Ян Чыквін — паэт, гісторык літаратуры
- Антон Мірановіч — гісторык
- Сяргей Плева — палітык
- Натальля Радзіна — журналістка, рэдактар сайту «Хартыя’97»
- Ян Сычэўскі — палітык
- Лёнік Тарасэвіч — мастак
- Юры Туронак — гісторык
Глядзіце таксама
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Hajnówka: Obsłużą po polsku i białorusku Gazeta Współczesna 22.06.2007 [1](недаступная спасылка)
- ^ ВХ. Польскія ўніверсітэты чакаюць павелічэння колькасці замежных студэнтаў // Беларуская служба Польскага радыё. — 22.09.2021.
- ^ Прэзыдэнт Дуда на сэсіі Генасамблеі ААН: 150 тысяч беларусаў атрымалі прытулак і працу ў Польшчы // Партал «Наша ніва», 22 верасьня 2021 г. Праверана 22 верасьня 2021 г.
- ^ Больш за 60 тысяч беларусаў атрымалі дазвол на жыхарства ў ЭЗ у 2020 годзе // «Наша ніва», 2 лістапада 2021 г. Праверана 2 лістапада 2021 г.
- ^ За паўгода колькасьць беларусаў, якія легальна працуюць у Польшчы, павялічылася на 17,5 тысячы // Беларуская служба Радыё «Свабода», 14 красавіка 2023 г. Праверана 14 красавіка 2023 г.
- ^ Лічбы, ад якіх страшна // Партал «Наша ніва», 14 верасьня 2024 г. Праверана 15 верасьня 2024 г.
- ^ а б в Сяргей Чыгрын Мора Віктара Шведа: артыкулы і гутаркі / Сяргей Чыгрын. — Менск: Кнігазбор, 2015. — С. 28—29. — 32 с. — 50 ас. — ISBN 978-985-7119-71-4
- ^ Чыквін, Ян Па прызванні і абавязку: літаратурны-крытычныя артыкулы. — Беласток: Беластоцкі ўнівэрсытэт, 2005. — С. 233—234. — 236 с. — ISBN 83-7431-034-0
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Агляд гаворак поўначы Падляшша(недаступная спасылка)
- Пра нас пра АБ-БА
- Управа АБ-БА
- Узьнікненьне АБ-БА