Перайсьці да зьместу

Усевалад Якімюк

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Усевалад Якімюк
Wsiewołod Jan Jakimiuk
Дата нараджэньня 5 (18) студзеня 1902
Месца нараджэньня Сьцяг РасеіКожына, Гарадзенская губэрня, Расейская імпэрыя
Дата сьмерці 24 лістапада 1991(1991-11-24) (89 гадоў)
Месца сьмерці Сьцяг ФранцыіПарыж, Францыя
Месца пахаваньня
Месца вучобы Унівэрсытэт Стэфана Баторыя
Занятак інжынэр
Навуковая сфэра авіяцыя
Узнагароды
Залаты крыж Заслугі

Усе́валад Ян Якімю́к (па-польску: Wsiewołod Jan Jakimiuk; 5 студзеня 1902, Кожына — верасень 1991, Парыж, Францыя[1]) — польскі авіяцыйны інжынэр, канструктар самалётаў у PZL, De Havilland і Sud Aviation.

Усевалад Якімюк нарадзіўся ў сям’і праваслаўнага сьвятара. У 1920 скончыў сярэднюю школу ў Вільні, у 1925 скончыў магістарскую праграму па матэматыцы ва ўнівэрсытэце імя Стэфана Баторыя, працаваў настаўнікам матэматыкі ў віленскіх гімназіях.

У 1927—1929 навучаўся ў Вышэйшай школе аэранаўтыкі ў Парыжы, атрымаў дыплём інжынэра авіяцыі, а пасьля атрымаў ліцэнцыят па аэранаўтыцы ў Сарбоне.

Пачатак кар’еры ў Польшчы

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Па сканчэньні навучаньня вярнуўся ў Польшчу і ў 1930 уладкаваўся на працу ў Дзяржаўнае авіяцыйнае аб’яднаньне ў Варшаве ў калектыў інжынэра Зыгмунта Пулаўскага. Сьпярша ўдзельнічаў у праектаваньні зьнішчальніка PZL P.11, а па сьмерці Пулаўскага пераняў кіраўніцтва над праектамі сэрыйных зьнішчальнікаў PZL P.7 і PZL P.11. У 1933 року на базе ранейшых канструкцыяў спраектаваў зьнішчальнік PZL P.24 у вэрсіях P.24A, P.24B, P.24C (1936), P.24E (1937), P.24F, P.24G, P.24H (1937) і P.24J (1939), якія пастаўляліся ў Баўгарыю, Турэччыну, Румынію і Грэцыю.

У 1931—1932 кіраваў удасканаленьнем зьнішчальнікаў PZL P.8/1 і P.8/11, на базе якіх стварыў PZL P.28. У 1935 разам з інжынэрам Тадэвушам Бадуэнам дэ Куртэнэ запатэнтаваў мэханізм кіраваньня кулямётам пілёта.

Праца над пасажырскім самалётам

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1936 атрымаў заданьне спраектаваць польскі пасажырскі самалёт для Польскіх авіялініяў «Лёт», які б адпавядаў характарыстыкам амэрыканскіх летакоў Douglas DC-2 і Lockheed L-10 Electra. Сканструяваны PZL.44 Wicher падняўся ў паветра ўжо 13 лістапада 1938, але, нягледзячы на станоўчыя вынікі выпрабаваньня ў авіякампаніі «Лёт» не паступіў у масавую вытворчасьць[a]. У 1937 року новы праект Якімюка PZL P.50 Jastrząb перамог ва ўнутраным конкурсе на самалёт-зьнішчальнік. Прататып быў пратэставаны ў лютым 1939 і накіраваны ў сэрыйную вытворчасьць, аднак да пачатку II сусьветнай вайны ніводны асобнік ня быў сабраны. Былі створаныя таксама іншыя аналягі Jastrzębia з рознымі рухавікамі (замест даволі слабога рухавіку Bristol Mercury VIII), а вэрсія з шараговым рухавіком Hispano Suiza 12 атрымала назву PZL P.56 Kania.

1 верасьня 1939 быў лёгка паранены нямецкім асколкам падчас бамбаваньня Варшавы. Эвакуяваны з тэхнічнымі кадрамі PZL у Румынію, пазьней у Францыю, дзе быў адным зь першых эвакуяваных палякаў. Ужо ў лістападзе 1939 стаў кіраўніком калектыву польскіх інжынэраў у майстэрні SNCA-SE (Société Nationale des Constructions Aéronautiques — Sud Est) пад Парыжам. Сабраў у канструктарскае бюро па працы над мадыфікацыямі зьнішчальніка SE-100 і бамбавальніка LeO-45 купку выбітных польскіх канструктараў.

У траўні 1940 наладзіў кантакт з брытанскім вытворцам De Havilland, ад якога атрымаў запрашэньне на працу ў канадзкую філію ў Таронта. Улетку выехаў у Канаду, дзе здабыў візы і пазыкі на праезд для 200 польскіх адмыслоўцаў. У сакавіку 1941 сабраў вакол сябе пляяду выбітных інжынэраў.

У De Havilland of Canada увёў у вытворчасьць двухматорны навучальны самалёт Avro Anson (сабраныя 352 асобнікі) з улікам мясцовых асаблівасьцяў, пасьля сканструяваў драўляныя крылы[b] для навучальнага NA-66 Harvard II і канструкцыю рухавіка Menasco для школьнага летаку DH.82 Tiger Moth. У 1942 распачаў вытворчасьць зьнішчальніка-бамбавіка DH.98 Mosquito.

Паваенная Канада і Вялікабрытанія

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1945 на замову RAF разам з інжынэрам Стампнёўскім сканструяваў школьны самалёт DHC-1 Chipmunk, першы палёт якога адбыўся 22 траўня 1946 року. Гэта быў першы самалёт вытворчасьці De Havilland з практычна цалкам мэталічнае канструкцыі. У 1946—1947 зьявіўся лятак для лякальных палётаў DHC-2 Beaver, апрабаваны 18 жніўня 1947 і праект шматмэтавага і лякальнага самалёту DHC-3 Otter, апрабаванага 21 сьнежня 1951.

У 1948 пераехаў у Ангельшчыну, дзе пачаў працаваць у канструктарскім бюро Havilland ў Гэтфілдзе, дзе працаваў над рэактыўным зьнішчальнікам DH-112 Sea Venom, апрабаваным 27 сакавіка 1953.

У 1951 ізноў пераехаў у Францыю ў майстэрні SNCA-SE (Sud Est), дзе запраектаваў рэактыўны зьнішчальнік SE-5000 Baroudeur (апрабаваны 1 чэрвеня 1953, ня трапіў у вытворчасьць). Быў кансультантам пры праектаваньні рэактыўнага пасажырскага летаку SE-210 Caravelle (апрабаваны 27 траўня 1955).

Пасьля аб’яднаньня францускіх вытворцаў у канцэрн Aérospatiale у 1962—1966 стаў адным зь пяці камэрцыйных дырэктараў пры будове звышгукавога француска-брытанскага самалёту Concorde (пратэставаны 2 лістапада 1969).

Апошнія гады жыцьця

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1966—1972 быў старшынём French Aerospace Corporation — прадстаўніцтва Aerospatiale ў Паўночнай і Цэнтральнай Амэрыцы. У 1972 выйшаў на пэнсію, працягваў працаваць тэхнічна-эканамічным кансультантам у Aerospatiale.

Памёр у верасьні 1991 року ў Парыжы, дзе і пахаваны.

  1. ^ Малая сэрыя самалётаў азначала б вышэйшую за канкурэнтаў цану, а набліжэньне вайны аддавала перавагу замовам з войску, таму замова на 10 пасажырскіх PZL.44 Wicher было скасаванае.
  2. ^ Драўляныя крылы замест алюмінавых дазвалялі зэканоміць дэфіцытны мэтал на вайсковыя патрэбы

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]