Часовая менская газэта

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Часовая менская газета
Chas min gav.jpg
Заснаваная 1812
Мова польская
Штаб-кватэра Менск

Часовая менская газэта (па-польску: «Tymczasowa gazeta Mińska») — беларуская штотыднёвая легальная газэта. Выдавалася ў Менску ў пэрыяд 18(1).7.1812 — 25(8).10.1812, падчас акупацыі Менску Напалеонам Банапартам. Першая газэта, якая была выдадзена ў Менску. Выйшла 25 нумароў. Друкавалася па-польску ў Менскай губэрнскай друкарні. Разавы тыраж нумару невядомы.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Газэта была заснавана праз 10 дзён пасьля ўваходу Напалеонаўскай арміі ў Менск (18 ліпеня 1812 году па старым стылі). Газэта распавядае пра падтрыманьне парадку ў горадзе, пра тое, як быў уладкаваны побыт мясцовых жыхароў, пра грашовыя і рэчавыя ахвяраванні, якія былі сабраныя мінчанамі для дапамогі «францускай арміі-вызваліцельніцы», пра справы напалеонаўскіх войскаў у вайне супраць Расейскай Імпэрыі.

Газэта ўтрымлівае шмат невядомых фактаў і прозьвішчаў мясцовых людзей, якія змагаліся на баку Напалеона ці падтрымлівалі Напалеонаўскую армію грашыма ці сродкамі. Цытата з 25 нумару:

« Найсвятлейшая Мацкевічава ашмянская земская суддзіха ахвяравала 12 фунтаў корпіі і бінтоў;

Ігнацій Даманскі, старшыня слуцкага земскага суда - дзьве ласкі масла, адну асьміну пшаніцы;

Элеанора Аземблоўская ротмістрша - 2 фунты корпіі

»

Таксама ў газэце прыводзяцца імёны 20 жыхароў тэрыторыі сучаснай Беларусі, якія былі ўзнагароджаны вышэйшай узнагародай Францыі — ордэнам Ганаровага легіёну. Многія з гэтых імёнаў былі б невядомыя без гэтай газэты.

Пасьля адступленьня частак Напалеона з Менску газэта была ліквідаваная.

Упершыню пасьля 1812 году газэта была заўважаная ў 1909 годзе. У пэрыядычным выданьні Рускага гістарычнага таварыства амаль усе нумары былі выкладзеныя на рускай мове, але скарочана. Матэрыялы былі названыя самастойнай гістарычная крыніцай, якая «впервые выступает как документ, дающий обширный материал для исследования политической, общественной и бытовой жизни прошлого»[1].

У 1910 годзе, пры выданьні кнігі «Отечественная война и Русское общество» (Москва, 1910—1912, Т. 1-7) гэтыя ж нумары былі крыху дапоўненыя і перавыдадзеныя.

Да 2000 году Нацыянальная бібліятэка Беларусі ня мела аніводнага экзэмпляру «Часовай Менскай Газэты». У 2000 годзе дырэктар Цэнтру напалеонаўскіх дасьледаваньняў (Францыя, Парыж), прафэсар Фэрнан Бакур памяняў ксэракопіі гэтай газэты на ксэракопіі некаторых рукапісаў часоў Напалеону[2].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Сборник Российского исторического общества(СРИО), СПб, 1909. Т.128.
  2. ^ Часовая Мінская Газета, 2008, Менск.