Беларус (1913)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Biełarus
Беларус газета.jpg
Тып тыднёвая газэта
Галоўны рэдактар
Заснаваная 13 студзеня 1913
Закрытая 30 ліпеня (12 жніўня) 1915
Палітыка каталіцкая газэта
Мова беларуская
Штаб-кватэра Вільня, Сямёнаўская вул. 6-5

«Беларус (Biełarus)» — тыднёвая каталіцкая газэта на беларускай мове(увесь наклад лацінкай), якая выходзіла з 13 (26) студзеня 1913 году ў Вільні па 30 ліпеня (12 жніўня) 1915 году.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Ініцыятарамі выданьня штотыднёвай газэты для беларускіх каталікоў былі сьвятары Францішак Будзька і Аляксандар Астрамовіч. Яе першым фармальным рэдактарам быў Антон Бычкоўскі, а пачынаючы зь пятага нумару (№ 1 за 1914 год, 3 студзеня) рэдатарам газэты «Biełarus» стаў былы каталіцкі сэмінарыст Баляслаў Пачопка, на прыватнай кватэры якога пазьней афіцыйна знаходзілася рэдакцыя газэты. Сябрамі рэдакцыі былі Ян Пазьняк і Антон Лявіцкі.

Фінансава выданьне тыднёвіка шмат падтрымлівала княгіня Магдалена Радзівіл, а таксама асобныя каталіцкія сьвятары і сьвецкія асобы. Ня раз сваёй парадай і ахвяраваньнем падтрымліваў гэтую каталіцкую газэту генэрал ордэну марыянаў літовец а. Юры Матулевіч (будучы біскуп Віленскі і блаславёны Каталіцкай Царквы).

Паводле ўспамінаў рэдактара газэты Баляслава Пачопкі, пачыналася выданьне так: «У 1912 г. Антон Бычкоўскі, работнік страхавой канторы, які меў вялікае жаданьне рабіць газэтную справу, атрымаў канцэсію на выданьне «Беларуса». Але дазвол ляжаў нерухома і можа ніколі б і ня быў ужыты, калі б не знайшоўся сьмяльчак — Ян Пазьняк, які, абуджаны «нашаніўцамі», прыйшоў да Бычкоўскага і сказаў яму, што нейкі час будзе выдаваць газэту за свае сродкі, і гэтак газэта пачала выходзіць».[1]

Эпіграфам у газэце былі словы з Эвангельля: «Шкада мне гэтага народу… бо ня мае што есьці» (Марк, 8, 2). Газэта мела на мэце задаволіць духоўныя патрэбы беларусаў-каталікоў і абудзіць іх нацыянальную сьвядомасьць, была разлічана пераважна на каталіцкую частку беларускіх сялянаў і інтэлігенцыі. Асьвятляла пытаньні рэлігійнага характару, якія не знаходзілі месца ў газэце «Наша Ніва», выдаўцы якой, да таго ж, прынялі рашэньне адмовіцца ад ад лацінкі і выдаваць сваю газэту толькі кірыліцай.

Газэта трымалася памяркоўнага грамадзкага накірунку, з павагай выказвалася пра іншыя народы, але крытыкавала паланізацыю і русіфікацыю беларусаў. Тым ня менш, ва ўмовах Сусьветнай вайны і на яе старонках зьявіліся «белыя плямы» цэнзараў.

У праграмным артыкуле рэдакцыя абвясьціла, што «будзе заўсёды стаяць на грунце хрысьціянска-каталіцкім, баронячы справу хрысьціянскую і беларускую», паважаючы іншыя народнасьці і веравызнаньні. Газэта агітавала беларусаў за разьвіцьцё нацыянальнай сьвядомасьці, заахвочвала да ўжываньня беларускай мовы ў набажэнствах.

Газэта мела аддзелы і рубрыкі: рэдакцыйныя артыкулы; вершы, аповесьці, апавяданьні і нарысы, каталіцкі касьцельны каляндар; сялянская гаспадарка; краёвая царкоўная і замежная хроніка; перапіска з уласнымі карэспандэнтамі, «усячына» (афарызмы, загадкі, незвычайныя здарэньні і інш.). Друкавала артыкулы на эканамічныя, палітычныя і сельскагаспадарчыя тэмы, казаньні сьвятароў на тэмы маралі і пэдагогікі, жыцьці сьвятых, малітвы.

У тыднёвіку друкавалі свае артыкулы і творы каталіцкія сьвятары, прыхільнікі беларусізацыі Каталіцкай Царквы ў Беларусі Францішак Будзька, Аляксандар Астрамовіч, Гэнрык Бэта, Казімер Сваяк, Ільдэфонс Бобіч (Пётра Просты), Уладзіслаў Талочка, Язэп Рэшаць і інш.

Друкаваліся літаратурныя творы Алеся Гаруна (пад псэўданімам А. Сумны), Антона Лявіцкага (Ядвігін Ш.), Альбэрта Паўловіча, Гальляша Леўчыка, Альфонса Петрашкевіча (Ф. Калінка), Язэпа Шпэта і інш. Газэта публікавала народныя казкі, песьні, паданьні, этнаграфічныя нарысы, апісаньні народных гульняў, зьвяртала ўвагу на сувязь беларускага фальклёру і традыцыйных абрадаў з хрысьціянскімі вобразамі і малітвамі. Вітаючы лепшыя бакі народнага характару беларусаў, адзначала і яго нясьмеласьць, пасіўнасьць, кансэрватызм прывычак.

Папа Піюс Х перад Вялікаднем 1914 годуа, на просьбу аднаго з супрацоўнікаў газэты «Biełarus», які ў той час быў у Рыме, блаславіў рэдактара, супрацоўнікаў і чытачоў газэты для беларускіх каталікоў.

Выхад газэты быў спынены ў сувязі з наступам немцаў і набліжэньнем расейска-нямецкага фронту да Вільні. Пасьля вайны шматкроць рабіліся спробы аднавіць выданьне «Беларуса». Баляслаў Пачопка разам з кс. Антонам Шышкам рабіў спробы аднавіць яе выданьне ў Беластоку. Аднак заўсёды аказвалася, што ўрэшце не хапала патрэбных дзеля гэтага грошай.

Выдавецкая дзейнасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дзякуючы фінансаваму спрыяньню Магдалены Радзівіл, рэдакцыя газэты «Biełarus» выдавала кнігі рэлігійна-маральнага зьместу: «Алкаголь», «Некалькі слоў аб пакуце», «З жаднаго закону», «Батлейка», «На што беларусу газэты», «Чалавек на вышыні сваёй годнасьці», «Выясьненьне абрадаў р.-к. касьцёла», кніжачкі да набажэнства «Бог з намі» і «Жыцьцё папежа Піюса Х». Апрача гэтага былі прыгатаваны да друку: «Жыцьцё сьвятых Божых»", «Гісторыя касьцёла», «Набажэнства маёвае» і іншыя.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Пачобка Б. «Беларус».[1]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]