Прамысловасьць

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Прамысловае хімічнае прадпрыемства Магілёўхімвалакно, што месьціцца ў Магілёве

Прамысло́васьць — адна з асноўных галінаў эканомікі, якая вельмі моцна ўплывае на ўзровень разьвіцьця вытворчых сілаў грамадзтва. Уяўляе сукупнасьць прадпрыемстваў (заводаў, фабрык, шахтаў, электрастанцыяў), якія займаюцца вытворчасьцю сродкаў працы як для самой прамысловасьці, так і для іншых галінаў эканомікі, здабычай сыравіны, матэрыялаў, паліва, вытворчасьцю энэргіі, загатоўкай лесу і наступнай апрацоўкай прадуктаў атрыманых у прамысловасьці ці вырабленых у сельскай гаспадарцы, вытворчасьцю спажывецкіх тавараў. Прамысловасьць зьяўляецца найважнай галіной народнай гаспадаркі, што робіць вырашальнае ўзьдзеяньне на ўзровень разьвіцьця прадукцыйных сілаў грамадзтва.

Прамысловасьць складаецца з двух вялікіх груп галін — здабыўной і апрацоўчай прамысловасьці. Да здабыўной адносяць прадпрыемствы па здабычы горна-хімічнай сыравіны, руды чорных і каляровых мэталаў і няруднай сыравіны для мэталюргіі, немэталічных рудаў, нафты, прыроднага газу, вугалю, торфу, лупняку, солі, нярудных будаўнічых матэрыялаў, лёгкіх прыродных запаўняльнікаў і вапняку, а таксама гідраэлектрастанцыяў, вадаправоды, прадпрыемствы лесаэксплюатацыі, па лоўлі рыбы і здабычы морапрадуктаў. Да апрацоўваючай прамысловасьці адносяць прадпрыемствы па вытворчасьці чорных і каляровых мэталаў, пракату, хімічных і нафтахімічных прадуктаў, машынаў і абсталяваньня, прадуктаў дрэваапрацоўкі, прадуктаў лёгкай і харчовай прамысловасьці, цэлюлёзна-папяровай прамысловасьці, цэмэнту, а таксама прадпрыемствы па рамонту прамысловых вырабаў, як то паравозарамонтная, лякаматыварамонтная.

Асноўная крыніца прыбытку групы альбо кампаніі зьяўляецца паказчыкам, які дае магчымасьць клясыфікаваць у якой галіне працуе прадпрыемства[1]. Калі ў вялікай карпаратыўнай групы ёсьць некалькі крыніцаў атрыманьня прыбытку, лічыцца, што яна працуе ў розных галінах. Вытворчая прамысловасьць стала галоўным сэктарам вытворчасьці і месцам сканцэнтраваньня працоўнай сілы ў краінах Эўропы і Паўночнай Амэрыцы падчас індустрыяльнай рэвалюцыі, парушыўшы папярэднюю мэркантыльную і фэадальную эканоміку. Гэта адбылося дзякуючы шматлікім наступным хуткім дасягненьням у разьвіцьці тэхналёгіяў, як то выкарыстаньне энэргіі пары і вытворчасьць сталі і вугалю.

Пасьля індустрыяльнай рэвалюцыі, магчыма, траціна эканамічнай прадукцыі ёсьць вынікам працы прамысловай вытворчасьці. Шматлікія разьвітыя і разьвіваныя краіны, а таксама паўразьвітыя краіны, як то Індыя, Кітай, значна залежаць ад гэтае галіны эканомікі.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ «Definition of Industry». Investopedia.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg Прамысловасьцьсховішча мультымэдыйных матэрыялаў