Бульбамуві
«Бульбамувi» | |
польск. Bulba movie | |
Гады | зь 2011-га |
---|---|
Краіна | Польшча |
Горад | Варшава |
Мова(-ы) | беларуская і іншыя |
Жанры | кінафільм, мультыплікацыя |
Тэматыка | кіно |
Склад | Януш Гаўрылюк |
«Бульбамувi» — кінафэстываль беларускіх фільмаў, які адбываецца ў Варшаве. Зьяўляецца пляцоўкай для сустрэчаў беларускіх кінэматаграфістаў. Праводзіцца ўвосень з 2011 году.
Праект мае на мэце зьвярнуць увагу на сучаснае беларускае кіно. Падчас дыскусіі з удзелам беларускага і польскага творчага асяродзьдзя падымаецца спроба высьветліць стан сучаснага беларускага кіно і ягонае месца ў Эўропе і сьвеце. Заснавальнік і арганізатар: Януш Гаўрылюк.
Мінуўшчына
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 2011-м кінафэст быў своеасаблівай справаздачай пра фільмы, зробленыя ў Беларусі за апошнія дзесяць гадоў. Арганізатары паспрабавалі сканцэнтравацца на беларускім «офавым» кіно. Былі прадстаўленыя працы малавядомых у Польшчы творцаў Лобача, Каласоўскага, дакумэнтальныя фільмы Куцілы. Кінапрагляд быў падзелены на некалькі блокаў. Падчас Бульбамуві былі зарганізаваныя дыскусійныя панэлі з удзелам польскіх і беларускіх кінакрытыкаў, аўтараў і гледачоў. Галоўнай тэма абмеркаваньня было пытаньне пра тое, як зрабіць беларускі фільм канкурэнтаздольным на міжнародных кінафэстывалях. За 2,5 дні першага фэсту на яго прыйшлі каля 1,5 тысячы чалавек, большасьць зь якіх — палякі.
З 2012 году часткай праграмы «Бульбамуві» зьяўляецца конкурсная праграма для маладых творцаў беларускага кіно. У конкурсе бралі ўдзел мастацкія, дакумэнтальныя стужкі, створаныя за апошнія пяць гадоў. Журы абірала пераможцаў сярод амаль двух дзясяткаў прэтэндэнтаў. Узнагарода — «залатая», «срэбная», «бронзавая» бульбы. Галоўнай узнагароды ў 2012 годзе ніхто не атрымаў. Журы вызначыла адразу двух срэбных прызэраў — гэта праца Андрэя Палупанава «Жыцьцё ў торбе ў клетку» і стужка «Простыя рэчы» Арцёма Лобача.