Беларускае гістарычнае таварыства

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку

Беларускае гістарычнае таварыства — камітэт, заснаваны 15 чэрвеня 1993 году ў Беластоку ў складзе Славаміра Іванюка, Юркі Каліны, Алега Латышонка і Яўгена Мірановіча.

БГТ аформілася 6 верасьня 1993 году. Першы старшыня — Антон Мірановіч, тры гады пазьней Таварыства ўзначаліў Алег Латышонак і выконвае гэтую функцыю па сёньняшні дзень.

БГТ рэалізуе свае статутныя мэты шляхам выдавецкай дзейнасьці, арганізацыі навуковых канфэрэнцыяў, выставаў і моладзевых лагераў.

Выдавецкая дзейнасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

«Флагманам» Таварыства зьяўляецца паўгадавік «Białoruskie Zeszyty Historyczne» (Беларускі гістарычны зборнік), які выходзіць на польскай і беларускай мовах. Дагэтуль выйшлі 29 нумароў гэтага часопіса. Першыя чатыры сшыткі адрэдагаваў Ю. Каліна, наступныя дваццаць пяць — Я. Мірановіч.

Плён выдавецкай дзейнасьці Таварыства — гэта 34 кніжкі на польскай і беларускай мовах, напісаных або адрэдагаваных ягонымі сябрамі. Цяжка дакладна палічыць кніжкі аўтараў Таварыства, выдадзеныя іншымі выдавецтвамі або для іх адрэдагаваныя. На выставе ў Беластоку сабрана большасьць тых пазыцыяў.

Уласная бібліятэка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Некалькі гадоў таму БГТ з ініцыятывы Анатоля Вапа пачало сыстэмным чынам арганізоўваць сваю бібліятэку. На гэты момант сабрана 2000 кніжак, больш за 700 часопісаў (гадавікоў і паасобных нумароў), 6 графікаў, больш за 100 гістарычных фатаздымкаў і паштовак, 1 дакумэнт 1919 году, адзін медзярыт 1725 году і 9 афішаў. Таксама набыта калекцыя дакумэнтаў Канстанціна Сідаровіча, беластоцкага дзеяча. Таварыства зьяўляецца таксама ўласьнікам піяніна беларускага кампазытара й беластоцкага пэдагога Яна Тарасевіча.

Сумесная дзейнасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 2007 годзе БГТ прыняло пад свае крылы Беларускую інтэрнэт-бібліятэку Kamunikat.org, стваральнікам якой зьяўляецца Яраслаў Іванюк. Сёньня на сайце Бібліятэкі знаходзяцца больш за 2000 пазыцыяў кніжак, часопісаў і газэт у электроннай вэрсіі на беларускай мове, або датычных беларускай тэматыкі, а таксама дзясяткі перадач, прысьвечаных беларускай літаратуры й культуры, атрыманых ад Польскага Радыё Беласток. Сайт KAMUNIKAT.org наведвальнікі адчыняюць 800—1000 разоў штодзень.

Таварыства арганізавала або сарганізавала 20 навуковых канфэрэнцыяў, 8 выставаў, 1 летнюю школу й 10 летнікаў для моладзі й адзін паход.

Праз БГТ прайшлі 32 асобы. Асноўную частку яго сяброў складаюць прафэсійныя гісторыкі — выкладчыкі ВНУ, настаўнікі гісторыі, архівісты й музэйшчыкі, у тым ліку 2 прафэсары, 1 доктар і 8 кандыдатаў навук. Амаль роўныя колькасьцю — журналісты беларускіх часопісаў, радыё й тэлебачаньня. Амаль усе сябры БГТ зьяўляюцца аўтарамі прынамсі адной кніжкі, рэдактарамі кніжак, зборнікаў матэрыялаў ды навуковых і папулярнанавуковых часопісаў, а таксама творцамі перадач для радыё й тэлебачаньня.

Месца знаходжаньня[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сядзіба Таварыства зьмяшчаецца па вул. Пралетарыяцкай, 11, 15-449 у Беластоку

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]