Перайсьці да зьместу

Далучэньне Заходняй Беларусі да БССР

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Савецкі прапагандысцкі плякат, дзе чырвонаармеец забівае польскага арла, як сымбаль вызваленьня беларускага і ўкраінскага народаў

Далучэньне Заходняй Беларусі да Беларускай ССР (Узьяднаньне Беларусі[1]) — улучэньне ў склад БССР тэрыторыі Заходняй Беларусі ў выніку нападу Савецкага Саюзу на Польшчу ў 1939 року.

Пасьля распаду Расейскай імпэрыі на этнічнай тэрыторыі беларусаў была абвешчаная Беларуская Народная Рэспубліка. Апынуўшыся між бальшавіцкай Расеяй, Польшчай і Летувой, яна, аднак, ня здолела адстаяць свой сувэрэнітэт. Паводле ўмоваў Рыскага пагадненьня 1921 року Беларусь разам з Украінай былі падзеленыя між Польшчай ды Расеяй. На «Крэсах усходніх» (так зваліся тэрыторыі Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны ў складзе Польскай рэспублікі) праводзілася асыміляцыя мясцовага насельніцтва, дыскрымінацыя беларускай мовы і праваслаўнай веры, перасьлед іншадумцаў. У адказ на гэта беларускі палітычны рух у Заходняй Беларусі пераходзіў на ўсё больш радыкальныя пазыцыі, усё больш сымпатызаваў СССР і інфільтраваўся савецкімі агентамі.

Наконадні Другой сусьветнай вайны савецкі ўрад, каб адтэрмінаваць вайну з гітлераўскай Нямеччынай, заключыў зь ёй шэраг дамоваў, адной зь якіх стаў «Пакт аб ненападзе» 23 жніўня 1939 року. Паводле сакрэтнага дадатку да пакту ўсходнія землі Польшчы сталі «сфэраю ўплыву» СССР.

17 верасьня 1939 году ўрад Савецкага Саюзу перадаў ноту польскаму амбасадару Гржыбоўскаму за подпісам народнага камісара замежных справаў Вячаслава Молатава пра тое, што «спынілі свае дзеяньні дагаворы, заключаныя паміж Польшчай і СССР». У якасьці прычыны прыводзіліся вынікі нямецкага наступу ў ходзе Польска-нямецкай вайны: «На працягу 10 дзён ваенных апэрацый Польшча страціла ўсе свае прамысловыя раёны і культурныя цэнтры. Варшава, як сталіца Польшчы, не існуе больш». Тым часам, з 13 верасьня ўрад Польскай Рэспублікі знаходзіўся ў Залешчыках (Тарнопальскае ваяводзтва) на мяжы з Румыніяй. У ноце ўрада СССР адзначалася, што «ў сувязі з такой абстаноўкай Савецкі ўрад аддаў распараджэньне Галоўнаму камандаваньню Чырвонай арміі даць загад войскам перайсьці граніцу і ўзяць пад сваю абарону жыцьцё і маёмасьць насельніцтва Заходняй Украіны і Заходняй Беларусі»[2]. Такім чынам, 17 верасьня 1939 року, дачакаўшыся разгрому Нямеччынай польскага войска ў Другой сусьветнай вайне, Савецкі Саюз перайшоў усходнюю мяжу Польшчы на падставе «абароны насельніцтва Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны». 18 верасьня 1939 году беларуская газэта «Зьвязда» выйшла пад агульным загалоўкам «Ніякія межы больш не падзеляць нашу родную зямельку — Беларусь»[3]. У выніку паходу заходняя і ўсходняя часткі беларускай тэрыторыі былі de facto аб’яднаныя, а з мэтай фармальнага «ўзьяднаньня» пачалося стварэньне мясцовых саветаў і народных сходаў.

1 кастрычніка 1939 году Бюро Цэнтральнага камітэту (ЦК) Ўсесаюзнай камуністычнай партыі бальшавікоў (УКП(б)) ухваліла Пастанову «Пытаньні і Заходняй Украіны і Заходняй Беларусі» з 33-х пунктаў. Паводле 1-га пункту, даручалася правесьці Народны сход у Беластоку з выбраных дэлегатаў з усёй тэрыторыі былых Беластоцкага, Віленскага, Наваградзкага і Палескага ваяводзтваў. 2 кастрычніка Бюро ЦК УКП(б) зацьвердзіла старшыняў Часовых кіраўніцтваў 4 былых ваяводзтваў. Старшынёй Беластоцкага часовага кіраўніцтва стаў Уладзімер Гайсін, які быў ураджэнцаў Гомля; Віленскага — Якаў Жылянін, які нарадзіўся ў вёсцы Гайна Лагойскага раёну; Наваградзкага — Пётар Бандарэнка; Палескага — Пётар Калінін родам з хутара Альховікі Віцебскай вобласьці. 22 кастрычніка 1939 году на выбарах у Народных сход Заходняй Беларусі абралі 926 дэлегатаў, сярод якіх былі: 563 селяніны (61 %), 197 работнікаў (21,3 %), 112 інтэлегентаў (12 %), 29 службоўцаў (3 %) і 25 саматужнікаў (2,7 %). Паводле народнасьці ў Народным сходзе налічваўся: 621 беларус (67 %), 128 палякаў (14 %), 72 жыды (7,8 %), 52 украінцы (5,6 %), 43 расейцы (4,6 %) і 10 прадстаўнікоў іншых народнасьцяў (1 %). 28 кастрычніка Народны сход адкрыў найстарэйшы дэлегат Сьцяпан Струг зь вёскі Маісеевічы Ваўкавыскага павету, якому было 68 гадоў. Запрошанымі гасьцямі Сходу ў Беластоку былі Якуб Колас і Янка Купала. Сход ухваліў 4 дэклярацыі: «Аб дзяржаўнай уладзе», «Аб уваходжаньні Заходняй Беларусі ў склад БССР», «Аб канфіскацыі памешчыцкіх зямель», «Аб нацыяналізацыі банкаў і буйной прамысловасьці». Народны сход зьвярнуўся да Вярхоўнага Савета СССР з просьбай прыняць Заходнюю Беларусь у склад спачатку СССР, а пасьля Беларускай ССР, каб «тым самым зьяднаць беларускі народ у адзіную дзяржаву і пакласьці канец разьяднаньню беларускага народа». 30 кастрычніка Паўнамоцная камісія Народнага сходу накіравала дэлегацыю з 66 прадстаўнікоў у Маскву, каб завесьці дакумэнтальны зварот. Таксама на Сходзе зацьвердзілі Рашэньне абвясьціць 17 верасьня Днём вызваленьня працоўных Заходняй Беларусі ад прыгнётку буржуазіі і памешчыкаў. 2 лістапада 1939 году Вярхоўны Савет СССР ухваліў Рашэньне аб прыняцьці Заходняй Беларусі ў склад СССР[1].

Адміністрацыйны падзел Беларусі ў 1940 року

14 лістапада 1939 Вярхоўны Савет БССР ухваліў Закон «Аб прыняцьці Заходняй Беларусі ў склад Беларускай ССР». На 3-й пазачарговай сэсіі ў Беластоку Закон падпісалі старшыня Прэзыдыўму Вярхоўнага Савета БССР Нічыпар Наталевіч і сакратар Прэзыдыўма Вярхоўнага Савета БССР Л. Папкоў. У Законе гаварылася: «Прыняць Заходнюю Беларусь у склад БССР і ўзьяднаць тым самым вялікі беларускі народ у адзінай беларускай дзяржаве». У выніку ўзьяднаньня колькасьць насельніцтва Беларускай ССР павялічылася з 5,6 млн да 10,3 млн чалавек[1].

Пераўладкаваньне

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паводле Закону ад 14 лістапада 1939 году «Аб прыняцьці Заходняй Беларусі ў склад БССР», Прэзыдыюму Вярхоўнага Савета БССР даручалася прызначыць на далучаных землях дзень выбараў дэпутатаў ад Заходняй Беларусі. Тым жа Законам ад 14 лістапада 1939 году прадугледжвалася адміністрацыйнае пераўладкаваньне земляў Заходняй Беларусі[1]. 2 сьнежня 1939 году была прынятая пастанова ЦА КП(б)Б «Аб мерапрыемствах па арганізацыі народай асьветы ў заходніх абласьцях БССР»[4]. 4 сьнежня 1939 году Прэзыдыюм Вярхоўнага Савету СССР выдаў загад аб стварэньні 5 вобласьцяў на захадзе Беларускай ССР: Баранавіцкай, Беластоцкай, Берасьцейскай, Вялейскай і Пінскай[1]. 27 сьнежня 1939 году была прынятая пастанова ЦК КП(б)Б «Аб арганізацыі сеткі прадпрыемстваў, устаноў і органаў мастацтва ў заходніх абласьцях БССР»[4]. 15 студзеня 1940 году Прэзыдыюм Вярхоўнага Савета БССР выдаў Указ аб стварэньні раёнаў у 5 новаўтвораных абласьцях, якія замянілі паветы. 24 сакавіка 1940 году ў 5 заходніх абласьцях Беларускай ССР прайшлі выбары ў Вярхоўныя Саветы СССР і БССР[1].

Паўторнае разьяднаньне

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

10 кастрычніка 1939 году ўрады Летувіскай Рэспублікі і СССР падпісалі Дамову, паводле якой Летуве перадалі Віленскую вобласьць плошчай 6900 кв.км, дзе большасьць насельніцтва складалі беларусы. 27 ліпеня 1944 году ў Маскве народны камісар замежных справаў СССР Вячаслаў Молатаў і старшыня Польскага камітэту нацыянальнага вызваленьня Эдвард Асубка-Мараўскі падпісалі Пагадненьне аб савецка-польскай мяжы. Паводле Пагадненьня, Польшчы аддалі Беласток, дзе 5-ю гадамі раней Народны сход Заходняй Беларусі прымаў рашэньне аб узьяднаньні[1]. Пасьля сканчэньня Другой сусьветнай вайны паводле ўмоваў Ялцінскай канфэрэнцыі большая частка Беластоцкай вобласьці адышла да Польскай Народнай Рэспублікі.

У 1939 годзе народны паэт Янка Купала напісаў верш «Ты з Заходняй, я з Усходняй нашай Беларусі» з нагоды ўзьяднаньня краіны пасьля ганебнага Рыскага падзелу[5]:

Ты з Заходняй, я з Усходняй
Нашай Беларусі,
Больш з табою ўжо ніколі
Я не разлучуся.

Твае коні, мае коні,
Пасьля дзён трывожных,
Будуць пасьвіціся разам
На лугу мурожным.

Янка Купала

У гонар дня 17 верасьня названыя вуліцы і пляцы ў розных беларускіх местах. 7 чэрвеня 2021 году А. Лукашэнка падпісаў Указ № 206 «Аб зьмяненьні Ўказа прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь», паводле якога заснаваў дзяржаўнае сьвята — Дзень народнага адзінства, якое было «адноўленае ў 1939 годзе». Сьвяткаваньне ўсталёўвалася 17 верасьня, бо «гэты дзень стаў актам гістарычнай справядлівасьці ў адносінах да беларускага народу, падзеленага супраць яго волі ў 1921 годзе ва ўмовах Рыскай мірнай дамовы, і назаўсёды замацаваўся ў нацыянальнай гістарычнай традыцыі»[6].

15 верасьня 2021 году Нацыянальнае кадастравае агенцтва Беларусі налічыла ў Рэестры назваў вуліц і дарог Зямельнага кадастру 167 вуліц і завулкаў, паркаў і плошчаў у паселішчах краіны, названых у гонар 17 верасьня 1939 году. Сярод іх, 67 такіх назваў вулічна-дарожнай сеткі Беларусі было ў Берасьцейскай вобласьці, 49 — у Менскай і 36 — у Гарадзенскай. Найноўшым быў парк Народнага адзінства ў Клімавічах (Магілёўская вобласьць), які атрымаў назву ў сьнежні 2021 году[7].

  1. ^ а б в г д е ё Алена Ляўковіч. «Вялікі беларускі народ у адзінай беларускай дзяржаве» // Зьвязда : газэта. — 14 лістапада 2020. — № 223 (29337). — С. 6. — ISSN 1990-763x.
  2. ^ Вячаслаў Молатаў. Нота ўрада СССР, уручаная польскаму паслу ў Маскве раніцай 17 верасьня 1939 году // Зьвязда. — 18 верасьня 1939. — № 215 (6492). — С. 1.
  3. ^ «Ніякія межы больш не падзеляць нашу родную зямельку — Беларусь» // Газэта «Зьвязда», 15 верасьня 2021 г. Праверана 19 верасьня 2021 г.
  4. ^ а б Севрук, В. Н. 14 ноября 1939 года завершился процесс воссоединения Беларуси // 7 дней. — 2004. — № 46. — С. 11.
  5. ^ Людміла Іванова. «Па сходзе многіх дзён я зноў зірнуў у вочы родным долам» // Жырандоля. — 17 верасьня 2022. — № 72 (598).
  6. ^ Указ № 206 ад 7 чэрвеня 2021 г. «Аб зьмяненьні Ўказа прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь» (карэктуецца Ўказ № 157 ад 26 сакавіка 1998 г. «Аб дзяржаўных сьвятах, сьвяточных днях і памятных датах у Рэспубліцы Беларусь») // Прэс-служба прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, 7 чэрвеня 2021 г. Праверана 10 чэрвеня 2021 г.
  7. ^ У Беларусі налічваецца больш за 160 элемэнтаў вулічна-дарожнай сеткі, зьвязаных з датай 17 верасьня // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 15 верасьня 2022 г. Праверана 15 верасьня 2022 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]