Перайсьці да зьместу

Алесь Карлюкевіч

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Алесь Карлюкевіч
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 6 студзеня 1964 (60 гадоў)
Зацітава Слабада, Пухавіцкі раён, Менская вобласьць, БССР
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці пісьменьнік, краязнаўца, літаратуразнаўца, журналіст
Мова беларуская
Узнагароды

Але́сь Мікала́евіч Карлюке́віч (нар. 6 студзеня 1964; Зацітава Слабада, Пухавіцкі раён, Менская вобласьць, цяпер Беларусь) — беларускі пісьменьнік, краязнаўца, літаратуразнаўца, журналіст. Міністар інфармацыі з 2017 па 2020 гады.

Скончыў аддзяленьне журналістыкі Львоўскай вышэйшай вайскова-палітычнай вучэльні (1985) і Акадэмію кіраваньня пры Прэзыдэнце Рэспублікі Беларусь (2002). У 1981—1995 гадах служыў ва Ўзброеных Сілах СССР і Рэспублікі Беларусь. Працаваў у газэтах «Зьвязда» (1995—1998), «Чырвоная зьмена» (1998—2002) — галоўны рэдактар, «Советская Белоруссия» (2002—2006). У 2006—2011 гадах дырэктар рэдакцыйна-выдавецкай установы «Літаратура і мастацтва». Адначасова ў 2009—2011 гадох галоўны рэдактар газэты «Літаратура і мастацтва», што ўваходзіла ў склад РВУ.

8 лістапада 2011 году прызначаны галоўным рэдактарам газэты «Зьвязда». Зь лістапада 2012 году — адначасова выконваючы абавязкі, са сьнежня 2012 — дырэктар-галоўны рэдактар Выдавецкага дому «Зьвязда». З кастрычніка 2011 году адначасова зьяўляецца старшынём Менскага абласнога аддзяленьня Саюзу пісьменьнікаў Беларусі.

З 15 сьнежня 2016 году стаў намесьнікам міністра інфармацыі Беларусі. 28 верасьня 2017 году быў прызначаны міністрам інфармацыі Рэспублікі Беларусь[1]. Працаваў на гэтай пасадзе да 3 чэрвеня 2020 году.

Дасьледуе гісторыю і культуру Пухавіцкага раёну. Аўтар раду краязнаўчых кніг. У тым ліку:

  • «Вяртанне да… Беларусі» (1994),
  • «За Цітаўкаю — Слабада» (1997),
  • «Літаратурная карта Пухаўшчыны» (1998),
  • «Далёкія і блізкія суродзічы» (1999),
  • «Ігуменскі блакнот» (2000),
  • «Рэкі і азёры ў паэзіі Рыгора Барадуліна» (2000),
  • «І векавечны толькі край» (2000),
  • «Ад зямлі, якая нарадзіла ці натхняе» (2001),
  • «Былое маё ажывае» (2002),
  • «Сцежкамі Ігуменшчыны» (2008),
  • «І марам волю дам» (2011)[2],
  • «Старонкі радзімазнаўства: Мясьціны. Асобы: краязнаўчыя нарысы» (Мн.: Звязда, 2013).
  • Марціновіч А. Карлюкевіч Алесь Мікалаевіч // Энцыкляпэдыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т. 6. Кн. 2. — Мн.: БелЭН, 2003. — С. 397.
  1. ^ Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 351 «Об А. Н. Карлюкевиче» (рас.). Национальный правовой Интернет-портал Республики Беларусь (28 верасня 2017).
  2. ^ Вольга Чайкоўская. Літаратурная карта радзімы // Зьвязда : газэта. — 19 лютага 2011. — № 112 (26976). — С. 6. — ISSN 1990-763x.