Перайсьці да зьместу

Надзея Артымовіч

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Надзе́я Артымо́віч
Надзея Артымовіч у 2000-ыя гады
Надзея Артымовіч у 2000-ыя гады
Асабістыя зьвесткі
Нарадзілася 18 лютага 1946 (79 гадоў)
Сьцяг ПольшчыАўгустова (Польшча), Бельскі павет, Падляскае ваяводзтва, Польшча
Памерла 3 кастрычніка 2023 (77 гадоў)
Сьцяг ПольшчыБельск, Бельскі павет, Падляскае ваяводзтва, Польшча
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці паэтка, пісьменьніца, перакладніца
Гады творчасьці з 1970 па 2023
Мовы беларуская, польская
Дэбют 1970
Узнагароды
Заслужаны дзяяч культуры Польшчы

Надзе́я Артымо́віч (па-польску: Nadzieja Artymowicz; 18 лютага 1946, Аўгустова, Польшча — 3 кастрычніка 2023, Бельск, Бельскі павет, Падляскае ваяводзтва, Польшча) — беларуская паэтка ў Польшчы[1].

Нарадзілася 18 лютага 1946 году ў Аўгустова. Дзяцінства прайшло ў Бельску Падляскім, дзе яна хадзіла ў пачатковую школу і Беларускі агульнаадукацыйны ліцэй імя Браніслава Тарашкевіча. У 1965-67 гадох вывучала расейскую філялёгію на настаўніцкіх курсах у Беластоку, а ў наступныя гады — беларускую філялёгію ў Варшаўскім унівэрсытэце, які закончыла ў 1972 годзе. Пасьля жыла і працавала (у тым ліку перакладчыцай) у Варшаве. Сябра Беларускага літаратурнага аб’яднаньня «Белавежа» і Саюзу польскіх пісьменьнікаў з 1986 году.

Удзельнічала ў правядзеньні фэстывалю «Бардаўская восень», дзе была ў членах журы[2].

На пэнсіі жыла ў Бельску Падляскім. Памерла 3 лістапада 2023 году ў Бельску Падляскім.

У 2024 годзе пра Надзею Артымовіч была створаная дакумэнтальная стужка «Пабыць у тым часе, які прамінуў», які быў паказаны на фэстывалі «Бардаўская восень 2024»[2][3][4].

Паэтычны дэбют Надзеі Артымовіч адбыўся ў газэце «Ніва» («Ой, ляцелі гусі») ў 1970 годзе. На працягу 1970—1975 гадоў тут было надрукавана 13 прапанаваных паэткай вершаў. Пачынаючы з 1976 году выйшлі новыя вершы, якіх ужо нямала друкавалася на старонках «Нівы», у «Беларускім календары», часопісы «Маладосьць» і іншых. Многія зь іх датычаць працэсу духоўнай адаптацыі асобаў, якія ва ўмовах індустрыялізацыі апынуліся ў віры жыцьця вялікіх гарадоў; паэтка асэнсоўвае гэта, пазьбягаючы плыткага сэнтымэнталізму і настальгіі па адыходзячай традыцыйнай вёсцы.

У вершах «Мой родны горад», «Грудка зямлі», «Ёсць тое», «П’ю прагна» гучаць патрыятычныя матывы, увасабленьнем якіх ёсьць пакінуты родны кут, зямля дзяцінства; для іх характэрны ідэйны і эмацыйны зарад, вера і здаровы аптымізм. Значныя мастацкія вартасьці выяўляе лірыка каханьня (цыкл «Мы так блізка сябе»). Выразна паэтк паказала сваю творчую манеру ў вялікім цыкле рэфлексійных вершаў «Варшаўскія пэйзажы», водгук на разнастайныя праявы жыцьця знайшоў тут адлюстраваньне як у дыяпазоне праблем, так і ў мастацкіх сродках іх выяўленьня.

  • «We śnie w bólu słowa» (1979)
  • «Роздумы» (1981)
  • «Сезон у белых пейзажах» (1990)
  • «З неспакойных дарог» (1993)
  • «Дзьверы» (1994, разам з Алесем Разанавым)
  • «Лагодны час» (1998)
  • «Адплывае спакойнае неба» (1999)
  1. ^ Ян Чыквін Беларускія пісьменнікі Польшчы. Другая палова ХХ ст. / прадм. У. Конана. — Менск: Беларускі кнігазбор, 2000. — С. 453—474. — 576 с. — 2000 ас. — ISBN 985-6318-80-7
  2. ^ а б Пабыць у тым часе, які прамінуў на Часопісе
  3. ^ Дзёньнік рэдактара
  4. ^ “Бардаўская восень 2024” завяршылася ў Беластоку на Радыё Рацыя
  • Беларускія пісьменнікі Польшчы. Другая палова ХХ ст. / Уклад. Я. Чыквіна; Прадм. У. Конана, — Мн.: Беларускі кнігазбор, — 2000, — 576 ст.: іл., — ISBN 985-6318-80-7

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]